Што робіць дзяцей больш разумнымі ва ўзросце да 10 гадоў? Каб высветліць гэта, адзін амерыканскі журналіст азнаёміўся з шэрагам навуковых даследаванняў і вось да якіх высноў прыйшоў.
1.Урокі музыкі
У параўнанні з дзецьмі з кантрольных груп дзеці, так бы мовіць, з музычных груп дэманструюць большы каэфіцыент інтэлектуальнага развіцця. Аказваецца, музычная адукацыя здольная даць вучням на ўроках шэраг пераваг. Паводле некаторых даследаванняў, музычныя ўрокі дапамагаюць і дарослым таксама. Сцвярджаецца нават, што яны запавольваюць некаторыя наступствы працэсаў старэння, найперш інтэлектуальнага.
2.Тупыя «качкіʹ» — міф
Тупы «качок» тупіць толькі таму, што праводзіць больш часу ў спартзале, а не ў бібліятэцы. Аднак што перашкаджае бацькам зрабіць так, каб дзеці бывалі і там, і там? Калі вы ў добрай фізічнай форме, пазнавальныя здольнасці павышаюцца. Нямецкія вучоныя высветлілі, што пасля фізічных практыкаванняў людзі запамінаюць новыя словы са слоўніка на 20% хутчэй, чым да заняткаў. Жыццё з рэгулярнымі фізічнымі нагрузкамі на працягу трох месяцаў на 30% павялічвае прыток крыві да той часткі галаўнога мозга, што адказвае за памяць і пазнанне.
3.
Не чытайце дзецям. Чытайце разам з дзецьмі
Прыцягвайце ўвагу дзіцяці не проста да карцінак, а да слоў у кнізе. Менавіта чытанне разам ператвараецца ў эфектыўны інструмент ранняй адукаванасці.
4.Дэфіцыт сну спрыяе неразумнасці
Мозг шасцікласніка, які недаспаў адну гадзіну, ператвараецца ў мозг чацвертакласніка. Заўважана: падлеткі-выдатнікі спяць у сярэднім на 15 хвілін даўжэй за «харашыстаў», а тыя на 15 хвілін даўжэй за «троечнікаў». Значэнне мае кожная чвэрць гадзіны!
5.Каэфіцыент разумовага развіцця — нішто, самадысцыпліна — усё
Дзясяткі даследаванняў паказваюць, што сіла волі — самая важная звычка, якая забяспечвае асабісты поспех. Вучні з большай сілай волі атрымліваюць больш высокія адзнакі, паступаюць у ВНУ з больш строгім адборам, радзей прапускаюць заняткі, менш часу праводзяць перад тэлевізарам і больш за хатнімі заданнямі. Самадысцыпліна, а не каэфіцыент разумовага развіцця дазваляе палепшыць паспяховасць на працягу вучэбнага года. Адзнакі — у большай ступені вынік добрасумленнасці, а не інтэлекту. Настойлівасць і ўпартасць гарантуюць і поспех на працы. Такія людзі наогул даўжэй захоўваюць шлюб, добрае здароўе, даўжэй жывуць. Настойлівасць не звязана з дапытлівасцю, гэта проста мэтанакіраванасць у дасягненні доўгатэрміновых мэт.
6.Пазнанне — працэс актыўны
Цацкі і гульні, якія трэніруюць мозг, амаль нічога не даюць. Ёсць нават падставы меркаваць аб адваротным эфекце! Сапраўднае пазнанне — гэта не пасіўны працэс. Наш мозг развіваецца тады, калі мы робім нейкія рэчы, а не тады, калі чуем пра іх. Таму лепш дзве траціны часу праводзіць за самаправеркай, а не за простым паглынаннем тэкстаў. Калі вам неабходна запомніць нейкі ўрывак, лепш патраціць 30% часу на яго чытанне, а 70% — на праверку атрыманых ведаў.
7.Ежа ў патрэбны час
Вядома, што ў дзень важнага экзамену трэба з'есці добры сняданак. Даследаванні паказваюць, што лепшай з'яўляецца ежа з вялікай колькасцю вугляводаў і клятчаткі, якая павольна засвойваецца. Ніводнае дзіця не ўжывае пастаянна толькі здаровую ежу. Але бяда ў тым, што дзеці часта харчуюцца «дрэннай» ежай у неналежны час. Даследаванні паказваюць, што кафеін і цукар могуць узмацняць дзейнасць галаўнога мозга. Кафеін і глюкоза спрыяльна адбіваюцца на разумовых здольнасцях, узмацняюць увагу. Калі вы хочаце даць дзіцяці цукерку або шклянку ліманаду, зрабіце гэта, калі яно вучыцца, а не адпачывае.
8.Шчаслівае — паспяховае
Шчаслівыя, задаволеныя дзеці часцей становяцца паспяховымі, выхаванымі і адукаванымі дарослымі. Шчаслівыя людзі больш паспяховыя ў рабоце, каханні, у іх большыя шанцы ўзяць шлюб і быць у ім задаволенымі. Першы крок да таго, каб зрабіць дзіця шчаслівым, — быць шчаслівымі бацькамі.
9.Равеснікі — гэта важна
Генетыка бацькоў аказвае велізарнае ўздзеянне на ўласных дзяцей. У такіх рэчах, як інтэлектуальныя здольнасці і некаторыя рысы характару біялагічныя дзеці падобныя да сваіх бацькоў. Метады выхавання маюць меншае значэнне. Самае ж вялікае ўздзеянне на паводзіны і ўчынкі дзяцей аказваюць равеснікі. Важна жыць у добрым раёне, вучыць дзяцей у добрай школе, рабіць так, каб дзіця мела стасункі з добрымі дзецьмі. Як студэнту «падцягнуць» паспяховасць? Падабраць разумнага суседа па пакоі — ад яго можна заразіцца добрымі звычкамі.
10.Верце ў яго
Устаноўлена, што калі настаўнікам кажуць, што некаторыя дзеці разумнейшыя за іншых, гэтыя дзеці пачынаюць лепш вучыцца — няхай нават гэта было сказана наўгад. Настаўнікі пачынаюць паводзіць сябе так, што вучням хочацца «адпавядаць».
P. S. І яшчэ. Інтэлект баз маралі і ўмення спачуваць — гэта страшна. Як сказаў нехта з вялікіх: «Разумныя людзі рэдка пачынаюць бойкі ў барах, але неразумныя рэдка ствараюць вадародныя бомбы»
Святлана Барысенка.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.