або Як літоўцы для сябе Беларусь адкрывалі.
У рамках праекта «Прасоўванне турызму праз павышэнне інфармаванасці пра гісторыю і культуру рэгіёнаў» на Гродзеншчыне і Міншчыне пабывала дэлегацыя з Літвы — навукоўцы, работнікі турыстычнага бізнесу, уладальнікі аграсядзіб. За «круглым сталом» яны абмяняліся з беларускімі калегамі думкамі наконт супрацоўніцтва ў турыстычнай галіне.
Падарожжы і эканоміка
На жаль, пераважная частка нашых суседзяў-літоўцаў ведае Беларусь у асноўным па аўтазаправачных станцыях, дзе яны запаўняюць бакі аўтамабіляў таннейшым, чым у іх, палівам. Што, зразумела, адпавядае асабістым інтарэсам гэтых людзей, але супярэчыць эканамічным інтарэсам іх дзяржавы. Магчыма, для падобнай катэгорыі «турыстаў» (гэта тычыцца і нашых землякоў — «чаўнакоў») іншага і не трэба.
Хаця нямала, напэўна, і тых, хто хоча пазнаць краіну былых «суграмадзян» па Вялікім Княстве Літоўскім, ды не атрымліваецца — з‑за візавых праблем, і пасіўнасці турбізнесу. Перашкаджаюць, пэўна, і стэрэатыпы: маўляў, у суседзяў «няма нічога цікавага». Але няпраўда, ёсць! У чым і паспрабавалі пераканаць членаў літоўскай дэлегацыі беларускія прадстаўнікі сумеснага праекта.
Трэба разумець, што турызм у яго сучасным разуменні — гэта не проста падарожжы і экскурсіі, а галіна эканомікі, бізнес, які павінен прыносіць «дывідэнды» яго арганізатарам і ўдзельнікам, а таксама рэгіёну — дзякуючы не толькі цікавым турыстычным аб'ектам, імпрэзам, але і партнёрскім сувязям, што наладжваюцца, калі бачыш на свае вочы тыя ці іншыя цікавінкі. І гэты праект — не выключэнне. Напрыклад, прафесар Балтыйскага інстытута аграбізнесу Раймундас ЛАПАТА
ўдзельнічае (як кіраўнік праектаў групы кампаній Arvі) у будаўніцтве на Лідчыне комплексу па вытворчасці прадукцыі з мяса індычкі, а таксама ў тэхнічным пераўзбраенні ўтылізацыйнага ветэрынарна-сантэхнічнага завода. А падчас апошняй турыстычнай вандроўкі ён правёў дзелавую сустрэчу на адным з нашых прадпрыемстваў — па пытанні адкрыцця іх фірменнай крамы ў Вільнюсе.
— Прадукцыя добрая, экспартныя перспектывы ў гэтага тавару някепскія, але трэба дадаць ва ўзроўні маркетынгу, — лічыць Раймундас Лапата.
Пра маркетынг, але ўжо ў дачыненні да турыстычнага прадукту, неаднойчы ўзгадвалася і падчас паездкі ўдзельнікаў беларуска-літоўскага праекта па маршруце «Гродна — Шчучын — Жалудок — Нясвіж — Мір — Навагрудак — Валеўка — Ліда — Гродна». Вядома, тут у нас яшчэ працы, як кажуць, непачаты край. Але, разам з тым, дзяліліся сваімі ўражаннямі госці з Літвы, у Беларусі шмат робіцца па захаванні і папулярызацыі сваёй гістарычнай спадчыны. Некаторыя былі ў нас упершыню і кажуць, што ўбачанае, асабліва ў Нясвіжскім і Мірскім замках, пераўзышло ўсе чаканні. Нічога агульнага з некаторымі ацэнкамі, што бытуюць у замежжы — быццам Беларусь клапоціцца толькі пра мяса і малако, а не пра сваю спадчыну. Нашы літоўскія суседзі пераканаліся ў тым, што аб'екты мінуўшчыны — гэта таксама прыярытэт беларускай дзяржавы.
Адзін з членаў літоўскай дэлегацыі засумняваўся, што турыстам трэба паказваць сядзібу Чацвярцінскіх у пасёлку Жалудок. Сапраўды, яна знаходзіцца ў такім гаротным стане, што няма адкуль узяцца станоўчым эмоцыям. Але, як патлумачыў нацыянальны кіраўнік праекта з беларускага боку, намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «Рэспубліканскі спартыўна-турысцкі саюз» Сяргей КАЛЯДА, з гэтай гістарычнай сядзібай гасцей знаёмілі не як турыстаў, а як экспертаў — у пошуку магчымых інвестыцый у адраджэнне аб'екта:
— На Гродзеншчыне, дарэчы, ужо ёсць прыклад, калі, здавалася б, зусім занядбаны, неперспектыўны аб'ект (сядзіба «Падароск» у Ваўкавыскім раёне), прастаяўшы шмат гадоў без гаспадара, зацікавіў інвестара з Урала. У Паўла Падкарытава беларускія карані, і ён хоча стаць грамадзянінам нашай краіны.
Сувеніры і… эмоцыі!
…Пасяджэнне «круглага стала» па абмеркаванні перспектыў супрацоўніцтва ў сферы турызму адбылося ў Лідскім замку Гедыміна. Але спачатку анімацыйная група мясцовай турфірмы «Адрас лета» паказала інсцэніроўку «Вяселле Ягайлы». За сярэднявечным сталом — вялікі князь літоўскі і кароль польскі са сваёй 17‑гадовай жонкай Соф'яй Гальшанскай. Урачыстасць, якую суправаджаюць прыдворныя музыканты, вядзе маршалак. Прысутнічаюць хрышчоны бацька нявесты, ліцвінскі рыцар і яго «калега» з Каралеўства Польскага… Гучаць здравіцы «Слава каралю!», а прыслуга частуе гасцей вяселля (удзельнікаў беларуска-літоўскага праекта) каралеўскім напоем.
— Брава! Мы ўбачылі творчых людзей, якія падарылі нам добрыя ўражанні — тое, з чым мы адсюль паедзем і што потым парэкамендуем сваім сябрам і знаёмым. Раскажам, што ў Лідзе не толькі замак аднаўляецца, але ёсць і тое, што і бурліць, і чапляе за сэрца. Гэта і ёсць сучасны турызм, — такую ацэнку даў эксперт праекта Джугас ВАЙЧУНАС.
Сапраўды, важна прапанаваць турыстам не толькі сувеніры, але і пазітыўныя адчуванні, эмоцыі. Што і робяць у Лідскім замку. Праўда, не варта спыняцца на дасягнутым. Падчас «круглага стала» аніматарам параілі распачынаць дзейства яшчэ на падыходзе да замкавай брамы, а таксама паклапаціцца пра тое, каб турыстам было зручна… развітвацца са сваімі грашыма.
— У наступны раз я хацеў бы, вобразна кажучы, уставіць у гэты капялюш сваю банкаўскую картку — каб расплаціцца за ўбачанае і адчутае. Сябры, атрымлівайце грошы за турызм, зарабляйце на гэтым, — пажадаў Джугас Вайчунас.
Цуды — побач
— У вас ёсць што паказаць. Аднак, на жаль, мы столькі гадоў топчамся на месцы і не можам зрабіць візавы рэжым максімальна спрыяльным для турыстычных паездак. Калі чалавек чакае візу тыднямі, не ведаючы, ці ўвогуле яе атрымае, дык якая можа быць ахвота ехаць да суседзяў? — адзначае прэзідэнт асацыяцыі гідаў Друскінінкая Таццяна ЗЯЛІНСКАЯ.
А вось якія ўражанні засталіся ад падарожжа па Беларусі ў прафесара Вільнюскага ўніверсітэта, даследчыка гісторыі Вялікага Княства Літоўскага Альфрэдаса БУМБЛАЎСКАСА:
— Калі мяне ўпершыню запрасілі стварыць канцэпцыю нашага праекта, я пачаў са слоў: «Суседзі, якія стаяць спінай адзін да аднаго». На жаль, літоўска-беларуская мяжа, якой ніколі не было (бо ніколі, акрамя ХХ стагоддзя, не было асобных дзяржаў) пакідае пэўныя стэрэатыпы, непаразуменні. Часта мы прыгадваем з нашай агульнай гісторыі толькі яе асобныя часткі. А трэба разам тварыць тое, што нас яднае. Я здзіўляюся, чаму для літоўскіх турыстаў Гродзенская вобласць ці Нясвіж не актуальныя?! Ужо цяпер, як мы пераканаліся, там ёсць вялікія турыстычныя магчымасці, і дзеля іх выкарыстання мы, суседзі, павінны цесна супрацоўнічаць.
На што і скіраваны сумесны праект, кажа яго нацыянальны кіраўнік з беларускага боку Сяргей Каляда:
— Трэба злучаць турыстычныя суб'екты Беларусі і Літвы дзеля сумеснай работы, бо ўсім ёсць што паказаць. Як у гэтым праекце: аб'ядналіся, з'ездзілі адзін да другога — глядзіш, нешта і атрымліваецца. Пачынаем адзін аднаго разумець. І адносіны ўжо іншыя — не проста суседскія, а сяброўскія.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Наша даведка:
Партнёрамі праекта, які ажыццяўляецца па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія — Літва — Беларусь, з'яўляюцца з літоўскага боку Балтыйскі інстытут аграбізнесу, адміністрацыя муніцыпалітэта г. Друскінінкай, асацыяцыя сельскага турызму Літвы, а з беларускага — аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама і Гродзенскае абласное аддзяленне грамадскага аб'яднання «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз». У выніку праекта будуць, у прыватнасці, створаны база даных турыстычных маршрутаў Друскінінкайскага і Гродзенскага рэгіёнаў на шасці мовах і прадстаўленае ў тэкставым, відэа- і аўдыяфарматах інфармацыйнае выданне «Гід па навакольных тэрыторыях гарадоў Друскінінкай і Гродна», а таксама турыстычная карта з новымі маршрутамі і звесткамі аб турыстычных аб'ектах. Акрамя таго, праект накіраваны на павышэнне кваліфікацыі прадстаўнікоў турыстычнага сектара Літвы і Беларусі шляхам абмену перадавым вопытам.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».