Жыхар хутара Стойлы Мікалай Тарасюк, народны майстар Беларусі, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, герой некалькіх дакументальных фільмаў і фотаальбома «Сялянская энцыклапедыя», не зважае на свой салідны ўзрост і працягвае ствараць па-ранейшаму цікавыя кампазіцыі, чым пацвярджае аксіёму: творчасці ўзрост не перашкода. Ёсць натхненне — будзе і творчасць! Адкуль у 82-гадовага вяскоўца бярэцца натхненне? Гэтую загадку не разгадае ніхто, і нават сам мастак-разьбяр не здольны даць адказ. Што па-добраму здзіўляе, ён нават не паклапаціўся падлічыць, колькі драўляных фігурак зрабіў. Хай сабе не за ўсё жыццё, а толькі для твораў, якія змешчаны ў драўлянай пабудове ў яблыневым садзе — музеі-галерэі. Сто, тысячу, дзве тысячы?..
Самі фігуркі невялікія — максімум з далонь, і амаль кожная кампазіцыя (а яны ў большасці на тэму сялянскай працы і побыту) — «калектыўная». Майстру ўласціва ўводзіць сваіх персанажаў у розныя «сацыяльныя» сюжэты. Такім чынам у Тарасюка і атрымліваецца «шматлюднасць». У некаторыя бытавыя сцэны, каб раскрыць тэму, ён уводзіць да дзясятка і больш драўляных персанажаў — як, напрыклад, у «раскулачванні сялянскай сям'і», «вясельным абрадзе», «вянчанні ў царкве», «пахаванні». Кожную фігурку майстар не толькі «апранае» (фарбамі), але і абавязвае нешта рабіць, каб кампазіцыя атрымалася праўдзівай і дынамічнай.
Тарасюк жыве ў сваім асаблівым асабістым свеце, і гэта відаць, што называецца, няўзброеным вокам. Не ў плане даху над галавою і вядзення гаспадаркі — у гэтым ён мала чым адрозніваецца ад іншых вяскоўцаў: і бульбу садзіць, і дровы сячэ, і за канём ходзіць, і пчол даглядае. А ў тым, што ніколі не страчвае свайго непадробнага, па-дзіцячаму чыстага, а ў нечым і наіўнага, адчування свету. Дастаткова адчыніць дзверы ў перапоўненую творамі галерэю-сховішча, каб патрапіць у непаўторны свет мастака. Унікальны, падобных якому наўрад ці дзе яшчэ знойдзеш.
Творчасць Мікалая Тарасюка — цалкам экалагічная. І ў выкарыстанні адпаведных матэрыялаў як сродкаў выяўлення — дрэва, лазы, бяросты, ільну, саломы, чароту, моху, пер'я. І ў выбары сюжэтаў з сялянскага жыцця, якое ў яго творах цалкам знітавана з прыродаю. І ў адлюстраванні самой прыроды — жывёл, птушак, дрэў і кветак. Унікальнасць мастака і ў тым, што для самавыяўлення яму не патрэбны спецэфекты, супертэхніка і дарагія алейныя фарбы. Уся палітра выяўленчых сродкаў — пад рукамі, у прыродзе. З усіх дасягненняў цывілізацыі ў творчасці Мікалая Тарасюка выкарыстаны толькі жалезныя цвічкі і акварэльныя фарбы.
Несумненна, што адной з крыніц натхнення ў мастака з'яўляецца сама жывая прырода з яе колерамі, гукамі і пахамі. Якая акружае хутар Стойлы і без якой Мікалай Васільевіч Тарасюк не ўяўляе ні сябе, ні жыццё, якое яшчэ з маленства навучыла любіць (а значыць, разумець) гэты навакольны свет: балоты — цяпер ужо асушаныя, раку Левую Лясную, няхай сабе і выпрамленую меліярацыяй, Белавежскую пушчу, блізкую і па-ранейшаму прыцягальную і чароўную.
Анатоль Кляшчук,
фота аўтара.
Пружанскі раён.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.