Аўтар беларускага, насамрэч народнага, шлягера быў вымушаны на вуліцы ў Амерыцы зарабляць на ежу
«Чарка на пасашок» — песня, вядомая не толькі ў Беларусі. Напэўна, гэты шлягер будуць спяваць і праз 100 гадоў. Шмат хто думае, што музыка і словы гэтай песні — народныя. І нямногія ведаюць, што напісалі яе не так ужо і даўно — у 1998 годзе — два Аляксандры: Балотнік і Лягчылаў. Кампазітар Балотнік, які жартам называе сябе «баяніст па нацыянальнасці», напісаўшы «народны шэдэўр», з'ехаў жыць у ЗША, дзе жыў без малога 12 гадоў. Аляксандр Пятровіч не ўтойвае, што часамі жылося яму за акіянам не соладка. У прыватнасці, зарабляў на вуліцы — іграў на баяне. І рабіў гэта вельмі адораны чалавек, які скончыў кансерваторыю (па класе баяна. — Аўт.), быў музычным кіраўніком у Дзяржаўным камітэце па тэлебачанні і радыёвяшчанні,
працаваў у папулярным ансамблі народнай музыкі «Бяседа».
Некалькі гадоў таму ён вярнуўся з эміграцыі. Жыве ў родным Лепелі, Мінску... Праўда, гаворыць, што дома свайго няма, бо толькі прапісаны ў бацькоў.
Падчас размовы з карэспандэнтам «Звязды» кампазітар прызнаўся, што гэта ён прыдумаў самыя вядомыя словы песні, якая стала яго творчай візіткай. Усю музыку песні напісаў не адразу — спачатку з'явіўся славуты прыпеў. І здарылася гэта пасля бяседы.
На YouTube кажушок стаў... карэньчыкам
— Як я напісаў песню «Чарка на пасашок»? Спачатку ў мяне быў прыпеў — жалезны такі (напявае. — Аўт.). Можа быць, з паўгода ніяк не мог яшчэ нешта дапісаць. І ўжо думаў, што гэты прыпеў ні ў што не выльецца. Але, напэўна, падсвядомасць «нешта такое» чакала. І потым гэта здарылася. Быў у мяне сябар у гасцях, вырашыў я праводзіць яго да таксі, а так холадна на вуліцы было... Кажу яму: «На пасашок — на марозе кажушок»... Як славяне кажуць: «100 грамаў выпіў, быццам з роднымі пагаварыў».
І ўспрынялі людзі потым словы пра «пасашок». Для народнай песні, напэўна, важна, калі словы простыя, зразумелыя ўсім, — успамінае кампазітар.
Музыкант вельмі перажывае з-за таго, што яго сябар Аляксандр Лягчылаў, аўтар усяго тэксту шлягера, памёр. Паводле слоў Аляксандра Балотніка, яны разумелі адзін аднаго нават не з паўслова, а «з паўлітары».
Кампазітар прызнаўся, што за выкананне яго песні №1 атрымлівае не такія ўжо і вялікія «аўтарскія». Багацеем ад пералічэння грошай не стаў. Яму прыемна, што спяваюць пра пасашок не толькі ў Беларусі.
— На YouTube ёсць «хохма»: калектыў аж з Магнітагорска, калі выконвае маю песню, спявае «на морозе корешок». Думаю, які «корешок»? А калектыў цікавы: у іх багатыя касцюмы, 10 гадоў ужо выступаюць. Кіраўнік ансамбля мне потым напісаў: «выбачайце, што мы няправільна пераклалі слова». А як яны маглі правільна перакласці, калі не ведаюць беларускай мовы? — працягвае кампазітар.
Ён здзіўляецца, калі суразмоўцы не могуць успомніць назвы іншых яго песень. Напрыклад, «Будзь здаровы, гаспадар» — таксама вядомая. Калі Якаў Навуменка, якога, на жаль, таксама ўжо няма з намі, выканаў упершыню гэтую песню на «Дажынках», яна адразу стала папулярнай.
— А ўсе ўспамінаюць менавіта «пасашок». Ёсць у мяне не адна песня на застольную тэму... Вам падабаецца такое? Гэта трэба? Або лепш тое, што Стас Міхайлаў спявае? — пытаецца ён у мяне.
Аляксандр Балотнік, дарэчы, аўтар самых розных па жанру песень: лірычных, абрадавых. Адна з песень кампазітара «Ефрасіння» прагучала падчас адкрыцця Палаца Рэспублікі, чым ён ганарыцца. Калі працаваў у этнаграфічнай групе «Жывіца», збіраў адпаведны «матэрыял» — па вёсках, хутарах, апрацоўваў песні нашых продкаў.
Міф пра Амерыку —
ад Галівуда
— Калі хочаце запытаць пра эміграцыю, калі ласка, да мяне звяртайцеся. З'ехаў я ў ЗША ў 1998 годзе. Памятаю, складаны той год быў. Нам з жонкай здавалася, што трэба ехаць з Беларусі. Тым больш я ў Штатах раней на гастролях выступаў, і прымалі маю творчасць вельмі добра. Мая жонка настойвала, каб паехаў. Так і зрабіў, а потым паклікаў сям'ю да сябе. Гэта было няправільна. Але я вельмі цаню той досвед, які мне дала эміграцыя. Я ведаю, што такое Брайтан, дзе чуў ад знаёмых, таксама эмігрантаў: «Саня, прывітанне!» І ведаю, што такое рэстаран «Адэса». Я жыў на 6-м Брайтане , а на 4-ы вадзіў дзіця — у садок. Жыў спачатку ў Нью-Ёрку, а перад вяртаннем у Беларусь — у Філадэльфіі. Я, перад тым як з'ехаў за мяжу, пабываў у многіх краінах. У нямецкім гарадку выпадкова сустрэўся і гаварыў са знаёмымі, якія вучыліся ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Памятаю, мне казалі, што эміграцыя — гэта сур'ёзнае выпрабаванне. Слухаў аднаго, другога і думаў, што, напэўна, дрэнны ты скрыпач, калі на вуліцы выступаеш... А потым і ў мяне такое было. Памятаю, у Амерыцы разам з сябрам давялося іграць на вуліцы: я — на баяне, а ён — на скрыпцы. Рабілі гэта, каб было на што паесці. Падыходзілі розныя людзі. Слухалі і хвалілі, казалі, што добра іграем, і грошы нам клалі, — расказвае Аляксандр Пятровіч.
Паводле яго слоў, славутая «амерыканская мара» ўзнікла дзякуючы Галівуду.
— Так, у адным з інтэрв'ю я сказаў, што ледзь у Амерыцы не здох. Не, не было ў мяне ніякай моцнай хваробы. Проста ёсць нейкі падман у амерыканскай мары. Што гэта за мара, бадай, усім вядома. І ў мяне таксама такое было. Памятаю, прыехаў, сяджу ў нумары і думаю: ну вось, у мяне ўсё добра, я ўжо сюды прыехаў, замацаваўся. Але жыццё — складаная рэч... У мяне дачка ў Амерыцы і сёння жыве. Яна прыехала туды, калі ёй не было і чатырох гадоў. Тэма пра дачку — балючая, таму што я не бачу яе. Калі яе мама, мая жонка, памерла ў Амерыцы, дачка адразу стала занадта дарослай — у 12 гадоў. Мама яе пайшла з жыцця, а мяне тады не было побач, бо жылі мы ў розных штатах, — з болем расказвае кампазітар.
Ён прызнаўся, што мае траіх дзяцей — ад трох жанчын.
Чаму вярнуўся ў Беларусь? Як гаворыць кампазітар, гэта ўжо зусім іншая тэма. Сказаў, што пасля ЗША правінцыйны беларускі гарадок Лепель для яго — магчымасць жыць на малой радзіме, дзе хочацца памерці.
Што тычыцца творчасці, ён не разумее тых, хто выходзіць на сцэну, не маючы голасу. Падчас свайго сольнага канцэрта ў Віцебскай філармоніі, які адбудзецца 22 красавіка, абяцае прыемна здзівіць публіку новымі шлягерамі і сапраўдным вакалам. Выканае не толькі свае песні, але і хіты Гладкова і Карызны, замежныя папулярныя песні.
Дарэчы, кампазітар не разумее, чаму ў Віцебску, «абласной сталіцы», як казаў Марк Фрадкін, славуты яго ўраджэнец Віцебска, рэдка можна пачуць беларускую мову. Аўтар шлягера з задавальненнем пераходзіць на беларускую мову, калі суразмоўца беларускамоўны. Тлумачыць гэта тым, што, напрыклад, паэты, з якімі ён супрацоўнічае, размаўляюць толькі па-беларуску. Але і на англійскай мове ён будзе рады пагутарыць — было б з кім.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.