Днямі адчуў на сабе нейкі крыху здзіўлены позірк дзяўчыны-бландзінкі — кіроўцы БМВ. Але напачатку не надаў гэтаму асаблівай увагі: паглядзела — і паглядзела. Марку іншай машыны разгледзець не паспеў, бо сустрэўся з такім жа прыкладна позіркам адразу чатырох пар жаночых вачэй. У іншамарцы, відаць, ехала ўся жаночая частка сям'і: бабуля, маці, унучка з малой дачкой. Розныя па ўзросце, яны паглядзелі на мяне амаль аднолькава. А ўнучка, што была за рулём, нават паспрабавала неяк мяне яшчэ і аб'ехаць — гэта на нашым і без таго нешырокім завулку... Відавочна, гарадскія ехалі. У той момант я ўганяў у дошку чарговы цвік: мы з братам перароблівалі агароджу...
«Вядома, ты іх здзівіў. Сёння ж ужо амаль ніхто цвікі не выкарыстоўвае. Усё на шрубах!» — жартам пракаментаваў сітуацыю брат. Ну, тое праўда. Выраз «убіць цвік» фактычна страціў актуальнасць. Цяпер трэба перфаратар, каб потым была магчымасць укруціць той самы вышэйузгаданы шруб. Тут, дарэчы, можна прыгадаць анекдот. Жонка завіхаецца па гаспадарцы, а сужэнец яе ў гэты час на канапе з газетай ляжыць, тэлевізар глядзіць. Жонка глядзела, глядзела на тое, потым не вытрымала і кажа: «Ты хаця б смецце вынес!» А той адказвае: «А гэта не мужчынская работа!» Жонка тут жа пачынае расшпільваць халацік: «Добра, рабі тады сваю мужчынскую работу!» Паўза... «Ну, дзе там тое смецце?» — перапытвае муж... Але ж я пра іншае. Як падалося, сёння дзяўчыну можна калі не зацікавіць, дык здзівіць тым, што ты ўмееш трымаць у руках просты малаток. Пабочны, так бы мовіць, эфект нашага лічбавага і мабільнага жыцця. Як той казаў, няма таго, што раней было: каб разбірацца ў гаджэтах, малаток сапраўды не патрэбны.
Не чакаючы цёплага надвор'я, нашы дзяўчаты і жанчыны традыцыйна не сталі прасіць (калі тое было?) міласці ад прыроды — рашуча перайшлі на міні. Там доўгія ножкі, тут аголеныя каленкі... І паўсюдна — шпількі... Яшчэ крыху, і адкрыецца дадатковы «партал» — глыбокі выраз. Даўно адпрацаваны спосаб злавіць зацікаўленыя мужчынскія позіркі. Але ж дзейнічае: і ловяць, і будуць лавіць. Ва ўсіх узростах. Як некалі казала гераіня Клары Новікавай: «Бусики — чтобы велись дедусики». Што і казаць: вечныя каштоўнасці...
Яшчэ адзін адпрацаваны і літаральна адшліфаваны ад пастаяннага карыстання спосаб — я не такі! Яму, калі памятаеце, вядомы Сямён Слепакоў нават цэлую песню прысвяціў пад назвай «Тайна аб усіх мужчынах»: «Все мужчины изменяют своим жёнам, а я не такой, я не такой, я не такой, именно я, именно я, я не такой!.. Они все такие, я у тебя один не такой!» Сутнасць спосабу ў тым, што ты выдаеш сябе за трохі іншага, вядома, лепшага, чым ёсць насамрэч. Гэта як быццам бы і не падман. Так, хітрык невялікі. Памятаю, да нас адзін час часта бегаў сусед — студэнт Лёня, які жыў на здымнай кватэры. Кожны раз, калі да яго прыходзіла дзяўчына, ён звяртаўся да нас — па штопар. Гэта адбывалася настолькі рэгулярна, што міжволі ўзнікла думка, што справа — зусім не ў штопары. Кшталту: «Вой, а ў мяне штопара няма... Але дзеля такога выпадку... Ты не хвалюйся, я зараз абавязкова нешта прыдумаю і ўсё вырашу». Галоўнае, каб гэты хітрык аказаўся без глабальных наступстваў. Гэта ўжо як у чарговых анекдотах на тэму. Пачынаецца з аб'явы — «Пазнаёмлюся з разумнай дзяўчынай для заняткаў глупствамі». А заканчваецца... Адна бландзінка скардзіцца другой. «Ты не ўяўляеш, як мне не шанцуе! Пяты сужэнец — і зноў раганосец!» Таму, каб такога не было, часам лепш скарыстацца своеасаблівай парадай ад расійскай каманды «25-я» з Вышэйшай лігі Клуба вясёлых і знаходлівых: «Ну што, да цябе?» — пытаецца хлопец у дзяўчыны пасля знаёмства. — «У Варонеж?» — «А ты ўмееш адшываць!»
Тэма падарункаў збітая, але ж куды без яе? Гэта таксама з разраду вечнага, толькі матэрыяльнага. Барані Божа, забыцца пра іх! Можна пачуць нешта кшталту такога. «Кручуся, як дурніца ў коле!» — «Не дурніца, а вавёрка». — «У вавёркі хаця б футра ёсць, а я дурніца!». Але як заўсёды, у медаля бывае два бакі, таму такім занадта прагматычным асобам абавязкова трэба памятаць, што за цукерачна-кветкавым перыядам надыходзіць катлетна-баршчавы...
Так, не тыя часы ўжо, не тыя і кавалеры... Не шмат знойдзецца тых, хто здолее правільна падаць руку даме, калі тая вылазіць са склепа з мехам бульбы. Жарт, вядома. Дарэчы, гумар — таксама адзін са спосабаў прыцягнуць да сябе ўвагу. Я, вядома, асоба зацікаўленая і мне можна не давяраць. Але я неаднойчы чуў, што многія дзяўчаты лічаць наяўнасць у мужчыны пачуцця гумару адным з самых галоўных сексуальных органаў. Вось я, да прыкладу, як народжаны ў краіне Саветаў, вельмі люблю даваць парады па пікантнай тэме. Дзейнічаю выключна па прынцыпе: не дапамагу, дык пасмяюся.
Што датычыцца наяўнасці пачуцця гумару ў прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, дык яно мужчынамі звычайна таксама толькі вітаецца. Ужо адно толькі словазлучэнне «жаночы гумар» чаго каштуе, калі яны спрабуюць даць тлумачэнні з'явам гэтага свету. «Жанчыны створаны для таго, каб іх кахалі, а не разумелі». «Я дзяўчына моцная: і смецце вынесу, і мозг, калі трэба». «Калі прыгожых і разумных адначасова не бывае, дык што гэта азначае? Што я не існую?» Песня, праўда... Але ж галоўная мэта дасягнута: мы абмяркоўваем, пагаджаемся, спрачаемся — ловімся, адным словам!
Таму і закончыць хацелася б зноў жа іх словамі. «Жанчыны звяртаюць увагу не на прыгожых мужчын, а на мужчын з прыгожымі жанчынамі!» Ад сябе толькі б хацелася яшчэ дадаць — «і разумнымі». І гэтыя словы, як той казаў, ды Богу ў вушы!
Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.