Карэспандэнт «Звязды» змяніла ручку на мятлу і пайшла наводзіць чысціню
Напярэдадні першага красавіцкага суботніка на пад'ездах з'явіліся аб'явы, якія заклікалі жыльцоў узяць удзел у добраўпарадкаванні мікрараёна пасля зімы. «Хочаш жыць у чысціні — пачні з сябе», — падумала я і вырашыла адгукнуцца на запрашэнне ЖЭСа.
Ідзіце... лесам
У суботу раніцай выпраўляюся ў ЖЭС. Каля ганка ў клумбе корпаецца нейкая жанчына. «Ну што ж, ужо буду не адна», — падумалася з палёгкай. Уваходжу ў будынак і трапляю ў атмасферу сапраўднага суботніка: дзве па-спартыўнаму апранутыя дзяўчыны мітусяцца ў пошуках рыштунку для прыборкі і фарбавання. Кажу, што хацела б далучыцца да суботніка. «А вы хто? Жыліца? — чую ў адказ. — Пачакайце, зараз вам дадуць інвентар. А дзе б вы хацелі папрацаваць?» Адказваю, што гэта не мае значэння. «Ну, тады можаце далучыцца да астатніх жыльцоў, яны выказалі жаданне прыбрацца ў лесе каля бегавой дарожкі». У якасці пацвярджэння мне паказваюць адпаведную заяву ад жыльцоў, падпісаную чатырма прозвішчамі...
Настроіўшыся на плённую працу ў кампаніі чатырох свядомых пенсіянераў, кіруюся ў лес, што знаходзіцца літаральна ў двух кроках і аддзяляе жылыя кварталы ад кальцавой дарогі. Калісьці гэта было ўлюбёнае месца адпачынку жыхароў раёна. Тут, сярод гонкіх соснаў, былі ўсталяваныя лавы і альтанкі, алеі асвятляліся ліхтарамі. Але цягам апошніх дзесяцігоддзяў лес усё больш зарастаў хмызняком, альтанкі зніклі, правады на ліхтарах пазразалі, на апошніх уцалелых лавачках вечарамі ўсё часцей можна было ўбачыць не мам з каляскамі, а няпэўнага ўзросту мужчын з танным алкаголем. Аднак калі ўлетку пасярод лесу ўзяліся будаваць комплекс будучага «клуба аматараў бегу» (пад яго меркавалася знішчыць значную частку дрэў), жыхары сур'ёзна занепакоіліся, пачалі збіраць подпісы, праводзіць праверкі... У выніку былі знойдзены парушэнні, і будаўніцтва прыпынілася. І вось цяпер вырашылі ўзяцца за добраўпарадкаванне лясной тэрыторыі.
Думкі скрозь пыл
Знайсці патрэбнае месца аказалася нескладана: зеленбудаўская тэхніка — тры трактары — і людзі з граблямі ў руках былі відаць здалёк. Прыемна здзівіла тое, што шчыравалі ў лесе паўтара дзясятка людзей пераважна сярэдняга ўзросту. Некалькі жанчын збіралі ў кучы апалыя ігліцу, шышкі і голле, мужчыны чысцілі лес ад здзічэлага кустоўя. Адзін з іх разам з сынам-падлеткам зграбаў намеценыя кучкі на цырату і пераносіў у кузаў аднаго з трактароў, на кабіне якога красамоўная расцяжка з надпісам «Дзмітрый» не пакідала сумневаў у імені кіроўцы. Моладзь сярод усёй гэтай кампаніі прадстаўлялі два хлопчыкі, два трактарысты і я.
Цётачка ў зеленбудаўскай камізэльцы, якая зграбала смецце, накіравала мяне да майстра — маладзіцы ў сіняй робе з прыгожым кідкім манікюрам. Што ні кажы, а сучасныя жанчыны ўмеюць пераканаць, што прыгажосць нават пры такой працы — не перашкода. Паколькі ўсе граблі ўжо разабралі, мне сказалі браць мятлу і расчышчаць заасфальтаваную дарожку, якая ўзнікала ніадкуль і цягнулася да канца лесапаласы.
Месці аказалася не так ужо і лёгка: інструмент не слухаўся, таму справа ішла даволі марудна. Затое, як высветлілася, механічная праца на свежым паветры спрыяе працэсам мыслення. Працавалі ўсе самааддана і моўчкі, лясную цішыню перарэзваў хіба што шоргат інвентару, гул машын, што праязджалі побач, ды неймаверная папса, якая неслася з кабіны трактара. Смецця кшталту недакуркаў, коркаў, паперак амаль не было; прыбіралі тое, што пакінула сама прырода: леташняе лісце, шыпулькі і г.д. Паглыбіўшыся ў думкі, я так старанна ганяла вакол сябе пыл, што не адразу ўбачыла сівую сухенькую бабульку, якая ўзнікла перада мной. «Каго гэта чакаюць, што так усё чысцяць?» — пацікавілася старая. — «Ды не чакаюць, — адказваю, — проста на суботнік людзі выйшлі». — «Ну, калі самі выйшлі, значыць, свядомыя?..» — зрабіла выснову кабета і задумліва патупала па яшчэ не падмеценай дарожцы.
Працяг будзе...
Праз паўгадзіны, паглядзеўшы на мае пакуты, мажная кабета ў аранжавай камізэльцы і з такога ж колеру валасамі параіла мне: «Ты з боку ў бок мяці, так ямчэй будзе». Я паспрабавала. Спачатку было нязручна, а пасля прызвычаілася, і справа пайшла не толькі ямчэй, але і хутчэй. «Во, прафесійна працуе, наш чалавек! — ухваліла жанчына. — Нам якраз людзі патрэбны, і хлопцы маладыя ў нас ёсць...»
...Праз дзве гадзіны манатонных махаў мятлой сілы пачалі заканчвацца. А канца дарожцы відаць не было. Але не кідаць жа працу на палове! «Трэба вызначыць рысу, да якой дамяцём, і спынімся на гэтым», — прапанавала жанчына пенсійнага ўзросту, якая выканала сваю працу і далучылася да мяне. Жанчына штохвілінна захаплялася спрытнасцю, з якой маленькі трактар-пагрузчык скідваў сабранае смецце ў кузаў вялікага трактара, і махала вакол сябе мятлой, не кранаючы смецця... «Усё, дзяўчаты, закругляемся, здароўе скончылася раней, чым мы думалі», — нечакана вынырнуўшы з кустоўя, абвясцілі яшчэ некалькі жанчын, якія вярталіся, каб здаць інструменты.
З горам напалам дамёўшы дарожку да бліжэйшага павароту, я паклала мятлу ў вызвалены ад смецця кузаў трактара. Перад адыходам жыльцы сабраліся і сталі дзяліцца планамі: трэба паставіць новыя лавы, правесці святло, пачысціць ад ламачча і смецця ўвесь лес. Крыху паслухаўшы, я развіталася. «Дзякуй вам, прыходзьце ў наступную суботу!» — сказала наўздагон майстар. Прыйду. Можа, сюды, а можа, у іншае месца. Бо хачу, каб у маім Доме, які не абмяжоўваецца парогам уласнай кватэры, было чыста.
Дзіяна СЕРАДЗЮК.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.