Урач... Такая добрая і адначасова складаная прафесія, якая не церпіць памылак і заўсёды патрабуе быць пільнымі. Праўда, у народзе кажуць: «Лепш з урачамі не сутыкацца». Але я ўдзячная лёсу за тое, што мне пашанцавала сустрэць жанчыну, гледзячы на якую разумееш, што быць урачом — гэта прызванне.
Нарадзілася Галіна Мікалаеўна Цэдрык (дзявочае прозвішча Мурашкевіч) у вёсцы Капінка Сенненскага раёна. У дзяцінстве гэта прыгожая каравокая дзяўчынка і не марыла аб прафесіі ўрача.
— Я вельмі любіла сельскую гаспадарку, — гаворыць Галіна Мікалаеўна, — душа «належала» зямлі.
Пасля заканчэння 8-гадовай школы Галіна вырашыла пайсці насустрач сваім марам і паступіць у сельскагаспадарчы тэхнікум. Але тата не дазволіў. І дзяўчыне прыйшлося ісці ў 9 клас. Там яна правучылася два гады, а потым зноў паспрабавала паступіць у тэхнікум. І зноў — забарона ад бацькі... Дзяўчына вырашае стаць настаўніцай хіміі і біялогіі. Але і тут ёй не шанцуе: яна не праходзіць па конкурсе. Вырашыўшы не сядзець склаўшы рукі, пайшла працаваць у «хуткую дапамогу» санітаркай.
— У нейкі момант мне так захацелася дапамагаць хворым, рабіць хоць нешта, каб зменшыць іх боль... Здаецца, нейкая невядомая сіла авалодала мной, — кажа Галіна Мікалаеўна. — І вось тады я зразумела, што хачу быць урачом.
У 1979 годзе Галіна паступіла на падрыхтоўчае аддзяленне Віцебскага медінстытута. І менавіта тут дзяўчына сустрэла сваё шчасце, сваю другую «палавінку». Уладзімір Мікалаевіч Цэдрык нарадзіўся ў Рэспубліцы Комі. Закончыў Варкуцінскае медвучылішча. У 1978 годзе яго сям'я пераехала ў вёску Дулебы, што на Бярэзіншчыне. Хлопец вырашыў паступаць у медінстытут на ўрача-хірурга і таксама запісаўся на падрыхтоўчае аддзяленне.
— Раней мы проста ведалі адно аднаго, — гаворыць Галіна, — але асабліва ўвагі не звярталі. Сяброўства наша пачалося, калі мы сталі студэнтамі.
А ўжо пасля другога курса маладыя людзі пажаніліся. У канцы трэцяга курса, 22 чэрвеня 1982 года, нябёсы падарылі першынца, хлопчыка Сяргея.
— Я вельмі ўдзячная бацькам мужа за тое, што дапамаглі нам вырасціць сына, бо сумяшчаць вучобу і сямейныя клопаты было нялёгка, — кажа Галіна Мікалаеўна, і слёзы ўдзячнасці з'яўляюцца на яе вачах.
Гады ішлі... Напрыканцы шостага курса нарадзілася дачка Ганна. І якраз у гэты час было размеркаванне. У 1986 годзе маладая сям'я ўрачоў прайшла інтэрнатуру ў абласной бальніцы Магілёва. А пасля было накіраванне ў Дрыбін, дзе яны адпрацавалі два гады: муж — хірургам, а Галіна, прайшоўшы курсы, — урачом-інфекцыяністам. Потым пераехалі ў Беразіно, дзе ў 1991 годзе ў іх нарадзілася дачка Марыя.
Расказваючы пра дзяцей, Галіна Мікалаеўна ўздыхае: маўляў, і не заўважыла, як праляцелі гады. Кожны з іх займаецца сваёй справай, знайшоў сваё месца ў гэтым жыцці. Сяргей жыве ў Мінску, працуе ў Белаграпрамбанку праграмістам. Ганна закончыла педагагічны ўніверсітэт з «чырвоным» дыпломам і цяпер працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. А Марыя вучыцца на 5 курсе БДМУ. Хоча быць хірургам, як тата. Ёсць у Галіны Мікалаеўны і Уладзіміра Мікалаевіча два ўнукі. Менавіта яны зараз саграваюць сэрцы бабулі з дзядулем. Твар Галіны Мікалаеўны асвятляе шчырая ўсмешка, калі гаворка заходзіць пра іх.
— Так атрымалася, што ў вашай сям'і два ўрачы. А гэта цяжка ўдвая. Дзеці калі-небудзь скардзіліся на тое, што ім не хапала вашай увагі?
— Калі мы пераехалі ў Беразіно, у горадзе быў толькі адзін урач-хірург, таму муж на дзяжурствах быў часта. Дзеці мяне не бачылі па 15 сутак. Але што зробіш? Трэба было выконваць свой прафесійны доўг. І дзеці разумелі, што бацькам цяжка.
— Скажыце, а паміж вамі і мужам калі-небудзь узнікалі медыцынскія спрэчкі?
— Не, гэта нас абышло. Але мы і па сёння дзелімся сваімі меркаваннямі наконт якой-небудзь хваробы. Бо розныя бываюць сітуацыі. Тым больш што ў інфекцыйным аддзяленні шмат людзей з хірургічнай паталогіяй. А з іншага боку, гэта зручна, калі можна параіцца з роднаю душою. Добра, калі ёсць чалавек, які заўсёды дапаможа.
— На ваш погляд, якая галоўная місія ўрача?
— Несці здароўе ў кожную сям'ю. Дапамагаць, ратаваць. Умець лячыць людзей не толькі пры дапамозе лекаў, але і словам.
— Вы можаце сказаць, што праца стала часткай вашай сутнасці?
— Вядома, бывае, што сярод ночы прачынаешся, бо ўспамінаеш, што неабходна падрыхтаваць паперы да наступнага дня. Устаеш і робіш. І я не лічу гэта нечым анамальным. Кожнаму адмераны нябёсамі не толькі гады жыцця, але і працы. Вось і я збіраюся ісці на пенсію. Хачу займацца сваімі любімымі справамі: сям'ёй і зямлёй. Да і трэба даваць дарогу маладым. Яны цяпер іншыя, больш цямлівыя, знаходлівыя. Але ўсё роўна моладзь павінна вучыцца ў нас, пераймаць наш вопыт. Толькі тады наша краіна зможа мацнець і квітнець.
Святлана ЧЫЖЫК,
вучаніца 11 класа СШ №3
г. Беразіно.
Пра аўтара
Святлана мала таго, што вучыцца добра, дык яшчэ паспявае прымаць актыўны ўдзел у жыцці школы. Сёлета заняла першае месца ў раённай алімпіядзе па рускай і беларускай мовах. Летась перамагла ў раённых конкурсах «Вучань года» і «Лідар года».
У вольны ад заняткаў час 17-гадовая аўтарка спявае і танцуе. А яшчэ — захапляецца квілінгам. Гэта мастацтва вырабу плоскіх ці аб'ёмных кампазіцый са скручаных у спіралькі доўгіх і вузкіх палосак паперы. Дзяўчына любіць эксперыментаваць, прыдумляць нешта новае.
— Лічу, што жыццё — гэта рух, таму неабходна расці, пакараць новыя вяршыні, імкнуцца да лепшага, працаваць над сабой — і ўсё атрымаецца! — кажа Святлана.
Дзяўчына мае запаветную мару — паступіць у Інстытут журналістыкі БДУ на спецыяльнасць «Друкаваныя СМІ». Спадзяецца, што зможа дасягнуць пастаўленай мэты.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.