Якое працаўладкаванне выгаднае і студэнтам, і наймальнікам?
«Ты — студэнт вышэйшай навучальнай установы і думаеш пра сваю кар'еру? Мы адкрытыя для дыялогу». «Група кампаній прадастаўляе студэнтам унікальную магчымасць працаваць на ўмовах няпоўнай занятасці і па гнуткім графіку. Самыя паспяховыя і мэтанакіраваныя са стажораў змогуць пасля атрымання дыплома прафесійна расці і развівацца ў кампаніі». «Мы прадастаўляем магчымасць студэнтам, якія імкнуцца прымяніць свае веды і навыкі для рашэння практычных задач, атрымаць каштоўны вопыт падчас праходжання кароткатэрміновай праграмы стажыроўкі»... Такімі аб'явамі і прапановамі сустракаў студэнтаў факультэт міжнародных адносін БДУ, на базе якога днямі прайшоў агульнаўніверсітэцкі «Дзень кар'еры — вясна 2014».
10-9
Формула поспеху — вучоба плюс практычны вопыт
Раней сустрэчы патэнцыяльных наймальнікаў і студэнтаў праводзіліся ў БДУ на асобных факультэтах, а агульнае для ўсіх студэнтаў мерапрыемства прайшло ўпершыню.
— Мы вырашылі змяніць фармат факультэцкіх кірмашоў вакансій, куды запрашаліся, як правіла, профільныя прадпрыемствы і арганізацыі. Вельмі часта прадпрыемствам і кампаніям патрабуюцца адначасова спецыялісты самых розных профіляў, а БДУ — менавіта шматпрофільны ўніверсітэт: мы рыхтуем спецыялістаў і для ІТ-сферы, і для банкаўскай сферы, эканамістаў, знаўцаў міжнароднага права, філолагаў і гэтак далей. Таму «Дзень кар'еры» — больш маштабнае мерапрыемства, — патлумачыў прарэктар БДУ па вучэбнай рабоце Аляксей ДАНІЛЬЧАНКА.
— Тут удзельнічаюць каля 20 замежных і айчынных прадпрыемстваў, якія прадстаўляюць розныя сферы дзейнасці. Упэўнены, што гэта мерапрыемства будзе карыстацца вялікай папулярнасцю і сярод студэнтаў, і сярод працадаўцаў. Мы плануем праводзіць яго двойчы на год — восенню і вясной.
У нейкім сэнсе штуршком да новай формы работы стала наведванне супрацоўнікамі БДУ Маскоўскага дзяржаўнага інстытута (універсітэта) міжнародных адносін. У гэтай вельмі прэстыжнай расійскай ВНУ быў створаны Цэнтр кар'еры, бо, у адрозненне ад Беларусі, у Расіі няма сістэмы размеркавання выпускнікоў і, адпаведна, праблема пошуку першага працоўнага месца з'яўляецца клопатам саміх учарашніх студэнтаў. Для ўсіх працадаўцаў адной з галоўных умоў з'яўляецца наяўнасць у прэтэндэнта практычнага вопыту работы. Нават дыплом прэстыжнай ВНУ не адкрывае жаданыя дзверы. Падлічана, што выпускнікі праводзяць у пошуках першага працоўнага месца ў сярэднім тры гады. І хоць у БДУ размяркоўваюцца 99% выпускнікоў бюджэтнай формы навучання, а попыт на многіх спецыялістаў нават перавышае прапанову, тым не менш прыцягненне новых патэнцыяльных заказчыкаў кадраў вельмі цікавіць кіраўніцтва БДУ. У тым ліку і ў плане арганізацыі для студэнтаў вытворчай практыкі.
ІТ-прафесіі для філолагаў
і юрыстаў
Што адразу кідалася ў вочы, дык гэта вельмі актыўны ўдзел у «Дні кар'еры»
ІТ-кампаній. Яно і зразумела: ІТ-сфера імкліва развіваецца і кампаніям патрабуецца ўсё больш спецыялістаў.
— Хоць у мяне асабіста гэта першы вопыт зносін са студэнтамі, але наша кампанія дастаткова даўно ўдзельнічае ў аналагічных мерапрыемствах, — расказала журналісту «Чырвонкі» спецыяліст па падборы кадраў кампаніі Qulіx Systems Таццяна ДАВЫДАВА. — Мы спрабуем знайсці не толькі распрацоўшчыкаў праграмнага прадукту, але і тэсціроўшчыкаў, і бізнес-аналітыкаў. Я асабіста пераканалася ў тым, што студэнты не разумеюць, як яны могуць сябе прымяніць у нашай сферы. Напрыклад, падыходзяць будучыя юрысты, і я тлумачу ім, як яны могуць рэалізаваць сябе ў бізнес-аналізе ці ў тэсціраванні праграмнага прадукту, што работа тэсціроўшчыка не патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі і навучання ў БДУІР — для яе патрэбны аналітычныя здольнасці. Мяркую, што ў любым выпадку гэтая інфармацыя будзе для студэнтаў карыснай, нават калі яны не цяпер, а пазней вырашаць прыйсці ў ІТ-сферу, дзе, між іншым, можна зарабляць вельмі дастойныя грошы.
Карпарацыя «Галактыка» ўжо не першы год рэалізуе адукацыйную праграму «Галактыка і ВНУ», у рамках якой студэнты атрымліваюць бясплатную кансультатыўную і тэхнічную дапамогу ў навучанні інфармацыйным тэхналогіям кіравання. Для студэнтаў выпускных курсаў прапануецца стажыроўка, праходжанне тэхналагічнай, вытворчай і пераддыпломнай практыкі. Па словах менеджара па персанале Пятра Кныша, у гэтым годзе на практыку да іх прыйшло 75 студэнтаў з розных ВНУ. І 15 з іх атрымалі запрашэнне на работу. Гэтую лічбу ў кампаніі лічаць вялікай, што сведчыць пра дастаткова высокія патрабаванні да прэтэндэнтаў на працаўладкаванне.
Хочаш працаваць?
Пакажы залікоўку...
Не меншым попытам карысталіся на «Дні кар'еры» і студэнты, адукацыя якіх дазволіць ім працаваць у эканамічнай ці банкаўскай сферы. Так што меркаванне наконт перавытворчасці ў нашай краіне юрыстаў і эканамістаў асабіста ў маім уяўленні вельмі пахіснулася.
— Мы спрабуем знайсці сярод вялікай колькасці спецыялістаў з эканамічнай адукацыяй у першую чаргу тых, хто падыходзіць нам, і тых, каму будзе цікава працаваць з намі, таму што, калі чалавеку нецікава працаваць, гэта страчаны кадр, — падзяліўся сакрэтамі сваіх пошукаў супрацоўнік кампаніі ERNST&YOUNG Святаслаў Свяцкі. — Нас цікавяць і выпускнікі, і студэнты — апошнім мы дапамагаем вызначыцца з выбарам. Магчыма, што сённяшняму студэнту будзе цікавая сфера аўдыту і кансалтынгу, у якой мы працуем, а ён ніколі не ўяўляў сабе, што гэта такое. А раптам аўдыт можа аказацца сэнсам яго кар'еры? Мы робім заяўкі на размеркаванне ў нашу кампанію тых студэнтаў, якія паспяхова прайшлі стажыроўку і добра сабе зарэкамендавалі. Дарэчы, сярэдні ўзрост супрацоўнікаў кампаніі застаецца невысокім.
На століку, дзе размясціліся «рэкруцёры» з BelSwіssBank, значылася, што банку патрабуюцца касіры, эканамісты, бухгалтары, юрысты, сакратары.
— У нашым банку надаюць самую пільную ўвагу ВНУ, якія рыхтуюць спецыялістаў у сферы эканомікі. Сапраўды, у нас ёсць шэраг вакансій, паколькі адкрываюцца новыя разлікова-касавыя цэнтры. І мы гатовы прыцягваць на работу перспектыўную моладзь, — расказала начальнік аддзела па рабоце з персаналам BelSwіssBank, кіраўнік карпаратыўнага вучэбнага цэнтра Алена КАСЯК. — Прычым нас цікавяць студэнты не толькі эканамічных спецыяльнасцяў, але і юрыдычных, факультэта міжнародных адносінаў. Хачу запэўніць у тым, што добрыя спецыялісты будуць запатрабаваны ва ўсе часы, а працадаўца заўсёды будзе шукаць сярод студэнтаў самых таленавітых, мэтанакіраваных і паспяховых. Адзін з крытэрыяў паступлення да нас на работу студэнтаў — гэта высокі сярэдні бал (не ніжэй за 8 балаў) і веданне хоць бы адной замежнай мовы. Хачу падкрэсліць, што мы садзейнічаем моладзі ў атрыманні вышэйшай адукацыі. У нас практыкуецца частковая кампенсацыя сродкаў за навучанне, прадастаўляецца водпуск на сесію. А з касіраў нашы работнікі вырастаюць да эканамістаў. Хочаш рухацца наперад — калі ласка, мы даём такую магчымасць. Жаданне расці заўсёды будзе заахвочвацца.
Увогуле, студэнты БДУ атрымалі ў «Дзень кар'еры» шмат карыснай інфармацыі не толькі аб вакансіях, магчымасці праходжання практыкі або стажыроўкі, але і пра спецыфіку той ці іншай сферы дзейнасці і сучасныя патрабаванні да маладых спецыялістаў. Такое працаўладкаванне павінна быць выгадна ўсім: не толькі маладому чалавеку, але і наймальніку. Апошні гарантуе свайму работніку дастойную заработную плату, сур'ёзны сацыяльны пакет і магчымасць
100-працэнтнай самарэалізацыі, але і ўзамен патрабуе нямала. На першым месцы веды і інтэлект, жаданне развівацца, ініцыятыўнасць, уменне планаваць сваю дзейнасць і расстаўляць прыярытэты, адказнасць, якасць ва ўсім, гатоўнасць вырашаць складаныя задачы. Вітаюцца лідарства, упэўненасць у сваіх сілах, матывацыя і энтузіязм, аналітычныя здольнасці, стрэсаўстойлівасць. Як трапна сказаў дырэктар па персанале групы кампаній «Алютэх» Аляксандр Мудрык, «нам патрэбныя людзі з агнём у вачах і прапелерам у вядомым месцы; «пахаць» давядзецца шмат, але гэтая работа будзе добра аплачвацца; мы вітаем жаданне маладых людзей, якія хочуць зрабіць кар'еру, але з цвярозым бачаннем свету».
Надзея НІКАЛАЕВА.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.