Гурт S°unduk вылучаецца на фоне беларускіх музычных калектываў. Прычына, мабыць, у апантанасці яго ўдзельнікаў, нязгасным жаданні дарыць іншым якасную музыку, добры настрой і душэўнасць. Кожная іх сустрэча з аўдыторыяй — гэта палітра эмоцый, вельмі падобных да тых, калі пасля доўгай дарогі вяртаешся дадому... 14 красавіка S°unduk запрашае сваіх прыхільнікаў на беларускамоўны канцэрт, які адбудзецца на сцэне Купалаўскага тэатра. Пра падрыхтоўку да свята і творчыя пошукі размаўляем з салісткай групы, актрысай тэатра і кіно, а галоўнае шчаслівай мамай і жонкай Ганнай Хітрык.
— Зладзіць канцэрт у сценах роднага тэатра — сёння амаль здзейсненая мара. Калі ўзнікла ідэя і хто дапамагаў у яе ажыццяўленні?
— У камандзе вяліся размовы пра тое, што хочам зрабіць канцэрт у Купалаўскім. І ўяўлялі яго выключна беларускамоўным. А мы ж усё-такі больш рускамоўны калектыў. Але з часам гэтай ідэяй вельмі загарэліся.
Плюс я сустрэла геніяльных, на маю думку, людзей. І таксама паверыла, што гэта знак. У мяне не хапала добрых беларускіх песень і я пайшла ў кніжную краму. Калі ўжо збіралася выходзіць, нічога асабліва не прыгледзеўшы, то заўважыла кніжку і проста па вокладцы адчула — вось тое, што мне патрэбна! У тэатры пасля рэпетыцыі разгарнула і пачала чытаць. Аўтарка — Кася Глухоўская. У выніку знайшла яе, і мы зрабілі песні на яе вершы.
Я не магу дазволіць сабе дэкарацыі і іншыя рэчы, таму вельмі спадзявалася сустрэць тых, хто дапаможа ўвасобіць патаемныя задумы. Напрыклад, дзякуючы аднаму з сотавых аператараў, мы зможам зрабіць якасны відэазапіс гэтага вечара. Шмат людзей дапамагае. На адным праекце я пазнаёмілася з Настай Шастак — яна займаецца пескаграфіяй (мастацтва малявання пяском.
— Аўт.). Убачыўшы яе работы, палічыла Насту недасяжнай, аднак яна пагадзілася на супрацоўніцтва. Цяпер уяўляем, як усё адбудзецца.
— І як жа?
— Гэты канцэрт я называю «спектаклем для сябе». Тыя, хто ходзіць на канцэрты, зразумеюць пра што я, бо нашы выступленні па фармаце нагадваюць міні-спектаклі. І не таму, што я так хачу, а проста так атрымліваецца. Мне ж падабаецца нешта з куфра даставаць і на сябе апранаць, плюс яшчэ і размаўляць люблю. Наш канцэрт будзе такой лірычнай гісторыяй, але не на ўзроўні «ты і я — каханне», а прасякнутай прадчуваннем «вясна ўжо прыйшла, але прырода яшчэ не прачнулася». Ёсць, напрыклад, адна кампазіцыя, якую мы жартаўліва называем «Песняры», яна выбіваецца з ліку астатніх. Мы яе выконваем — і пачынаем усміхацца, весяліцца і танцаваць. І Наста ў нас павінна спрацаваць не проста як мастак, які працуе на фоне музыкі. Мы хочам, каб была закальцаванасць дзеі, і мастачка рабіла свае ўстаўкі малюнкаў там, дзе будзе адчуваць у гэтым неабходнасць. Мне на гэтым спектаклі нават касцюм не патрэбен, бо ён — мая група, тое, што стварае Наста і, спадзяюся, зробіць гукавое афармленне.
— Неабходная сума для запісу альбома «Наш час» была сабрана з дапамогай прыхільнікаў за 17 дзён. Ці стала гэта для групы доказам вашай запатрабаванасці?
— Разумееш, у кожнага з нас свае «пункцікі». Нехта, напрыклад, любіць прыгожыя строі, іншы баіцца ўсміхацца, хоць усмешка ў яго неверагодная.
Я, калі прыйшла ў Акадэмію, была суцэльным клубком комплексаў. А цяпер у мяне застаўся толькі адзін, магчыма, добры для працы, але ён перашкаджае ў жыцці, — комплекс непатрэбнасці. Не магу патлумачыць, ад чаго ён узнік, але часам вельмі баюся яго... Прыходзіць на канцэрт 300 чалавек — добра, а наступны раз — 280, і адразу думаю: чаму не дайшлі 20? Іншы раз адваротная сітуацыя, і ўсё: у душы радасць! І не з-за таго, што нам, напрыклад, удалося «адбіць» дарогу ў Піцер, а таму, што разумееш — ты патрэбна.
У сітуацыі з запісам «Нашага часу» я не верыла ў тое, што адбывалася. Наш дызайнер Маша распавяла мне пра існаванне сайта, дзе можна паказаць матэрыял для дыска. Запісалі відэазварот, дзе я шчыра сказала: спадабаецца — слухайце, а не — то не марнуйце часу... А там яшчэ сістэма такая: не сабраўшы патрэбную суму, ты нават ужо сабраныя грошы вяртаеш спонсарам. Спачатку назірала за паступленнямі, а потым перастала, аднак на 17-ты дзень пачала атрымліваць паведамленні: маўляў, радуйся, усё атрымалася. Упэўніўшыся, што гэта сапраўды так, плакала ад гордасці і радасці. У любым выпадку альбом запісалі б, але пазней. Таму і тады, і цяпер я ўдзячная тым, хто паскорыў гэтую падзею.
— Што значыць для цябе альбом «Наш час», як ацэньваеш яго?
— Я вельмі самакрытычны чалавек. Люблю свае песні і вельмі сур'ёзна да іх стаўлюся. Кожным словам даражу. У гэтым альбоме ў нас ёсць песня «Дворнікі» ў стылі рэгі, там словы, па сутнасці, ствараюць не сэнс, а настрой. І калі адзін з крытыкаў пачаў разбіраць словы, то стала смешна, бо мы не знайшлі, відаць, агульнай мовы, ці ён не знаёмы са стылем, дзе наогул спяваюць пра тое, што, маўляў, сябры, радуйцеся сонцу, і ўсё будзе добра! А мы вырашылі паэксперыментаваць «па-летняму». Што тычыцца іншых песень, такіх як «Давай» ці «Сёння не мой дзень», то я з непамернай адказнасцю падыходжу да кожнай ноты. Я ганаруся гэтым альбомам. Таксама як першым і другім, бо запіс альбома забірае не толькі час з твайго жыцця, у кожным з іх застаецца і частка твайго сэрца.
— Стварэнне песень патрабуе ад цябе вялікіх душэўных выдаткаў?
— Ёсць песня «За каго», якая не з'явіцца ні ў адным альбоме. Нават на канцэртах я яе выконваю толькі пад адпаведны настрой. Напісала песню літаральна за некалькі хвілін, і ў ёй не зменена ні слова. А потым гадзіны недзе праз тры даведалася, што не стала майго дзядулі, і зразумела: не я яе напісала насамрэч, а так ён са мной развітаўся. Я спяваю яе, але ўспрыманне стала зусім іншым. З часам не хапае блізкіх табе людзей, і я думаю пра іх сыход, спяваючы яе. А песня «Вясна» на беларускай мове, напрыклад, з'явілася, калі я слухала дома Б'ёрк і танцавала перад Сцёпкам (маленькі сын актрысы. — Аўт.). Ён весяліўся. Таму кампазіцыя не толькі лёгка нарадзілася, але і па сваім настроі атрымалася такой. Часам проста глядзіш на нейкага чалавека, прыдумляеш яму гісторыю, а ў выніку нараджаецца новая песня.
— Скажы, твая эмацыйнасць і адкрытасць — гэта сіла ці слабасць, уразлівасць?
— Думаю, тут і тое, і другое. Часам мне ўдаецца знайсці агульную мову з кімсьці, а бывае, атрымліваю балючыя «пляўкі» ў свой бок. Нядаўна быў непрыемны інцыдэнт на канцэрце ў Маскве. Абставіны склаліся так, што мне была вельмі патрэбна падтрымка аўдыторыі, а ў адказ атрымала не самыя прыемныя ўражанні. Было адчуванне, быццам у зале шмат п'яных. Госці пачалі нам перашкаджаць. І я бачыла — гэта не выпадковыя людзі, а тыя, хто на нашым канцэрце не ўпершыню. Было вельмі крыўдна. Таму, здараецца, мая любоў да людзей гуляе супраць мяне. Мне муж часта кажа, што нельга так любіць людзей і апраўдваць іх. Я ж разумею: пакуль я веру ў іншых, то нехта верыць і ў мяне.
— Ганна, ты рэалізавалася ў прафесіі, ты шчаслівая маці і жонка; чаго яшчэ не хапае для шчасця?
— Вельмі хачу, каб мой муж больш здымаўся ў кіно. Бо ён добры акцёр з цікавай фактурай. Прычым я вельмі крытычна стаўлюся да яго працы. Мне здаецца, калі мужчына мае магчымасць больш зарабляць, то адчувае сябе лепш. І для яго сям'і гэта добра. Хачу (не ведаю, праўда, як тое можа здарыцца), каб змяніліся да лепшага нашы жыллёвыя ўмовы і ў сына з'явіўся свой пакой. Але лепш аб прыемным... Хачу, каб наш калектыў з'ездзіў на фестывалі, каб удалося запісаць беларускамоўны альбом. Не таму, што гэта модна, а таму што накіпела і мы саспелі для такой працы. Спадзяюся на лепшае і заўсёды кажу: усё будзе добра.
Алена ДРАПКО.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».