Як сабе хочаце, а гэты шанц неабходна было выкарыстаць: не трэба нікуды ехаць, каб паказаць сваё мастацтва іншым, патэнцыйныя гледачы самі едуць да нас. І калі ёсць магчымасць наведаць нейкую краіну (можа быць, упершыню), то пра яе хочацца зразумець больш, і добра, каб «не адыходзячы ад касы» надта далёка. Вядома, наведнікі чэмпіянату свету па хакеі будуць «тусавацца» найперш каля спартыўных аб'ектаў. Але ж захочацца і ў горад выйсці. Тым больш гэты горад — сталіца краіны. Не толькі спартыўная. Але і творчая, мастацкая.
Мастацкі вобраз краіны павінны ўвасобіць праекты, прымеркаваныя да чэмпіянату свету па хакеі. Напрыклад, выстава сучаснага выяўленчага мастацтва «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб'екта», якая адкрыецца 21 красавіка і працягнецца да 10 чэрвеня. Калі мы зацікаўлены ў тым, каб пазіцыянаваць Беларусь як краіну, якая мае сваё месца не толькі на карце свету, але і ў розных перспектыўных галінах, то без сучаснага мастацтва тут ніяк не абысціся. Без яго — проста нікуды. Узгадайма, як расіяне скарысталі вобразы Марка Шагала падчас Алімпіяды. Культура і спорт — тыя з'явы, па якіх краіну пазнаюць найперш.
Таму і мэта праекта — паказаць творчыя набыткі і пошукі сучасных беларускіх мастакоў у кантэксце найбольш яркіх дасягненняў мастацтва ХХ стагоддзя, якое нарадзіла розныя мастацкія стылі, абуджала да эксперыментаў. І нашых аўтараў. Што і трэба паказаць.
Калі ласка: мастацтва ад авангарду 1910–1990‑х гадоў да нашых дзён. Ад таго ж Марка Шагала, Аляксандра Ахола-Вало, Надзеі Хадасевіч-Лежэ і іншых… Некаторыя творы ўзяты з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, з прыватных калекцый. Але з‑за таго, што хочацца паказаць як мага больш, выставачны праект падзялілі на тры часткі.
Да гісторыі мастацтва зверне экспазіцыя «Сто гадоў беларускага авангарду», падрыхтаваная Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва. Яго задача — прадставіць ХХ стагоддзе ў мастацкіх ідэях.
Гэты ж музей спрычыніўся да арганізацыі праекта «Мастак і горад. BelART.by», які будзе арганізаваны на адкрытай пляцоўцы на плошчы Якуба Коласа. Падобныя праекты вядомыя айчынным гледачам (прадстаўляліся рэпрадукцыі твораў Шагала і Малевіча). Але на гэты раз ёсць магчымасць уявіць найбольш цікавыя творы розных аўтараў з калекцыі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі. Усяго будзе 32 рэпрадукцыі 16 мастакоў. Адметна, што гэта праект у першую чаргу асветны: ля рэпрадукцый змяшчаецца інфармацыя пра твор і мастака на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай.
У Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» (што на праспекце Пераможцаў) размесціцца ўласна праект «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб'екта». Вось дзе багацце сучасных ідэй і формаў, вядома, тое, што ёсць і развіваецца ў Беларусі і дзякуючы айчынным сучасным творцам, якія актыўна прадстаўляюць сваё (а гэта значыць і наша!) мастацтва ў іншых краінах.
Праект падзелены на 9 тэматычных раздзелаў. Вядома, і тэма «Чорнага квадрата» павінна быць раскрыта, але ў інтэрпрэтацыях аўтараў ужо ХХІ стагоддзя (пра што паклапаціліся Міхаіл Шыкаў у інсталяцыі «Люстэрка» і Канстанцін Вашчанка ў інсталяцыі «Куб»). «Традыцыі і навацыі» — частка, дзе прадстаўлены творы, выкананыя з дапамогай традыцыйных сродкаў і тэхнік. Творы выхаванцаў Беларускай акадэміі мастацтваў і членаў Саюза мастакоў, а таксама маладых творцаў Беларусі. Мастакі, якія працуюць у рэгіёнах, прадстаўлены таксама: усё ж такі наша краіна немаленькая. Асобныя раздзелы прысвечаны фатаграфіі і новым тэхналогіям у мастацтве. Будзе частка з творамі, якія паказваліся на міжнародных выставах: напрыклад, «Тайная вячэра» Артура Клінава і праект «Дэкадыроўка. Архетып Адэкватнага часу» Канстанціна Селіханава і Андрэя Шчукіна.
Жывапіс, графіка, скульптура, інсталяцыя, прасторавыя арт-аб'екты і сучасны відэа-арт… Як жа ва ўсім гэтым разабрацца і зразумець: чаму гэта зроблена менавіта так? У гэтым дапамогуць спецыялісты — мастацтвазнаўцы і культуролагі, якія забяспечаць суправаджэнне выставы лекцыямі і тлумачэннямі.
Вось менавіта таму ў першую чаргу выставачны праект гэты важны не столькі для замежных аматараў спорту, колькі для айчынных цікаўных жыхароў, якім хочацца разумець сваю ўласную краіну лепш і больш яе любіць не толькі таму, што ў ёй сёння шмат увагі надаюць спорту. Далібог, ёсць за што любіць. Ёсць кім захапляцца. І яшчэ важны момант — чэмпіянат міне, а мастацтва застанецца: добра, што праект доўгатэрміновы.
Ларыса ЦІМОШЫК
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.