— Я прывабная дзяўчына, бо грошы трачу толькі на адзенне і касметыку. З гэтай прычыны амаль нічога не ем, «харчуюся паветрам». Таму ў мяне яшчэ і фігура зграбная! — ці то смехам, ці то ўсур'ёз дзялілася сваім «вопытам эканоміі» студэнтка ў адной з сацыяльных сетак.
Насамрэч цяперашнія «грызуны» граніту навукі ў большасці сваёй не сядзяць галоднымі. І ўсё ж грошы лішнімі не бываюць. Якія самыя вядомыя студэнцкія спосабы патраціць як мага менш грошай?
Без клубаў, але з «інвестыцыямі»
Маша вучыцца на трэцім курсе медыцынскага ўніверсітэта. Сумяшчаць вучобу з працай пакуль няма магчымасці, а таму асноўныя крыніцы «даходу» — стыпендыя з даплатай за выкананне абавязкаў старасты (каля 1,1 мільёна рублёў) і грошы бацькоў.
— Першае, на чым я звычайна эканомлю — гэта ежа, — распавядае Маша. — Я рэдка хаджу ў кавярні і нават у сталовую.
Прыкладна раз на два тыдні дзяўчына атрымлівае гасцінцы з дому. Акрамя грошай, мама перадае ёй хатнія катлеткі, пірагі, агародніну.
Наступная графа выдаткаў, якая магла б здарыцца, — адзенне. Тут Маша робіць досыць хітра: студэнты-медыкі шмат якія заняткі павінны наведваць у белых халатах. Астатні гардэроб у такім выпадку можа быць лаканічным — пара джынсаў, світараў, блузак і спадніц. А калі нейкая новая рэч становіцца тэрмінова неабходнай, у нашай студэнткі ёсць старэйшая сястра, у якой час ад часу можна «пазычыць» сукенку ці кофтачку.
Апошняя графа выдаткаў — гэта адпачынак.
— З суседкай мы часам ходзім у кіно ці тэатр, звычайна пасля стыпендыі, а вось клубы я не люблю, пасля напружанай вучобы ноччу хочацца спаць, а не танцаваць, — расказвае Маша.
Такі падыход да расходавання грошай дазваляе ёй не эканоміць на здароўі (калі раптам узнікае неабходнасць наведаць платнага стаматолага, гэта не здаецца катастрофай), а яшчэ, на думку Машы, не варта эканоміць на «інвестыцыях» у будучыню, і пакуль ёсць магчымасць, паралельна з вучобай трэба наведваць як мага больш розных курсаў. Масаж, кройка і шыццё — ды што заўгодна.
Да
еш «разгрузачныя» дні!
Будучы настаўнік фізкультуры Арцём вучыцца ва ўніверсітэце аднаго з абласных цэнтраў. Другакурснік жыве ў інтэрнаце, а на выхадныя часцей за ўсё наведваецца да мамы з татам, што жывуць прыкладна за 150 кіламетраў ад горада.
— Калі ўлічваць толькі мае патрэбы, то за дзень магу траціць не больш за 30 тысяч рублёў. Гэтыя грошы ідуць на «перакусы» і розныя дробязі. Але часам трэба схадзіць пагуляць з каханай дзяўчынай, тут ужо гэтай сумы будзе недастаткова, — расказвае хлопец пра рух сваіх «фінансаў».
Стыпендыя ў Арцёма не такая вялікая — каля 500 тысяч рублёў. Бацькі на тыдзень даюць прыкладна 200 тысяч, калі не плануецца нейкіх вялікіх пакупак. З чаго ж пачынаецца эканомія? Зразумела, зноў-такі з ежы...
— Першыя дні тры пасля вяртання з дому я магу ўвогуле не хадзіць у краму, хіба што па хлеб, — распавядае хлопец.
Адзенне на працягу года набываецца рэдка. Каб сэканоміць, мінулым летам Арцём з бацькамі ездзіў ва Украіну. Хлопец кажа, што калі адразу купіць дзве пары джынсаў, некалькі кашуль, футболак, світараў, туфлі, кеды і красоўкі, то цягам года дакупіць прыйдзецца хіба што зімовы абутак і пару цёплых рэчаў.
— Я магу дазволіць сабе пайсці з дзяўчынай у кіно, у клуб, з'ездзіць з сябрамі на прыроду, са стыпендыі адкладваць на новы тэлефон. Жыць трэба так, як падабаецца. Але пасля такіх «нечаканых» выдаткаў заўжды намагаюся патрачаную суму ўзнавіць, — расказвае Арцём.
Робіць гэта хлопец дзякуючы падпрацоўцы грузчыкам. За адну разгрузку можна зарабіць ад 80 да 100 тысяч рублёў.
«Сезоннае» жыццё са зніжкамі
Ірына ўжо трэці год вучыцца ў Варшаве. Якія ў дзяўчыны спосабы сэканоміць?
— Як студэнтка я набываю льготныя квіткі на праезд у транспарце, у музеі, кіно, тэатр, а паколькі ўсё гэта тут каштуе нятанна, то ў выніку сэканомленая сума атрымліваецца досыць вялікай, — распавядае Ірына.
Што датычыць іншых пакупак, то ў супермаркетах амаль штодзённа робяць зніжкі на які-небудзь тавар. Па словах дзяўчыны, у гэтых акцыях няма нічога агульнага са спробай хутчэй прадаць тое, у чаго неўзабаве скончыцца тэрмін прыдатнасці.
— Калі сачыць за сезоннымі распродажамі, можна добра сэканоміць на адзенні, што я і раблю, — тлумачыць студэнтка. — Таксама карыстаюся рознымі сайтамі, на якіх змешчана інфармацыя пра ўсе зніжкі ў горадзе. На іх, дарэчы, выгадна набываць абанемент у спортзалу і на розныя курсы (ад малявання да замежных моў).
Калі гаварыць пра падарожжы, тут сэканоміць Ірыне дапамагае звычка планаваць свой маршрут загадзя. Білеты і начлег для такіх «спрытных» падарожнікаў абыходзяцца ў шмат разоў танней, калі браніраваць і ўносіць аплату за месяц-два да паездкі. Так дзяўчына пабывала, напрыклад, у Берліне і Дрэздэне. Прычым выдаткі на вандроўку зусім не падарвалі бюджэт студэнткі, якая жыве выключна на стыпендыю, не разлічваючы асабліва на дапамогу бацькоў.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.