Гродзенская каманда стала пяціразовым чэмпіёнам Беларусі
Пераможца чэмпіянату Беларусі па хакеі стаў вядомы ў шостым матчы фінальнай серыі. Заключная гульня прайшла ў Мінску на «Чыжоўка-Арэне» пры пяцітысячнай аўдыторыі.
Лік у матчы адкрыў хакеіст «Юнацтва» Аляксандр Бараўкоў, у другім перыядзе Сяргей Маляўка аднавіў раўнавагу. Больш шайбаў у асноўны час забіта не было, хоць галявыя моманты былі ў абедзвюх камандаў. Варатары Віталь Бялінскі і Ігар Брыкун надзейна абаранялі свае вароты. З самага пачатку авертайма гродзенцы завалодалі перавагай, у адным з небяспечных момантаў Алег Шафарэнка быў вымушаны сфаліць і за гэта атрымаў двуххвілінны штраф. Хакеісты «Нёмана» хутка змаглі рэалізаваць колькасную перавагу, і на 13-й хвіліне авертайма Вячаслаў Лісічкін прынёс перамогу сваёй камандзе.
Такім чынам, «Нёман» пяты раз заваяваў тытул чэмпіёна Беларусі. Раней клуб станавіўся наймацнейшым у 1998, 1999, 2001 і 2013 гадах, а таксама заваёўваў 4 сярэбраныя і 5 бронзавых камплектаў узнагарод.
На пасляматчавай прэс-канферэнцыі трэнер чэмпіёнаў Сяргей Пушкоў
сказаў, што гэтае дасягненне — галоўнае ў яго трэнерскай кар'еры. Настаўнік выказаў шкадаванне, што выйграць не ўдалося на хатнім лёдзе перад сваімі заўзятарамі і падзякаваў гродзенскім аматарам хакея, якія змаглі прыехаць у Мінск падтрымаць каманду.
Трэнер мінскага «Юнацтва» Міхаіл Захараў у сваю чаргу адзначыў, што «Нёман» перамог заслужана, гульня гродзенскай каманды ў плэй-оф стала больш дынамічнай і больш актыўнай, таму іх поспех заканамерны.
Дар'я Лабажэвіч
Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка павіншаваў хакейную каманду «Нёман» з перамогай у 22-м чэмпіянаце Беларусі па хакеі ў экстралізе. «Сваёй гульнёй вы прынеслі сапраўднае задавальненне балельшчыкам і, упэўнены, сталі прыкладам для пераймання тысячам юных хакеістаў. Так трымаць!» — пажадаў Прэзідэнт спартсменам.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.