Якія дзівосы хаваюцца на самым усходзе Беларусі
Мсціслаў сустрэў новымі шматпавярховікамі, пабеленымі і падрэзанымі дрэвамі. Шчыра кажучы, невялічкі райцэнтр на самай мяжы з Расіяй прыемна здзівіў. Зрэшты, гэта цяпер ён невялічкі, а былі часы, калі горад быў цэнтрам Мсціслаўскага княства, а пазней — ваяводства, у склад якога ўваходзілі Магілёўскі, Крычаўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі паветы... Не дзіва, што дзякуючы багатай гісторыі Мсціслаў называюць «беларускай Вільняй» ці «беларускім Суздалем».
Нашы гонар і слава
Ад чыгуначнай станцыі Ходасы да Мсціслава трэба ехаць яшчэ 15 кіламетраў на аўтобусе. Прыватны перавозчык Жора, які ўжо сустракае цягнік, прапануе нам даехаць за 10 тысяч рублёў: маўляў, усяго на тысячу даражэй за аўтобус, затое не трэба 40 хвілін чакаць. Пагаджаемся і ўязджаем у горад пад гукі рускага шансона. «Справа пошта, злева — гасцініца «Віхра». Дом культуры прыгожы, можаце пафатаграфаваць. Касцёлы, цэрквы, Замкавая гара...» — імгненна арыентуе нас словаахвотлівы Жора, які рады дапамагчы, даведаўшыся пра тое, што мы прыехалі з Мінска.
Каб хоць крыху адчуць горад і пранікнуцца яго атмасферай, варта пачытаць эсэ Уладзіміра Караткевіча «Дыяментавы горад». «Мсціслаў — кропля, асколак люстэрка, у якім адбіваюцца сонца і зоры і ўся няпростая гісторыя Беларусі. Горад, які, здаецца, нічым асаблівым не вызначаецца перад іншымі гарадамі, якіх на Беларусі сотні. Але паглядзіце на яго — і нібы ў фокусе адаб'ецца ў ягонай гісторыі ўвесь наш гонар і наша слава». Класік сапраўды мае рацыю: у старажытным горадзе захавалася нямала сведчанняў слаўнай мінуўшчыны. Менавіта яны вабяць сюды тысячы турыстаў з усёй Еўразіі. Для іх, спецыяльна да Года гасціннасці, мясцовыя ўлады склалі каляндар турыстычных мерапрыемстваў, куды ўвайшлі як традыцыйныя, так і дзяржаўныя беларускія святы. Адной з самых значных падзей у Мсціславе з'яўляецца Фестываль мастацтваў імя заснавальніка беларускай прафесійнай музыкі Мікалая Чуркіна. Фестываль праходзіць ужо 12 гадоў, і штогод у ім бярэ ўдзел аркестр Міхаіла Фінберга, прыязджаюць і «зоркі» беларускай эстрады.
Але ж сапраўдная цікавінка Мсціслава — рыцарскі фэст, што ладзіцца тут ужо шэсць гадоў запар. Два дні ўвесь горад жыве сярэднявеччам — кожны аб'ект, уключаючы гандлёвыя палаткі, кухні, месцы адпачынку, аформлены ў адпаведным стылі. Асноўныя мерапрыемствы — рыцарскія турніры, выступленні фольк-калектываў і многае іншае — праходзяць на Замкавай гары. Гэта помнік археалогіі 20-метровай вышыні. Калісьці на ім высілася непрыступная крэпасць, з усіх бакоў акружаная вадой. Ідэальнае месца для свята эпохі рыцараў, якое, дарэчы, сёлета пройдзе 26—27 ліпеня. «Ужо цяпер гасцініца «Віхра» поўнасцю забраніравана расійскімі турыстамі — гэта амаль сотня гасцей», — кажа начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама Наталля БІСКУП.
Зрэшты, апроч «Віхры», гасцей фестывалю размяшчаюць яшчэ ў 80-меснай гасцініцы пры аддзеле адукацыі, спорту і турызму, двух студэнцкіх інтэрнатах і, напэўна, у самых «рамантычных» апартаментах — у будынку былога спальнага комплексу калегіума езуіцкага кляштара XVІІ стагоддзя. А на тэрыторыі былой мужчынскай гімназіі многія госці свята разбіваюць палатачны гарадок. Фэст настолькі папулярны, што летась сабраў каля 15 тысяч наведвальнікаў, і штогод колькасць гледачоў павялічваецца. Не дзіва, што гэтае свята прыносіць раёну добры прыбытак: з 700 млн рублёў, якія зарабілі летась установы культуры,
300 млн прыйшлося на тыя два дні, што ладзіўся фэст.
Хочаш жыць у «Парыжы» — едзь у Мсціслаў!
Падчас рыцарскіх забаў ствараць сярэднявечную атмасферу ў горадзе дапамагаюць не толькі дэкарацыі, але і сапраўдныя архітэктурныя помнікі. Калі стаць у цэнтральным парку і паглядзець вакол сябе па ходзе гадзіннікавай стрэлкі, можна ўбачыць сабор Аляксандра Неўскага (кажуць, пад ім існуе сістэма падземных хадоў), будынак мужчынскай гімназіі (цяпер у закансерваваным выглядзе ён чакае інвестараў для рэстаўрацыі), езуіцкі калегіум, кармеліцкі касцёл XVІІ стагоддзя... Па гістарычным цэнтры распрацавана пешаходная экскурсія, падчас якой можна пераходзіць ад аднаго гісторыка-культурнага аб'екта да другога літаральна «дзверы ў дзверы».
Напрыклад, аналаг мсціслаўскай пажарнай каланчы захаваўся толькі ў Брэсцкай вобласці. Ёсць тут і абсалютна ўнікальны лямус (двухпавярховы будынак з арачнай галерэяй у два паверхі), і амаль 350-гадовая драўляная царква, пабудаваная без адзінага цвіка. З гэтай царквой звязана досыць цікавая гісторыя. У савецкія часы храм быў завалены ўгнаеннямі. А ўжо ў наш час адна мясцовая жыхарка ўбачыла сон, у якім Збавіцель даручыў ёй аднавіць храм. Разам са старэйшай сястрой яна прывяла царкву ў парадак. Цяпер той жанчыне за 80 гадоў, два гады таму адышла да Бога сястра, а яна ўсё яшчэ даглядае храм.
У кампаніі дырэктара Мсціслаўскага раённага гісторыка-археалагічнага музея Уладзіміра Шылянкова і навуковага супрацоўніка Валянціны Цімашковай крочым па горадзе. Яшчэ адна яго адметнасць — забудова гарадскога цэнтра XVІІІ — пачатку XІX стагоддзя. Захавалася яна адносна добра, хоць значную частку знішчыў пажар. Сярод таго, што дайшло да нашых часоў, будынкі былога казначэйства і земскай управы і цэлы квартал гандлёвых радоў (раней яны займалі два кварталы). Тут былі як мінімум тры фотаатэлье, цырульня, крамы... Цяпер у гэтых збудаваннях (кожнае з якіх, дарэчы, мае сутарэнні) жывуць людзі. А некаторыя дамы захавалі адметныя назвы: «Лондан», «Парыж», «Рым»... Раней была такая мода — даваць гучныя назвы будынкам. Размяшчаліся ў іх розныя ўстановы: гасцініцы, банкі. У «Парыжы» сёння, напрыклад, цырульня, а таксама жылыя кватэры. Як кажуць мясцовыя жыхары, назвы гэтыя ўзнікалі не проста так — яны з'яўляліся сведчаннем высокай культуры горада.
Помнікі чакаюць подыху жыцця
Пра былы росквіт сведчаць і колішняя гандлёвая плошча, якая была не толькі эканамічным, але і адміністрацыйным цэнтрам горада: тут стаяла ратуша, і комплекс былога кляштара езуітаў з касцёлам, аптэкай і калегіумам. Цяпер на будынак касцёла, які спрабавалі рэстаўраваць, але спынілі гэтую справу на няпэўны час, сумна ўказвае ўвекавечаны ў помніку першадрукар і асветнік Пётр Мсціславец (дарэчы, у горадзе ёсць два помнікі знакамітаму земляку). А насупраць яго бялее будынак ужо згаданай былой мужчынскай гімназіі, дзе ў пазнейшы час знаходзіўся педінстытут, які сярод іншых скончыў вядомы беларускі паэт Аркадзь Куляшоў.
А цераз дарогу, за колішнім казначэйствам, вачам адкрываецца нешта не зусім зразумелае — нетынкаваная цагляная вежа былой Траецкай царквы, якая пераходзіць у фарбаваную белым і блакітным колерамі будыніну савецкага тыпу з закратаванымі вокнамі. У гэтым дзіўным збудаванні знаходзіцца музей навучальнай установы, будынак якой стаіць адразу за ім. Гэта колішняе павятовае вучылішча. З 1870-х гадоў і па сёння тут ідзе няспынны навучальны працэс: пасля вучылішча была і яўрэйская школа, і сярэдняя, якую, як сведчыць надпіс на адпаведнай шыльдзе, скончыў знакаміты гісторык і археолаг Міхась Ткачоў. Цяпер у ярка-блакітным будынку змяшчаецца будаўнічы прафесійна-тэхнічны каледж, тэрыторыя вакол якога старанна ўпрыгожана клумбамі і рознымі скульптурнымі кампазіцыямі.
Шмат цудаў можна сустрэць у Мсціславе і яго ваколіцах, пра якія ў адным артыкуле і не раскажаш. Варта ўбачыць неверагоднай прыгажосці кармеліцкі касцёл XVІІ стагоддзя, вядомы сваімі ўнікальнымі фрэскамі на свецкую тэматыку. Выявы адлюстроўваюць так званую «трубяцкую разню» — забойства войскамі цара Аляксея Міхайлавіча гараджан і манахаў. Асобна вартыя ўвагі Крыжаўздвіжанская і Аляксандра-Неўская цэрквы, з якімі звязаны гарадскія паданні. Нельга абмінуць увагай і мсціслаўскі музей, што знаходзіцца ў будынку колішняй паштовай станцыі. У ім багатая экспазіцыя, але, бадай, самым цікавым экспанатам з'яўляецца знойдзены ў рацэ Віхры сапраўдны рыцарскі шлем XV стагоддзя, якога няма больш ні ў адным музеі Беларусі і ўсёй Усходняй Еўропы.
Хочацца верыць, маленькі і ўтульны казачны гарадок, што стаіць на шасці пагорках і амываецца больш чым дзясяткам крыніц, калісьці зноў набудзе былую славу, — напрыклад, з атрыманнем статуса запаведніка. Але для гэтага яшчэ нямала трэба зрабіць: і аднавіць гістарычныя будынкі, і распрацаваць гарадскую інфраструктуру. Відавочна, што людзі, якія тут жывуць, сапраўды любяць свой горад і ганарацца ім — не штучна, а ад чыстага сэрца. І гэта дорыць надзею.
Дзіяна СЕРАДЗЮК.
Фота Надзеі БУЖАН.
Мінск — Мсціслаў — Мінск.
Аўтар выказвае падзяку Мсціслаўскаму райвыканкаму і Мсціслаўскаму гісторыка-археалагічнаму музею за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».