Надзейцы С., з якой мы ў 90-х гадах працавалі ў Рэспубліканскім цэнтры «Меліярацыя», шчасціла ў многім. Ну, у прыватнасці, яна, што называецца, узбілася на грошы, купіла машыну і нават паспяхова здала на правы. Заставалася «драбяза» — навучыцца ездзіць. Не, на пустой дарозе ды ў чыстым полі з гэтым праблем не было, а вось у горадзе...
Малюнак з натуры. Сталіца, Ленінскі (тады) праспект, скрыжаванне з вуліцай Янкі Купалы. Святлафор не працуе — махае жэзлам, як прапелерам, хмуры сяржант. Паспрабуй тут разбярыся, можна ехаць ці не? А ў выніку спыніўся Надзін зялёны «Масквіч»: дзяўчына ў ім сядзіць, галавою круціць, ад напружання аж спіна ўзмакрэла. А тут яшчэ і дождж сцяной...
«Дык жа дзякуй Богу!» — бліснула думка.
Яна яшчэ раз азірнулася на іншых — і ледзь не ўшчыльную падруліла да... сяржанта.
— Таварыш лейтэнант, — усміхнулася яму, — сядайце ў машыну, пагрэйцеся. Вы ж зусім прамоклі.
Павышаны ў званні рэгуліроўшчык, які толькі што хацеў уляпіць ёй штраф, адразу ж пасвятлеў:
— Дзякуй, мілачка... Я думаў, што гэта за бесталач на скрыжаванні стаіць? А вы, аказваецца, з-за мяне? Пашкадавалі?.. Прыемна... І я, паверце, з дарагой душой бы — і падсеў да вас, і пагрэўся, але ж нельга мне: служба.
На гэтым слове ён узяў пад казырок і выразна махнуўшы жэзлам, даў Надзейцы персанальнае «зялёнае святло»...
Дзяўчына, можна сказаць, сухой выйшла «з вады». Але ж пасля гэтага зрабіла выснову: нельга садзіцца руль, пакуль не вывучыш правілы дарожнага руху. Прычым — усе і назубок.
Уладзімір Шулякоўскі,
г. Мінск
Не падманеш — не пражывеш
У нашых мясцінах калектывізацыя пачалася ў канцы саракавых гадоў мінулага ўжо стагоддзя. Цяжка ішла, але калгасы ўсё ж стварыліся.
І вось вясна — трэба ўрабляць зямельку, трэба садзіць бульбу. Ну, вядома ж, уручную, пад плуг і па звычнай сялянскай тэхналогіі: гэта значыць, у адну баразёнку насенне кладзецца, другая прапускаецца, потым зноў...
Дык вось. У наш, толькі што створаны, калгас «Сцяг камунізму» прыязджае спадар Козінцаў — упаўнаважаны з райкама партыі. І, вядома ж, не проста так, а з праверкай. Наведвае адну вясковую брыгаду — прэтэнзій не мае: бульба амаль пасаджана. А вось у другой, хутарской, — адставанне... Мусіць, бракавала чагось — не то конскіх сіл, не то людскіх... Трэба было разбірацца. Але ж, калі ўладу маеш, прасцей крычаць.
Вось той упаўнаважаны і ўзяўся: тут жа, на полі, пры нарозе, стаў прабіраць брыгадзіра.
Не, дзякаваць Богу, мацюкоў не гнуў, яны тады неяк не ў модзе былі, а вось слова «сабатаж» ужо прагучала. Значыць, колькі гадоў турмы па тым часе брыгадзіру ўжо «засвяціла». Трэба б ратавацца, а як?
Адзін з калгаснікаў выручыў. Ведаў ён, што Козінцаў — чалавек гарадскі, што ў тэхналогіі пасадкі бульбы анічога не цяміць. Вось і сказаў:
— Не дзіва, што ў той брыгадзе нас апярэдзілі... Мы ж сумленна працуем, бульбачку садзім у кожную баразну, а яны — праз адну: адна — пустая, другая — засаджаная... Так, вядома ж, хутчэй...
— Ды не можа быць?! — аж збялеў упаўнаважаны.
— Не верыце? Дык едзьце ды паглядзіце.
— Паехалі, — тут жа скамандаваў Козінцаў брыгадзіру.
І, вядома ж, не пагрэбаваў — ад душы пакорпаўся ў зямлі, на суседнім засаджаным полі — пераканаўся, што бульбу там і сапраўды праз баразну садзілі.
...Казалі, пасля гэтага на нейкай нарадзе ён распачаў быў абвінавачваць «парушальніка» тэхналогіі, але ў зале падняўся такі дружны рогат, што выступоўца асекся і змоўк.
Сцяпан Нефідовіч,
в. Любань, Лунінецкі раён.
У мужа
свая справа,
у жонкі — свая
...Пятровіч быў добрым цырульнікам, да яго заўжды стаяла чарга — пераважна з мужчын, але ж кабеты таксама заходзілі. І майстар тады ну вельмі стараў-ся! Ён далёкія планы выношваў: дзеля жоначкі-прыгажуні займець кола пастаянных кліентаў, а потым адкрыць сваю справу, сваю ўласную цырульню. Ці нават дзве...
Некалі гэтая блакітная мара так бы ёю і засталася, але ж часы мяняюцца. Атрымаў Пятровіч ліцэнзію, купіў прылады працы, знайшоў памяшканне. І, пашчасціла — у самым цэнтры горада. Таму ад кліентаў, можна сказаць, адбою не было. Цырульнік нават памочніка сабе ўзяў — з ліку сваякоў. Нядрэнны трапіўся хлопец, да таго ж — назіральны.
Аднойчы ён і кажа майстру:
— Нейкі дзіўны мужык да нас зачасціў...
— Хто такі? — насцярожыўся Пятровіч. — І чым жа дзіўны?
— А тым, што з высокага начальства, відаць. Прыбраны, па вуліцы гогалем ходзіць. А да нас толькі нос усуне, паглядзіць, што тут робіцца, колькі людзей у чарзе, — і назад... Спярша зрэдку завітваў — можа, раз-два на месяц, а цяпер дык амаль штодзень, пасля абеду. Можа, ён з праверкай якой? З санстанцыі? Ці з падатковай?
— Гм, цікава, — пачухаў патыліцу Пятровіч. — Трэба за ім прасачыць, паглядзець, куды ён потым ідзе. Возьмешся? — спытаў у хлапца.
— Трэба — значыць, трэба, — згадзіўся той.
Пасля гэтай размовы пары дзён не прайшло, — адчыняюцца дзверы, заяўляецца той «рэвізор». І сапраўды — пры гальштуку, у белай сарочцы, у капелюшы, акуратна паголены, бездакорна пастрыжаны... Такому і сапраўды ў цырульні рабіць няма чаго. Ды ён, падобна, і не збіраўся: чаргу агледзеў — і за дзверы. Малады цырульнік, як дамаўляліся, назіркам за ім...
Назад толькі праз гадзіну вярнуўся: гаспадар знерваваўся ўжо, зачакаўся... Не кідаючы нажніц, ціхенька пытаецца:
— Ну, што за тып? Адкуль? Кажы хутчэй — ты ж сачыў?
— А як жа! Ён на вуліцу, я следам... Бачу — у суседнюю краму заходзіць...
— У якую? З праверкай? — не церпіцца Пятровічу.
— Не, ён кветкі купіў, прыгожы букет...
— Гм... Ненармальны нейкі...
— Ну як сказаць? — пачухаў патыліцу памочнік. — Ён жа з гэтым букетам да вас дадому пайшоў.
Пятровіч, пачуўшы такое, свайму кліенту ледзь вуха не адстрыг!
А хлопец між тым працягваў:
— Я потым амаль гадзіну ля вашых вокнаў круціўся — ён так і не выйшаў.
— Дакончы стрыжку, — загадаў Пятровіч памочніку, — я зараз...
Што там потым у яго дома тварылася, не ведае ніхто. А вось тое, што «рэвізор» знік, асобныя заўважылі.
...Цырульнік — застаўся, яго жонка — таксама, а маладому спецыялісту дык нават заробак павысілі — за пільнасць.
М. Багданаў,
в. Новы Пагост, Мёрскі раён.
А не ідзі...
у заклад
Гэтую гісторыю я пачула на працы. З яе нашы мужчыны рагаталі так, што аж шыбы ў вокнах дрыжэлі! Я расказваць не вялікая мастачка, але ж... Як атрымаецца: можа, хоць нехта ды ўсміхнецца.
Значыць, было ўсё так. Аднойчы летам і бліжэй да вечара трое сяброў вырашылі нешта адзначыць. Прычым не абы-дзе — за вуглом ці ў падваротні, а як належыць — на лоне прыроды.
Мужыкі сказалі — мужыкі зрабілі: завіталі ў краму, купілі ўсё, што трэба было, падаліся ў знаёмы лясок, газетай накрылі паляну... І ўсё было б шыкоўна, калі б не... камары! Наляцелі — ну проста хмарай, як саранча.
Двое з тых мужыкоў давай адбівацца ад іх, давай рукамі размахваць ды нейкія галінкі ламаць. А трэці стаіць ды з іх пасміхаецца: яго, маўляў, ніводзін камар не ўкусіў.
— І, — ганарыцца, — не ўкусіць, бо я для іх нясмачны... Што — не верыце? А давайце тады ў заклад? На бутэльку! Я дагала раздзяваюся і паўгадзіны стаю.
— Ды не зможаш... Заядуць...
— Рады не дасі! — кажуць сябры яму.
— Гэта я не дам? Паўгадзіны? Ды лёгка ж! — абяцае той.
Карацей, ударылі яны па руках. А затым адвялі «героя» ад накрытай паляны, ад «стала» (каб «пейзаж» не псаваў сваім голым відам), пачакалі пакуль раздзенецца, для чысціні «эксперымента» (ну каб не адмахваўся) рукі да дрэва прывязалі. Паглядзелі на гадзіннік і на «паляну»: пайшлі, селі там... Не паспелі, што называецца, чаркі падняць, як пачулі:
— Эй, мужыкі, сюды... Адвяжыце! Мы так не дамаўляліся... Ды бараніце ж! Хутчэй!
— Ага, здрэйфіў? — перамігнуліся сябры. — Дык жа пастой, пакрычы... Будзеш ведаць у наступны раз, як ісці ў заклад. А то бач, кроў у яго не такая... Камары не кусаюць... Цярпі, калі падрадзіўся...
Выпілі...
Не паспелі прыкусіць, лясок аж скалануўся ад крыку! Мужыкі міжволі падхапіліся — і да дрэва... Падбеглі, а там... Карціна — яшчэ тая!
Непадалёк, значыць, нейкая сямейка сваю кароўку навязала. А пры ёй бычок быў — чорненькі, маленькі. І, вядома ж, цікаўны. Спачатку ён здалёк пазіраў на таго дзецюка, потым яму бліжэй падысці закарцела, а падышоўшы, абнюхаць...
Ён, можа, і «прыклаўся» б па звычцы, як да мамы, калі б мужык не зароў, як рэзаны, калі б не адбрыкваўся... І калі б потым з кустоў яшчэ двух не вынесла...
Карацей, спужалася цяля, пабегла да каровы.
А мужыкі, ад душы парагатаўшы, небараку таго адвязалі ад дрэва, гарэлкі налілі, каб неяк стрэс зняць...
З тых часоў у заклад ён больш не ходзіць. А тым больш — у лесе. Бо там жа не толькі камары, там іншых насельнікаў багата, прычым самых нечаканых.
А.М., г. Віцебск.
Рубрыку вядзе
Валянціна Доўнар.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.