Тыдзень таму «Звязда» пачала распавядаць пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія былі прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, але атрымалі іншыя ўзнагароды. Размова перш за ўсё пра партызанаў, якія змагаліся за свабоду Радзімы ў тыле ворага. Кожны дзень у партызанскім атрадзе быў як подзвіг: нават проста выжыць у голадзе, холадзе, пад пастаяннымі фашысцкімі аблавамі і абстрэламі было складана... А гэтыя людзі пускалі пад адхон цягнікі, знішчалі цэлыя варожыя гарнізоны, не давалі фашыстам спакою ні днём, ні ўначы. Біяграфія кожнага з іх вартая таго, каб аб ёй напісаць. Героямі не сталі — героямі засталіся. У гісторыі незалежнай Беларусі, у народнай памяці. Гэта пра іх. Зрэшты, мяркуйце самі.
Асвейскі падрыўнік
Рыгор Фёдаравіч Ганчароў.
Падрыўнік партызанскага атрада імя Арджанікідзэ Асвейскай брыгады імя Фрунзэ, якая дзейнічала ў Асвейскім, Расонскім, Дрысенскім раёнах Віцебскай вобласці.
Рыгор Ганчароў нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Пушталёва Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Перад вайной працаваў на чыгуначнай станцыі ў Полацку. Падчас акупацыі знаходзіўся ў бацькоў, якія жылі недалёка ад станцыі Свольна.
Дапамагаў чырвонаармейцам, якія выходзілі з акружэння. Збіраў зброю, аказваў дапамогу прадуктамі харчавання і прадметамі першай неабходнасці партызанам. Калі за сям'ёй Ганчаровых пачалі сачыць, Рыгор са сваім малодшым братам 7 верасня 1942 года прыбыў у атрад, а праз некалькі дзён у атрад прыйшоў і іх бацька.
Малады баец хутка асвоіў ручны кулямёт, аўтамат і вінтоўку. Асаблівы інтарэс праявіў да падрыўной справы. Неўзабаве яго накіравалі ў падрыўную групу, і Рыгор пачаў выходзіць на баявыя заданні па дыверсіях на чыгунцы. На час падпісання ўзнагароднага ліста (люты 1944 года) Ганчароў пусціў пад адхон 14 варожых эшалонаў. У выніку крушэння саставаў разбіта 11 паравозаў, 110 вагонаў і платформаў з розным грузам.
Падчас правядзення аперацый на чыгунцы Рыгор Ганчароў двойчы трапляў у акружэнне, не раз нарываўся на засады ворага. Толькі дзякуючы цвярозаму разліку, уменню хутка ацаніць абстаноўку і прыняць правільнае рашэнне выходзіў са складанага становішча. «Усюды і заўсёды ён заставаўся адважным і смелым байцом», — так напісаў камандзір атрада ў прадстаўленні Ганчарова да звання Героя Савецкага Саюза.
Званне не было атрымана. Узнагародай за партызанскія подзвігі стаў ордэн Леніна, які ўручылі ў 1949 годзе.
Быхаўскі
кулямётчык
Васіль Пятровіч Крыўцоў.
Партызан 61-га партызанскага атрада, які дзейнічаў у Бялыніцкім, Клічаўскім, Магілёўскім, Шклоўскім, Быхаўскім і Кіраўскім раёнах Магілёўскай вобласці. Нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёсцы Палом Клічаўскага раёна. У партызанах з мая 1942 года.
7 жніўня 1942 года група байцоў атрада (15 чалавек) пад камандаваннем лейтэнанта Я.Ф. Каўшырка выйшла на заданне ў раёне вёскі Кучын Быхаўскага раёна. Разграміўшы валасную нямецкую ўправу, група па дарозе назад спынілася ў невялічкім лесе. У гэты час гітлераўцы праводзілі карныя экспедыцыі. Па даносе правакатара фашысты даведаліся пра месцазнаходжанне партызанаў.
Раніцай 9 жніўня калона немцаў колькасцю да 1500 чалавек акружыла з усіх бакоў Кучынскі лес і шчыльным ланцугом пачала яго прачэсваць. Камандзір падраздзялення прыняў рашэнне змагацца да канца. Калі карнікі падышлі зусім блізка, партызаны сустрэлі іх ружэйна-кулямётным агнём. Праціўнік вымушаны быў адступіць, а затым зноў перайшоў да атакі. Партызаны вытрымалі і яе.
Асабліва ў гэтым баі вызначыўся кулямётчык Васіль Крыўцоў. Ад яго меткага агню засталіся на полі бою дзясяткі варожых салдат. Фашысты вымушаны былі выкарыстаць супраць адважных партызанаў мінамёты. Пасля абстрэлу партызанскай пазіцыі зноў перайшлі ў атаку. Няроўны бой доўжыўся больш як дзве гадзіны. Адзін за адным гінулі мужныя героі, неўзабаве змоўк і кулямёт Васіля Крыўцова... З пятнаццаці байцоў групы толькі двум удалося выратавацца. Праціўнік страціў 78 чалавек забітымі і больш за сотню параненымі.
23 жніўня 1944 года камандаванне атрада аформіла ўзнагародны ліст на прадстаўленне Васіля Крыўцова да звання Героя Савецкага Саюза. 28 жніўня ўзнагародны ліст падпісаў і камандзір Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы К.М. Белавусаў. Толькі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 снежня 1948 г. Васіль Крыўцоў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І-й ступені.
Ушацкі камісар
Іван Фёдаравіч Каранеўскі.
Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Віцебскай вобласці. Камісар атрада, з ліпеня 1942 года — партызанскай брыгады імя Чапаева, адначасова сакратар Ушацкага падпольнага райкама КП(б)Б.
Нарадзіўся Іван Каранеўскі ў 1905 годзе ў вёсцы Усвея Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. Перад вайной — першы сакратар Гарадоцкага РК КП(б)Б. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны пакінуты ў тыле ворага. У пасёлку Ула пачаў наладжваць сувязі з насельніцтвам і рыхтаваць кадры для арганізацыі партызанскага атрада.
Восенню 1941 года Іван Каранеўскі быў арыштаваны немцамі. Аднак яму ўдалося ўцячы і прадоўжыць работу па арганізацыі партызанскай барацьбы. У маі 1942 года з групай падпольшчыкаў Каранеўскі ідзе ў лес, арганізуе партызанскі атрад і пачынае актыўную баявую дзейнасць. У чэрвені 1942 года атрад Каранеўскага ўвайшоў у склад партызанскай брыгады імя Чапаева, а сам камандзір атрада рашэннем Віцебскага абкама КП(б)Б зацвярджаецца камісарам гэтай брыгады і першым сакратаром Ушацкага падпольнага РК КП(б)Б.
З гэтага часу Каранеўскі вядзе актыўную работу сярод партызанаў і мясцовага насельніцтва па мабілізацыі ўсіх сіл на барацьбу з акупантамі, стварае новыя падпольныя групы і партызанскія атрады.
З кастрычніка 1942-га па красавік 1944-га партызаны цалкам ачысцілі тэрыторыю раёна ад фашысцкіх захопнікаў і ўстанавілі тут свой кантроль. Амаль два гады насельніцтва Ушацкага раёна знаходзілася пад абаронай партызанаў. Тут пачалі працаваць школы, бальніцы, праводзіліся пасяўныя кампаніі, уборка ўраджаю. З партызанскай зоны ў савецкі тыл было адпраўлена дзесяць тысяч бежанцаў, якія прыбылі ў партызанскі край з іншых акупаваных раёнаў. Уся гэта работа вялася пад непасрэдным кіраўніцтвам Івана Каранеўскага.
У маі 1944 года фашысты пачалі чарговую блакаду партызанаў Ушацкага раёна з прымяненнем авіяцыі, танкаў, адборных воінскіх часцей. Знаходзячыся ў першых шэрагах атакуючых байцоў, камісар брыгады Каранеўскі паказваў прыклад мужнасці і адвагі. У адным з такіх баёў бясстрашны патрыёт загінуў смерцю героя.
У 1945 годзе Віцебскі абкам КП(б)Б накіраваў хадайніцтва аб прысваенні Івану Каранеўскаму звання Героя Савецкага Саюза. Быў узнагароджаны толькі медалём «Партызану Айчыннай вайны» І-й ступені, ордэнам Чырвонага Сцяга. Яго іменем названы вуліцы ў гарадскім пасёлку Ула і райцэнтры Ушачы.
«Брыгада дзядзькі Васі»
Васіль Трафімавіч Варанянскі.
Ураджэнец Украіны, адзін з першых арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Міншчыне. 25 верасня 1941 года з ліку ваеннаслужачых Чырвонай Арміі, якія выходзілі з акружэння, стварыў у Лагойскім раёне партызанскі атрад «Мсціўца», які неўзабаве сваімі баявымі дзеяннямі стаў вядомы не толькі акупантам, але і мясцоваму насельніцтву.
15 ліпеня 1942 года Васіль Варанянскі асабіста кіраваў боем супраць 700 нямецкіх карнікаў і паспяхова яго завяршыў. У лесе, недалёка ад вёскі Валянцінава, знаходзілася партызанская пляцоўка для прыёму грузаў, якія пачала дастаўляць з-за лініі фронту транспартная авіяцыя. Даведаўшыся пра гэта, гітлераўцы вырашылі ліквідаваць партызанскі «аэрадром» і накіравалі ў гэты раён карны атрад.
Партызанскі атрад Варанянскага заняў кругавую абарону і, падпусціўшы ворага на блізкую адлегласць, адкрыў агонь. Бой доўжыўся каля трох гадзін. У выніку фашысты страцілі каля сотні забітымі і вымушаны былі адысці. Захапіўшы варожыя трафеі, Варанянскі павёў атрад у Крайскія лясы.
У верасні 1942 года на базе атрада «Мсціўца» і іншых невялікіх атрадаў была створана магутная партызанская брыгада «Народныя мсціўцы», або, як яе яшчэ называлі, «брыгада дзядзькі Васі», камандзірам якой становіцца Васіль Варанянскі.
За перыяд яго камандавання брыгадай пушчаны пад адхон 51 эшалон, у баях і засадах забіта звыш тысячы нямецкіх салдат, праведзены аперацыі па разгроме варожых гарнізонаў у райцэнтры Мядзел, у пасёлку Ілья, у вёсцы Зарэчча і іншых населеных пунктах.
Васіль Варанянскі загінуў у верасні 1943 года ў авіякатастрофе, калі накіроўваўся ў Маскву па выкліку БШПР. Пасля смерці камандзіра брыгадзе «Народныя мсціўцы» было прысвоена імя Варанянскага. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 жніўня 1944 года Варанянскі пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна.
На жаль, кандыдатура Васіля Варанянскага, як і іншых заслужаных партызанаў Беларусі, была адхілена Цэнтральным Камітэтам КПСС у 1965 годзе падчас разгляду пытання аб прысваенні яму звання Героя Савецкага Саюза. Беларускі народ шануе памяць сваіх герояў: імя славутага партызанскага камандзіра носіць адна з вуліц Мінска.
Генадзь Баркун,
гісторык
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.