Хто з алімпійскіх чэмпіёнаў прыедзе ў Мінск?
Падчас чэмпіянату свету па хакеі на «Чыжоўка-Арэне» адбудуцца матчы групы В, у якой згуляюць зборныя Канады, Швецыі, Чэхіі, Славакіі, Нарвегіі, Даніі, Францыі і Італіі. Аднымі з фаварытаў групы, безумоўна, з'яўляюцца алімпійскія чэмпіёны — хакеісты Краіны кляновага ліста.
Хакей у Канадзе, як вядома, параўнальны з рэлігіяй — у гэтай краіне няма больш папулярнага віду спорту. Акрамя таго, менавіта канадскі Манрэаль афіцыйна лічыцца радзімай хакея. Першы матч там адбыўся ў 1875 годзе. А ўжо ў 1893-м Фрэдэрык Артур Стэнлі (генерал-губернатар Канады) набыў кубак, які ўручаўся лепшай хакейнай камандзе сярод аматараў. Сёння Кубак Стэнлі — гэта адна з самых прэстыжных узнагарод у сусветным хакеі.
З пачатку 1910-га хакей у Канадзе пачаў пераходзіць з аматарскага на прафесійны ўзровень. У тым жа годзе ўпершыню была сабрана і нацыянальная каманда па хакеі.
Да прыходу ў вялікі хакейны свет савецкай зборнай канадцы былі бясспрэчнымі лідарамі: яны выйгралі 15 чэмпіянатаў свету з 18 праведзеных. Але сітуацыя пачала мяняцца: канкурэнцыю паўночнаамерыканцам пачала складаць не толькі савецкая зборная, але і зборныя Швецыі, Чэхаславакіі, Фінляндыі.
Праблема для Канады заключалася ў тым, што лепшыя яе гульцы ўсё ж былі прафесіяналамі і права ўдзельнічаць на чэмпіянатах свету не мелі. Пазней па ўзаемнай згодзе ІІHF і хакейных функцыянераў Канады і ЗША было прынята адно з самых важных рашэнняў у гісторыі сусветнага хакея — дапусціць прафесіяналаў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах.
За доўгую гісторыю зборная Канады мела мноства першакласных прафесіяналаў. Але толькі трое з іх здабылі званне «легенды» — гэта нападаючыя Уэйн Грэцкі, Марыа Лем'е і Стыў Айзерман. За імі назаўсёды замацаваны нумары ў зборнай. Уэйн Грэцкі з'яўляецца самым выніковым гульцом за ўсю гісторыю зборнай Канады.
У сярэдзіне 1990-х канадцы пачалі вяртаць сабе лідарства. За апошняе дзесяцігоддзе зборная атрымала перамогі на трох Алімпіядах (2002, 2010, 2014) і тры разы стала чэмпіёнам свету (2003, 2004, 2007). Цяпер зборная Канады займае трэцяе месца ў рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі хакея.
Самым прынцыповым сапернікам Канады заўсёды была зборная СССР, а сёння Расіі. У 2007 годзе ў Маскве канадцы сталі чэмпіёнамі свету, чым вельмі засмуцілі гаспадароў. У 2010-м і ў 2011-м ужо рускія «не пусцілі» канадцаў у паўфінал чэмпіянату свету. Для абедзвюх зборных Алімпіяда ў Сочы была не проста Алімпіядай. Перамагчы на галоўным турніры чатырохгоддзя, ды яшчэ і ў Расіі — больш чым прынцыповая задача для зборнай Канады.
Вынік ужо ўсім вядомы: канадцы паказалі выдатны хакей на працягу ўсяго турніру, у фінале перайгралі Шведаў — 3:0 і сталі дзевяціразовымі алімпійскімі чэмпіёнамі.
Зборная Канады на гэтым турніры была зборнай без слабых месцаў. Цудоўныя варатары Луонга і Прайс, лепшая лінія абароны на турніры — Данкан Кіт, Шы Уэбер і Дру Даўці. 11 нападаючых зборнай уваходзяць у лік 25 лепшых бамбардзіраў сезона. Усё гэта прадвызначыла вынік алімпійскага турніру.
Галоўны трэнер зборнай Канады Майк Бэбкак
пасля перамогі заявіў: «Мы гулялі выдатна, дамінавалі, не аддалі саперніку ні сантыметра. Мне спадабалася, як мы гулялі кожны матч. З такой камандай Канады немагчыма сапернічаць».
Чэмпіянат свету не з'яўляецца такім важным турнірам для канадцаў, як Алімпійскія гульні. Падчас сусветнага першынства асноўная ўвага канадскіх хакеістаў і балельшчыкаў прыкавана да плэй-оф Нацыянальнай хакейнай лігі.
Генеральным менеджарам зборнай на чэмпіянат свету-2014
прызначаны Роб Блэйк. Цяпер ён знаходзіцца на пасадзе асістэнта генеральнага менеджара ў «Лос- Анджэлесе».
Менавіта ён будзе вызначаць склад гульцоў і трэнераў, якія прыедуць у Мінск.
Пераважна ў зборнай мы ўбачым маладых хакеістаў, якія са сваімі камандамі не трапілі ў плэй-оф НХЛ. З алімпійцаў у Мінск дакладна не прыедуць Раян Гецлаф, Коры Пэры, Сідні Кросбі, Джэф Картэр, Крыс Куніц. Іх каманды будуць змагацца за Кубак Стэнлі.
Магчымы ўдзел у зборнай Джона Таварэса, Дэна Хэм'юса і Джэймі Бэна.
Дар'я Лабажэвіч.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.