Адукаваны чалавек — гэта прыклад для пераймання. Сваімі ведамі ён не толькі заслугоўвае павагу ў грамадстве, але і стварае падмурак для будучай паспяховай самарэалізацыі. Мая суразмоўца — цікавая дзяўчына, у асобе якой гарманічна спалучаецца знешняя і ўнутраная прыгажосць. Дзевяцікласніца Дар'я Кулік з ліку тых людзей, якімі па праве ганарыцца наша школа.
— Дар'я, летась ты стала пераможцай раённай алімпіяды. Раскажы, калі ласка, пра свой поспех...
— Сапраўды, у канкурэнтнай барацьбе я здабыла першае пераможнае месца па геаграфіі, другое — па біялогіі і трэцяе — па хіміі. Было нялёгка, таму што рыхтавацца да выпрабаванняў па гэтых прадметах давялося амаль што адначасова.
— Чаму выбрала менавіта гэтыя прадметы?
— Мне падабаюцца геаграфія і біялогія, ды і з хіміяй сябраваць атрымліваецца. Геаграфія захапіла адразу, бо ўзяла верх цікавасць да ўсяго, што існуе вакол нас. Імкнуся кожны дзень паглыбляць свае веды...
— А якія прадметы са школьнага раскладу прыцягваюць тваю ўвагу не менш за вышэйзгаданыя?
— Англійская мова, алгебра, гісторыя, руская мова. Іх я добра разумею. Дарэчы, замежнай мовай займаюся даволі працяглы час і імкнуся да свабоднага валодання ёю.
— Дар'я, ці ёсць у цябе хобі?
— З задавальненнем чытаю фантастычную і прыгодніцкую літаратуру, выконваю любімыя кампазіцыі на піяніна, калі падобнае можна назваць хобі.
— Ці ўзнікалі ўжо думкі наконт выбару прафесіі?
— Мая мара — асвоіць перакладчыцкую спецыяльнасць. Яе я планую ажыццявіць пасля заканчэння дзявятага класа.
— Што цябе больш за ўсё прываблівае ў алімпіядах?
— Магчымасць праверкі ўласных ведаў.
— А што выклікае цяжкасці пры рашэнні заданняў?
— Успомніць тое, што ведаеш, у вызначаны прамежак часу.
— Якія парады, на тваю думку, будуць карыснымі для тых, хто вырашыць прыняць удзел у алімпіядах?
— Па-першае, аднесціся да выпрабаванняў сур'ёзна, рыхтавацца загадзя і не выключаць самападрыхтоўку з агульнага працэсу.
Ірына ЕРАМІН, вучаніца 8 класа СШ № 2
г. Беразіно. Фота аўтара.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.