У Палаце прадстаўнікоў прайшоў «круглы стол» па праблемах жыццеўладкавання інвалідаў
Інваліды — адна з самых неабароненых груп нашага грамадства. Хтосьці прыкаваны да ложка, а нехта не выйдзе без дапамогі са сваёй кватэры, бо інвалідная каляска не можа заехаць у ліфт... Праблем шмат. Пра тое, што робіцца для іх вырашэння беларускімі ўладамі, расказвалі выступоўцы на «круглым стале» «Жыццеўладкаванне інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: сітуацыя, праблемы, перспектывы», арганізаваным Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па працы і сацыяльных пытаннях.
Праблемы ёсць. А ці ёсць рашэнні?
Ларыса БАГДАНОВІЧ, намеснік старшыні вышэйзгаданай Пастаяннай камісіі, ведае пра жыццё інвалідаў з уласнай практыкі: да работы ў парламенце яна ўзначальвала Брэсцкі абласны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі «Тонус» для дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі.
Сёння дэпутат, акрамя закана-
творчай дзейнасці, працуе са зваротамі грамадзян. Апошнія ў асноўным звязаны з новай рэдакцыяй Закона «Аб сацыяльным абслугоўванні». Парламентарый у сваёй выбарчай акрузе сустракалася з прадстаўнікамі цэнтраў рэабілітацыі інвалідаў, з грамадскімі аб'яднаннямі, што прадстаўляюць правы інвалідаў, з маладымі інвалідамі і з сем'ямі, дзе ёсць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Яна ўпэўнена, што Рэспубліка Беларусь праводзіць паслядоўную дзяржаўную палітыку, накіраваную на паляпшэнне якасці жыцця сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, на павышэнне ўзроўню жыцця дарослых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. «Мы ўсе павінны памятаць, што дзяржава выдаткоўвае велізарныя сродкі на сацыяльную дапамогу, арганізацыю жыццядзейнасці фізічна аслабленых людзей», — падкрэсліла яна. Так, Ларыса Багдановіч заўважыла: бацькі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі задаволены, што сын ці дачка маюць магчымасць атрымаць адукацыю, медыцынскую і сацыяльную дапамогу.
У той жа час ёсць шмат праблем, якія яшчэ трэба вырашыць. «Сем'і наракаюць на тое, што памер сацыяльнай пенсіі і дапамогі за догляд недастатковы, спіс лекаў, што выдаюцца па льготных рэцэптах, няпоўны, а самі лекі — неэфектыўныя; інвалідныя каляскі — нязручныя і не праходзяць у ліфт, а прапаноў купіць іншыя, нават за ўласныя грошы, няма; артапедычны абутак нязручны і яго выдаецца недастаткова; паслугі няні, «сацыяльнай перадышкі» і кароткачасовага догляду дзяцей не прадастаўляюцца», — пералічыла набалелыя праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі Ларыса Багдановіч. Таксама яна дадала, што ў сем'ях, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід, маці часта ў прамым сэнсе прывязана да дома, яна не можа пры неабходнасці легчы ў бальніцу, а часам і проста схадзіць у магазін. Знайсці працу жанчыне таксама амаль немагчыма. Яшчэ адна праблема: калі дзіця-інвалід становіцца паўналетнім, то часта не можа самастойна працаўладкавацца.
Ле
кі не навучаць жыць сярод людзей
Цяпер ужо даказана, што эфектыўнасць рэабілітацыі інваліда наўпрост залежыць ад яго ўзросту. Чым больш яму гадоў, тым меншы эфект даюць працэдуры, закліканыя палепшыць здароўе чалавека з абмежаванымі магчымасцямі. Як паведаміла Алена БОГДАН, начальнік Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, з 2008 года ў Беларусі пачала развівацца эмбрыянальная хірургія плода. Больш за тое, сёння дзіцячыя хірургі, нейрахірургі і кардыяхірургі аперыруюць дзяцей на першых месяцах іх жыцця.
«У нас абсталяваны рэанімацыйныя брыгады, якія могуць транспартаваць дзіця, у залежнасці ад паталогіі, з любога месца Рэспублікі Беларусь у цэнтры абласнога ці рэспубліканскага ўзроўню, дзе будзе аказана неабходная дапамога», — расказала прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя.
Алена Богдан звярнула ўвагу на яшчэ адну праблему дзяцей-інвалідаў. У большасці выпадкаў яны вырастаюць сацыяльна неадаптаванымі, таму трэба больш увагі надаваць іншым відам рэабілітацыі, якія дапамогуць дзіцяці стаць паўнавартасным членам грамадства. Сёння Брэсцкі цэнтр «Тонус» сумесна з дзіцячым фондам ААН ЮНІСЕФ рэалізуе праект па ўключэнні інваліда з ранняга ўзросту ў сістэму сацыяльнай адаптацыі. «Медыкаментознае лячэнне дзіця можа атрымліваць гадамі, але спецыялісты-медыкі не навучаць дзіця жыць у грамадстве, не дадуць яму неабходных навыкаў па самаабслугоўванні, па сацыялізацыі», — заўважыла выступоўца.
Закранаючы тэму працоўнай занятасці людзей, што прызнаны недзеяздольнымі, Алена Богдан звярнула ўвагу на тое, што сёння на заканадаўчым узроўні паняцці «недзеяздольны» і «непрацаздольны» роўныя. «Насам-
рэч мы з вамі разумеем, што гэта не так і недзеяздольныя людзі могуць выконваць пэўныя віды работ, якія не патрабуюць спецыяльнага навучання», — падкрэсліла выступоўца. «Таму прапаную разгледзець варыянт распрацоўкі пастановы або іншага нарматыўнага акта, дзе былі б пералічаны пэўныя віды работ, якія могуць выконваць недзеяздольныя людзі».
Ад гурткоў да паўнавартаснай працы
Сёння ў краіне налічваецца больш як 530 тысяч інвалідаў, з іх амаль 28 тысяч — дзеці. Аляксандр РУМАК, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны, нагадаў, што для таго, каб інваліды з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця маглі нармальна ўдзельнічаць у жыцці грамадства, работа з імі павінна праводзіцца з самага дзяцінства. «Такая сістэма працы ў нашай краіне створана — яна грунтуецца на базе цэнтраў карэкцыйнага развіцця, навучання і рэабілітацыі Міністэрства адукацыі, — падкрэсліў намеснік міністра. — Далейшая сацыялізацыя інвалідаў затым пераходзіць у сістэму працы і сацыяльнай абароны».
З 2010 года ў карэкцыйных цэнтрах арганізавана аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў. Сёння працуе 151 такое аддзяленне, на пастаяннай аснове іх наведваюць звыш 4 тысяч чалавек. У сярэднім адно аддзяленне мае 27-30 наведнікаў.
Для замацавання інвалідамі набытых у цэнтрах ведаў і развіцця новых бытавых і творчых навыкаў у аддзяленнях працуе 183 рэабілітацыйна-працоўныя майстэрні, якія наведвае 1615 чалавек, таксама арганізавана праца гурткоў і секцый па інтарэсах. З улікам захворванняў інвалідаў, найбольш распаўсюджаны майстэрні па рамонце кніг, паліграфіі, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, вырабе сувенірнай прадукцыі, раслінаводстве, вырабе свечак, дрэваапрацоўцы, ганчарнай справе. Як адзначыў Аляксандр Румак, майстэрні цесна ўзаемадзейнічаюць з аддзеламі працаўладкавання — усяго створана 104 працоўныя месцы. Такім чынам, інваліды маюць магчымасць уладкавацца на працу і атрымаць працоўны стаж.
---------
Падводзячы вынікі «круглага стала», Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Уладзімір ВАСІЛЕНКА адзначыў, што вялікае значэнне ў вырашэнні пытанняў жыццеўладкавання інвалідаў мае далейшае развіццё механізмаў сацыяльнага партнёрства паміж дзяржавай і недзяржаўнымі структурамі, грамадскасцю і сям'ёй. Парламентарый выказаў упэўненасць, што ўкараненне і выкарыстанне новых сучасных формаў і падыходаў будуць садзейнічаць не толькі вырашэнню пытанняў гэтай катэгорыі грамадзян, але і павышэнню якасці іх жыцця.
Надзея ЮШКЕВІЧ.
Даведка «Звязды»
У Мінску на 1 лютага 2014 года сацыяльныя пенсіі дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў склалі ад 902 456 рублёў да 1 240 877 (памер пенсіі залежыць ад ступені страты здароўя). Сума дапамогі па доглядзе інвалідаў 1 групы склала 1 128 070 рублёў.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.