У Ліцэі БДУ стартавала прыёмная кампанія. Падаць дакументы можна да 6 мая ўключна. Набор старшакласнікаў у ліцэй будзе весціся на пяць напрамкаў навучання: фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, філалагічны, грамадазнаўчы і хіміка-матэматычны.
Пакуль што Ліцэй БДУ — адзіная навучальная ўстанова ў краіне, дзе будзе весціся набор старшакласнікаў па хіміка-матэматычным профілі. Школьнікам, якія пажадаюць вучыцца на новым напрамку, трэба будзе здаць іспыты па хіміі і матэматыцы.
Неабходнасць у адкрыцці новага напрамку была абумоўлена новымі патрэбамі рынку працы і інавацыйнай эканомікі. Ствараць найноўшыя экалагічна чыстыя матэрыялы, развіваць фармацэўтычныя тэхналогіі, нанатэхналогіі і г.д. без высокакваліфікаваных кадраў, якія добра разбіраюцца адначасова і ў хіміі, і ў матэматыцы, праблематычна. Акрамя таго, абітурыенты, якія паступаюць на хіміка-тэхналагічныя і хімічныя спецыяльнасці ў ВНУ, здаюць уступныя іспыты менавіта па хіміі і матэматыцы...
Адным з новаўвядзенняў прыёмнай кампаніі стане дазвол абітурыентам выбіраць іспыты пры паступленні на грамадазнаўчы напрамак. Яны будуць здаваць гісторыю Беларусі і сусветную гісторыю або грамадазнаўства. Такі ж дазвол ужо другі год дзейнічае і на філалагічным профілі: там абітурыенты выбіраюць дзве дысцыпліны з трох прапанаваных. На выбар прапануюцца беларуская мова і літаратара, руская мова і літаратура і англійская мова.
Уступныя экзамены пройдуць у Ліцэі БДУ 11, 18 і 24 мая. А з 28 красавіка па 5 мая на серверы дыстанцыйнага навучання ліцэя для ўсіх ахвотных будуць бясплатна праведзены рэпетыцыйныя выпрабаванні.
У Ліцэі БДУ нагадалі, што без уступных іспытаў у ліцэісты залічваюцца пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды (дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені) па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы, хіміі, біялогіі, гісторыі, грамадазнаўстве, рускай мове і літаратуры, беларускай мове і літаратуры і англійскай мове.
На час навучання ў ліцэі ўсе іншагароднія забяспечваюцца месцам у інтэрнаце.
Разумнікі з БДУ
Студэнцкая каманда БДУ «Паўсюль яны» стала абсалютным пераможцам ІХ адкрытага чэмпіянату ВНУ Расіі па інтэлектуальных гульнях. У зборную прызёраў увайшлі студэнты геаграфічнага факультэта другакурснік Іван Зайкоў і пяцікурснік Станіслаў Алімпаў, студэнтка трэцяга курса Інстытута журналістыкі Вікторыя Волкава, чацвёртакурсніца факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій Алена Гардынец, пяцікурснік механіка-матэматычнага факультэта Віталь Калачоў і трэцякурснік гістарычнага факультэта Аляксандр Марозаў.
Чэмпіянат праводзіўся па чатырох дысцыплінах: «Што? Дзе? Калі?», «Хет-трык», «Свая гульня» і «Мазгавы штурм». Сума набраных балаў па ўсіх дысцыплінах і дазволіла камандзе БДУ стаць абсалютным чэмпіёнам. У фінальным паядынку чэмпіянату ўдзельнічалі больш як 45 каманд з Расіі і тры з Беларусі. А праз адборачныя туры прайшлі больш як 1,5 тысячы каманд са 123 ВНУ Расіі, Украіны, Латвіі, Беларусі і Малдовы.
Арганізатарамі інтэлектуальнай гульні выступілі Санкт-Пецярбургскі філіял Міжнароднай асацыяцыі клубаў «Што? Дзе? Калі?», які ўзначальвае віцэ-прэзідэнт МАК Аляксандр Друзь, прафкам студэнтаў Ніжагародскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта імя М. Лабачэўскага, клуб інтэлектуальных гульняў Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта аэракасмічнага прыборабудавання «Аэрабрэйн» і Ніжагародскі інтэлектуальны клуб.
Студэнты і хакей
Акцыя «Студэнцтва сустракае чэмпіянат», прымеркаваная да чэмпіянату свету па хакеі, стартавала ў вышэйшых навучальных установах.
Унікальнае па сваіх маштабах спартыўнае мерапрыемства прыцягне ўвагу не толькі айчынных аматараў хакея, але і мноства замежных хакейных балельшчыкаў, якія наведаюць Мінск. Студэнцкая моладзь будзе задзейнічана ў суправаджэнні дэлегацый, рабоце ў гасцініцах і непасрэдна ў месцах правядзення спартыўных мерапрыемстваў.
У рамках акцыі «Студэнцтва сустракае чэмпіянат» прадугледжана стварэнне відэаролікаў аб спартыўным жыцці ВНУ для іх дэманстрацыі падчас чэмпіянату ў фанзонах інтэрнатаў у Студэнцкай вёсцы. Нагадаем, што Студэнцкая вёска будзе задзейнічана для размяшчэння гасцей чэмпіянату. Таксама запланаваны цыкл сустрэч студэнтаў з ветэранамі беларускага хакея, прадстаўнікамі хакейных клубаў, студэнтамі-хакеістамі, бліц-апытанні і флэшмобы «ЗараDка з зоркай», мерапрыемствы на спартыўную тэматыку з запрашэннем беларускіх спартсменаў, міжуніверсітэцкія інтэлектуальныя гульні на хакейную тэматыку. А студэнтаў, якія захапляюцца фатаграфаваннем, запрашаюць паўдзельнічаць у першым этапе рэспубліканскага конкурсу на лепшую фотаработу «Моладзь выбірае спорт!». Пераможцам абяцаюць бясплатныя білеты на хакейныя матчы чэмпіянату свету з удзелам беларускай каманды.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.