Пра шматдзетную сям'ю Галіны Жукавай з вёскі Стрыгава Кобрынскага раёна ўся краіна даведалася пасля таго, як знаёмая ўкрала яе 9-гадовую дачку Ксенію і вывезла немаведама для чаго ў Расію.
Дзяўчынка, на шчасце, праз тыдзень знайшлася. Але з'явілася інфармацыя, што ў Галіны забіраюць пяцярых малодшых дзяцей. Інтэрнэт літаральна ўзарваўся гнеўнымі каментарамі на адрас чыноўнікаў, якія разлучаюць маці з дзецьмі. Каб высветліць, як выглядае сітуацыя на самой справе, карэспандэнт газеты накіравалася ў Стрыгава.
Дом Галіны Жукавай зусім не маленькі, месца тут хапае для ўсёй вялікай сям'і. Але ж і праблем у гэтай хаце таксама хапае. Вось кароткі аповед 35-гадовай маці семярых дзяцей пра жыццё:
— Нарадзілася і вырасла ў вёсцы Хмелева Жабінкаўскага раёна. У 16 гадоў паехала да цёткі ў Віцебскую вобласць, пазнаёмілася з 23-гадовым хлопцам, думала, гэта лёс. Цяпер старэйшай дачцэ Каці сямнаццаць з паловай гадоў. Пасля Каці праз год нарадзіўся Андрэй. Але жыцця з мужам не атрымалася. Ён амаль не працаваў, піў, пачаў руку на мяне паднімаць. Па тэлефоне прасілася ў маці вярнуцца дадому. Праз нейкі час прыехалі маці з сястрой ды забралі мяне з дзецьмі і чамаданам рэчаў.
Працавала ў калгасе цялятніцай, ніякай работы не цуралася, кармы і ваду на сабе насіла. Сустрэўся чалавек, які прапанаваў жыць разам. На той час ён быў загадчыкам фермы. Падумала: станоўчы мужчына, нарэшце будзе сапраўдная сям'я. Сышліся, сталі нараджацца дзеці. Шукалі са сваім грамадзянскім мужам месца, дзе дадуць добрае жыллё. Перамянілі некалькі месцаў жыхарства. Дом далі ў вёсцы Песцянькі Кобрынскага раёна. Але грамадзянскі муж не спяшаўся ўзаконьваць адносіны. Ніводнага з дзяцей ён на сябе не запісаў. Работу кінуў. Біў — цярпела, аж пакуль не стала крывёю кашляць. Давялося расстацца.
На пераезд у Стрыгава меліся дзве прычыны. Той калгасны домік пачаў разбурацца, а на рамонт не было ні сіл, ні сродкаў. І галоўнае, што тут аграгарадок, школа, садок побач, не трэба дзецям мерзнуць на прыпынку ў чаканні аўтобуса. У вёсцы ёсць музычная школа, Ксенія займаецца музыкай. Таму я ўзяла крэдыт на пакупку дома, з якога 200 мільёнаў рублёў пагасіла дзяржава як дапамогу шматдзетнай сям'і. Сем мільёнаў трэба выплаціць самой па дамоўленасці з былымі гаспадарамі
Галіна расказвае, што сустрэлі шматдзетную сям'ю ў Стрыгаве добра. Кіраўнік мясцовай гаспадаркі адразу ж прадаў карову ў крэдыт. Праз тыдзень пасля пераезду дзеці былі з малаком. Сама яна ўладкавалася працаваць на ферму даяркай. Але работа была цяжкай, фактычна ўвесь дзень занятая, а зарплата невысокая. Паводле яе слоў, вылічаць за соткі, за карову — і атрымліваць няма чаго. Таму з сельгаспрадпрыемства звольнілася, пайшла працаваць у Брэст на «Санта-Брэмар». Зарплата — чатыры мільёны. Адзіная нязручнасць, што далёка. На ранішнюю змену трэба выходзіць з дому каля 4-х раніцы, ісці пехатою дзве гадзіны да Кобрына, а там аўтобус прадпрыемства вязе ў Брэст. Выйдзеш з дому ў чатыры, а вернешся а палове адзінаццатай вечара. Але графік зручны: дзень працуеш — суткі дома, ноч працуеш — двое сутак дома, усё можна зрабіць. Дзеці ў гэты час, вядома, заставаліся «як давядзецца». Часта малых глядзела суседка-педагог.
— Вось таму, — тлумачыць Галіна, — я і прывеціла былую аднавяскоўку Ірыну Корпан. Думала, можа іншым разам яна і за дзецьмі прыгледзіць. Ірына, калі не п'е, здаецца нармальнай. Я яе нават хлеб пячы навучыла.
І тут жа згадвае, што спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра ёй забаранялі прымаць у доме гэтую жанчыну з вядомай рэпутацыяй. Але ж Галіна яе пашкадавала — той хутка нараджаць...
Пра выкрадальніцу Ксеніі Ірыну Корпан асаблівая размова. Яна па сваёй распуснасці, відаць, пераўзышла многіх падобных да яе кабет. Бацькоўскіх правоў пазбаўлена, пабывала ў турме, але зноў бадзяецца па прытонах, зноў нараджае. Пры тым, што ў жанчыны ёсць багатыя родзічы ў Расіі, якія гатовыя купіць ёй дом, дапамагаць матэрыяльна, калі яна згодзіцца жыць па-чалавечы. А ёй гэта трэба? Ніхто цяпер не можа зразумець, навошта ёй была гэта дзяўчынка ў яе падарожжы. Можа, патлумачыць міліцыі, калі яе ўсё ж затрымаюць.
Галоўнае, чаму радуецца Галіна, — дачка расказала, што яе не крыўдзілі, кармілі ўсе дні. Але ж дзіця перажыло стрэс, спіць вельмі неспакойна, ёй сняцца велікагрузныя машыны — фуры, якія перакульваюцца і гараць. Яна са сваёй дарослай спадарожніцай ехалі ў асноўным на такіх машынах. «Ксенія — дзіця, для яе падарожжа было гульнёй, яна спужалася цяпер, калі вярнулася дадому і ёй расказалі, як перажывала мама, як яе шукалі», — згаджаецца са шматдзетнай маці Галіна Пасюк, дырэктар Кобрынскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
Галіна Вавілаўна ведае гэтую сям'ю і бывае тут на працягу апошніх гадоў шасці. Педагог кажа, што Галіна Жукава любіць сваіх дзяцей. Прадукты ў доме ёсць заўсёды. «Неяк прыязджаю, у яе пральная машынка зламалася. Дык яна ўжо з цэнтнер бялізны намыла рукамі». Перад школай на мільён рублёў купляе канцылярскіх тавараў.
І начальнік аддзела адукацыі Галіна Радковіч не раз бывала ў сям'і Жукавых. Паводле яе слоў, заўсёды прыязджалі сюды з намерам дапамагчы, падказаць. Рыхтавалі дакументы на адрасную дапамогу, якую Галіна атрымлівала летась, і цяпер пасля завяршэння фармальнасцяў атрымае. На недапушчальнасць знаходжання дзяцей без нагляду ўказала пракуратура пасля таго, як прапала Ксенія. Галіне прапанавалі двух малодшых школьнікаў — Віцю і Давіда — на вучэбную чвэрць аддаць у Маўчадскую санаторную школу-інтэрнат. І яны ўжо там, дарэчы. Дашкольнікаў меркавалася адправіць часова ў прытулак. Але меншы сын Сярожа зламаў руку. Маці далі бальнічны па доглядзе, дзеці пакуль засталіся дома.
Увесь час, пакуль мы сядзелі і размаўлялі з Галінай, трохгадовы Сярожка з хворай ручкай, падвязанай хусцінкай, фактычна не злазіў з маміных рук. Ён, як той каток, лашчыўся да маці, нават неахвотна згадзіўся, каб яго пакарміла старэйшая сястра. А крышку пад'еўшы, зноў забраўся да мамы на калені.
— Вядома, ім з маці будзе лепш, — згадзілася Галіна Пасюк. Пакуль што малых не будзем забіраць з сям'і. Летам дапаможам з пуцёўкамі ў лагер.
Яшчэ кіраўнік сацыяльна-педагагічнага цэнтра прыехала ў Стрыгава з добрымі навінамі. Вядомасць гэтай сям'і ў краіне зрабіла сваю справу. Знайшоўся чалавек, які заявіў аб намеры аказаць сям'і матэрыяльную дапамогу. Пры ўмове, што маці ўладкуецца на працу бліжэй і будзе даглядаць дзяцей, ён гатовы выплачваць ёй па тры мільёны ў месяц на працягу года. Так гаворыцца ў лісце, што атрымалі ў аддзеле адукацыі. А з Кобрынскага мясакамбіната пазванілі і сказалі, што гатовы ўзяць шматдзетную маці на працу. Калі так усё выйдзе, гэта будзе самы лепшы варыянт для Галіны і яе дзяцей.
На развітанне Галіна Уладзіміраўна, 35-гадовая маці вялікай сям'і, сказала: «Я разумею, у такой сям'і, як мая, павінен быць бацька. Але дзе ж яго возьмеш, праз газету ж не «выпішаш»... Нам бы толькі крэдыты за дом, за карову выплаціць, а там лягчэй будзе. Агарод пасадзім. Галоўнае, каб усе дзеці былі са мной».
Хочацца верыць, што так і будзе. Што і для гэтай гаротнай вясковай жанчыны замаячыць нейкае святло ў акне. Нават маці Галіны, з якой здарыўся канфлікт з-за шматдзетнасці дачкі, калі даведалася аб прапажы ўнучкі, упершыню за шмат гадоў прыехала і прывезла бульбы і прадуктаў...
Святлана ЯСКЕВІЧ.
Фота аўтара.
Кобрынскі раён.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.