Трывожныя падзеі апошняга часу імкліва штурхаюць да пошуку ўнікальных напрамкаў, дзякуючы якім нашакраіна будзе інтэгравана ў сусветны кантэкст развітых дзяржаў.
Суровыя ўмовы і новыя правілы існавання
Глабальны эканамічны крызіс пахаваў надзеі ружовых фантазёраў ад палітыкі і эканомікі аб магчымасці «спакойнага існавання» за кошт сферы турыстычных паслуг ды банкаўскага сектара. Відавочна, што «дзяржава-цэх», для якой магчыма стварэнне ўласных вытворчых цыклаў, значна больш запатрабавана і лепш прыстасавана да выжывання ў неспрыяльных умовах, чым «краіна-сад», з яе тысячамі аўтэнтычных кавярняў і рэстаранчыкаў, якія раптам сталі непатрэбнымі.
Менавіта таму асноўным курсам сучаснага Еўрапейскага Саюза аб'яўлена лінія на рэіндустрыялізацыю, то бок на ўзнаўленне і якасны рост прамысловай вытворчасці пры дапамозе цэнтралізаваных праграм дзяржаўнай падтрымкі. Утульная Еўропа, што не так даўно імкнулася пазбавіцца прамысловасці як архаічнай галіны, спрабавала вынесці вытворчасць у трэція краіны, зараз зноў гатова прачынацца пад гукі фабрычнага гудка і робіць стаўку на індустрыялізацыю як фундамент будучага развіцця.
Лагічным працягам глабальнага эканамічнага крызісу стаў канчатковы развал т. зв. «ялцінскай сістэмы бяспекі», што была ўтворана пасля Другой сусветнай вайны, заснавана вакол ролі ААН і ў трохі змененай форме захоўвалася нават пасля знікнення з палітычнай карты свету Савецкага Саюза. Пры гэтым калі пажар рэвалюцый і крывавых канфліктаў на Блізкім Усходзе «цывілізаваны свет» мог не заўважаць (маўляў, далёка), то дэстабілізацыя на Украіне канчаткова палярызавала міжнародную супольнасць, прымусіўшы задумацца шмат якія «краіны-сады» аб стане не толькі ўласнай індустрыі, але і нацыянальнай бяспекі. Такім чынам, праваахоўныя органы, Узброеныя Сілы, вайскова-прамысловы комплекс, што таксама аб'яўляліся «перажыткам мінулага», а то нават і «прыкметай агрэсіі» ў бесклапотным свеце пераможнага лібералізму, знянацку зноў занялі адпаведнае высокае месца ў сістэме грамадскіх адносін.
Як
стаць «тэрыторыяй развіцця»?
Палярызацыя свету адбываецца не толькі па лініях цывілізацыйнага разлому, але і ў кантэксце падзелу планеты на тэрыторыі развіцця і перыферыю. У першым варыянце краіны будуць самастойнымі актыўнымі суб'ектамі міжнароднай палітыкі, у другім — у лепшым выпадку, аб'ектамі рэалізацыі замежных інтарэсаў, а ў горшым — арэнай канфлікту і геапалітычнага супрацьстаяння. Відавочна, што суверэнітэт будучыні базіруецца на «трох кітах»: здольнасць краіны да вытворчасці ўнікальнай прадукцыі, высокія магчымасці забеспячэння бяспекі і абароны, узровень удзелу ў глабальных інтэграцыйных утварэннях.
Як вядома, Беларусь імкнецца да высокага ўзроўню, і кіраўніцтвам пастаўлена амбітная задача — трапіць у спіс 30-ці найбольш развітых краін свету. Верагодна, што тым унёскам, з якім наша дзяржава плануе быць пазнавальнай у структуры сусветнай эканомікі, стануць машынабудаванне, ІT-тэхналогіі, нафтаперапрацоўка, атамная энергетыка і сельская гаспадарка. Апошнім часам да гэтых пазіцый айчынныя і замежныя эксперты дадаюць таксама беларускі ваенна-прамысловы комплекс.
Новая магчымасць для Беларусі
Рэспубліка Беларусь валодае ўнікальнымі напрацоўкамі ў галіне вытворчасці радыёлакацыйных станцый, што ствараюцца на базе канструктарскага бюро «Радар», вядомасць на сусветным рынку маюць айчынныя аптычныя прыборы, існуюць магчымасці па мадэрнізацыі вайсковай тэхнікі. Уласная тэхналогія стварэння беспілотнікаў (вядомыя мадэлі «Філін», «Грыф», «Сцерх») дазваляе нашай краіне займаць лідарскія пазіцыі ў рэгіёне па вытворчасці высокатэхналагічнай прадукцыі ваеннага і двайнога накірунку. Аднак падобныя дасягненні зусім не з'яўляюцца вяршыняй развіцця беларускага ВПК. 2 красавіка падчас наведвання авіярамонтнага завода ў Баранавічах Прэзідэнт паставіў перад ваеннымі інжынерамі задачу выйсці на вытворчасць уласнай авіяцыйнай тэхнікі — самалётаў і верталётаў, а таксама стварыць магчымасці па вытворчасці ўласнай бронетэхнікі. Асаблівы ўпор Аляксандр Лукашэнка загадаў зрабіць на стварэнні ланцугоў прамысловай кааперацыі з расійскімі і ўкраінскімі партнёрамі.
Існуе погляд, што падобны заказ ад кіраўніка дзяржавы паступіў у выніку аналізу актуальнага міжнароднага становішча, а таксама некаторых змен сістэмы прамысловай кааперацыі ў рэгіёне, што склалася па выніках крызісу ва Украіне. Відавочна, што крызіс адносін паміж Масквой і Кіевам мае досыць доўгатэрміновы характар, што пагражае знікненнем украіна-расійскай ваеннай кааперацыі. Моцны ВПК Украіны, асноўным заказчыкам прадукцыі якога быў расійскі бок, будзе цалкам разбураны. У перспектыве гэта прывядзе да сумных вынікаў не толькі для ўкраінскай эканомікі, але і для інтарэсаў бяспекі Расійскай Федэрацыі і ваенна-палітычнага альянсу АДКБ, бо вельмі ўзмоцніць залежнасць ад замежных вытворцаў зброі.
Такім чынам, захаванне ўкраінскіх тэхналогій ваеннай вытворчасці для мэтаў АДКБ шляхам стварэння двухбаковай прамысловай кааперацыі становіцца не толькі эканамічным экспартным інтарэсам беларускага боку, але стратэгічнай задачай рэгіянальнай бяспекі і саюзным абавязкам. Беларусь ужо мае пазітыўны вопыт супрацоўніцтва з украінскімі вытворцамі ваеннай тэхнікі. Так, у кааперацыі з кампаніяй «Мотар Січ» на пляцоўцы аршанскага авіярамонтнага завода арганізавана вытворчасць рухавікоў для баявых верталётаў, праводзіцца мадэрнізацыя тэхнікі, існуюць іншыя перспектыўныя праекты. Пашырэнне супрацоўніцтва такога кшталту будзе выгадным і для Украіны, і для Беларусі, дазволіць абараніць украінскія інжынерныя і канструктарскія інтэлектуальныя кадры.
Дадатковым фактарам для разумення новых задач ВПК Беларусі з'яўляецца нядаўні візіт віцэ-прэм'ера расійскага ўрада Дзмітрыя Рагозіна ў Мінск. Рагозін з'яўляецца куратарам ваенна-прамысловай вытворчасці Расійскай Федэрацыі, і асноўным інтарэсам чыноўніка было высвятленне магчымасцяў пашырэння беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў гэтай сферы, вызначэнне дадатковых сектараў удзелу беларусаў у расійскіх абаронных заказах.
Відавочна, што ва ўмовах нарастаючага геапалітычнага супрацьстаяння Расія мусіць спадзявацца толькі на ўласныя магчымасці і на сваіх саюзнікаў, што адкрывае перад беларускай прамысловасцю, у тым ліку ваенна-тэхнічнай сферай, прынцыпова новыя задачы развіцця.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.