Эксперты сталічнага рынку арэнды прагназуюць, што значнага павелічэння попыту на здымнае жыллё падчас ЧМ па хакеі не будзе.
Ужо чацвёрты месяц запар на мінскім рынку жыллёвай нерухомасці назіраецца сапраўдны «мёртвы» сезон, калі колькасць здзелак куплі-продажу кватэр паменшылася ў разы.
Гэтая акалічнасць пэўным чынам адгукнулася і на сітуацыі з арэндай прыватнага жылля. Пра сённяшнюю сітуацыю на сталічным рынку арэнды і прагнозы на бліжэйшую перспектыву карэспандэнту «Звязды» паведаміла намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра гандлю нерухомасцю «ПАКАДАН» Аксана ЛУКАШЭВІЧ.
Існуе выбар нават сярод бюджэтных кватэр
Цяпер сітуацыя істотна змянілася, бо з рынку знікла вялікая колькасць менавіта нервовых кліентаў, якім арэндныя кватэры неабходна было знайсці амаль імгненна. Сёння попыт крыху паменшыўся і адначасова сур'ёзна павялічылася прапанова даволі якасных жылых памяшканняў. Адкуль яны «зваліліся»? Усё тлумачыцца рынкам куплі-продажу кватэр, які знаходзіцца ўжо ў працяглым «завісанні». У каталогах на продаж цяпер знаходзіцца іх бадай максімальная колькасць (каля 7,5 тысячы аб'ектаў). Разам з тым, калі кватэры больш за два месяцы не знаходзяць сабе новых уласнікаў, то яны амаль аўтаматычна трапляюць у разрад арэнднага жылля. Людзі здаюць такую нерухомасць на непрацяглы час, таму і цэннік на іх ніжэйшы за рынкавы. А пры вялікай прапанове падобных кватэр пачынае зніжацца агульны «тарыф» арэнды і па ўсіх сегментах здымнага жылля.
Так здарылася, што цяпер на рынку першую скрыпку іграюць менавіта патэнцыяльныя кватаранты. Выбар у іх сёння максімальны па ўсіх катэгорыях жылля. Так, у каталог прапановы агенцтва нашага эксперта за дзень трапляе часам да некалькіх дзясяткаў свежых кватэр, сярод якіх хапае і бюджэтных.
З'явіліся аднапакаёўкі і за 300 долараў
Максімальны аб'ём прапановы прымусіў уладальнікаў свабодных кватэр сур'ёзна паменшыць свае апетыты. Толькі за апошнія два месяцы сярэдні кошт арэнды стандартных кватэр паменшыўся на 50-80 долараў. Цяпер мінімальны цэннік аднапакаёвых кватэр складае ўсяго 300-350 долараў. А яшчэ ў сярэдзіне студзеня падобныя аднапакаёўкі па 380-400 долараў трэба было яшчэ адшукаць. Існуюць на рынку маленькія кватэры побач з метро і за 400-450 долараў, але на іх кліенты амаль не звяртаюць увагі. Мінімальны кошт двухпакаёвых кватэр цяпер складае толькі 400-420 долараў. У рэдкіх выпадках больш якасныя двухпакаёўкі прапануюцца па 450-480. Нават стандартныя трохпакаёвыя кватэры гэтымі днямі можна знайсці за 450-500, а такія памяшканні без мэблі — за 420-450 долараў.
Да восені падаражання не прадбачыцца
Эксперты сталічнага рынку арэнды ўпэўнены, што напярэдадні і падчас ЧС па хакеі цэннікі па доўгатэрміновай арэндзе павялічвацца не будуць. Попыт на такое прыватнае жыллё з боку будучых наведвальнікаў сусветнага першынства цяпер мінімальны. Пакуль што агенцтва «ПАКАДАН» не атрымала ніводнай заявы на арэнду кватэр з боку спартыўных турыстаў. Магчыма, гэта тлумачыцца своечасовым увядзеннем у эксплуатацыю ў сталіцы вялікай колькасці сучасных гасцініц. Напярэдадні хакейнага мундыяля плануецца выдзяленне жылых пакояў і блокаў у інтэрнатах і іншыя мерапрыемствы. Да таго ж аматары спартыўнага форуму будуць больш звяртаць увагу на кватэры «на суткі», а не на рынак доўгатэрміновай арэнды.
Больш за тое, існуюць перадумовы нават далейшага патаннення гэтага сектара паслуг. Тут маецца на ўвазе той факт, што ўжо ў маі на рынак арэнды трапіць дастатковая колькасць сезонных кватэр ад бабуль, якія будуць жыць у сваіх садовых доміках ажно да восені. Праўда, існуе адно «але». Як толькі пачнецца павелічэнне колькасці здзелак па сегменце куплі-продажу кватэр, то адразу скараціцца ўзровень аб'ёму прапановы на рынку прыватнай арэнды жылля. А ўслед за такім скарачэннем прапановы можа адбыцца і чарговае падаражанне здымнага жылля. Хутчэй за ўсё, такая цэнавая ракіроўка адбудзецца не раней за верасень.
Апошнім часам пачалася актыўная канкурэнтная барацьба паміж уладальнікамі элітнага і дарагога жылля. Калі арэнда кватэры каштуе больш за тысячу долараў, то адшукаць на яе багатых кліентаў стала праблематычна. Таму гаспадары такіх жылых памяшканняў пачалі «заманьваць» кліентаў рознымі «фішкамі». Нехта будуе ў сваіх апартаментах экстравагантныя фантаны, іншыя арганізуюць у асобным пакойчыку спецыяльны мікраклімат за кошт экзатычных раслін і гэтак далей. Аднак самым лепшым «пернікам» для пакупніка застаюцца сур'ёзныя зніжкі. І ў гэтым кірунку «лёд крануўся».
Пацікавіліся мы ў спадарыні Лукашэвіч аб тэме магчымай актывізацыі замежнай міграцыі з боку суседніх дзяржаў. Факты такія і сапраўды ёсць. За апошні час у яе агенцтве чатыры сям'і з Украіны знялі ў Мінску ў прыватным сектары звычайныя стандартныя кватэры. Здзелкі ажыццяўляліся ў спакойным рэжыме без ніякага аўралу. Інфармацыю аб статусе мігрантаў і прычынах прыезду спецыялісты агенцтваў у будучых кватарантаў звычайна не патрабуюць. Жыццёвыя сітуацыі розныя бываюць...
Адпачынак на дачы
Гэтымі днямі ў агенцтвах нерухомасці з'явіліся першыя заяўкі ад кліентаў, якія жадаюць актыўна адпачываць недалёка ад галоўнага мегаполіса краіны, але, разам з тым, і на прыродзе. У каго сваёй загараднай «фазэнды» няма, то менавіта цяпер яны і пачынаюць «варушыцца». Сярэдні цэннік арэнды даволі прыгожай, але без «наваротаў», дачы пад Мінскам складае ад 200 да 300 долараў за месяц. Масавы заезд першых аматараў дачных шашлыкоў пачнецца крыху пазней — калі сапраўды пацяплее. Тапіць печку адразу пасля зімы не кожнаму падабаецца, а жыць у лёгкіх садовых доміках пакуль халаднавата.
А вось за 500-800 долараў кампанія можа зняць на месяц не вельмі вялікі і дарагі, але даволі камфартабельны катэдж з усімі выгодамі. Выбар да мая пакуль ёсць. Сезон толькі пачынаецца...
Сяргей КУРКАЧ.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.