А што рукі? Яны патрэбны заўсёды і кожнаму. І ва ўсіх сэнсах. Няхай гавораць пра канфлікт «лірыкаў і фізікаў», усё роўна кожны мужчына рана ці позна сутыкаецца з тым, што ў доме нешта трэба зрабіць — ці цвік забіць, ці кран памяняць. Гэта адбываецца тады, калі мужчына становіцца чалавекам (так у Беларусі ў некаторых рэгіёнах называюць мужа. — Аўт.). Таты больш няма побач, пачынаецца самастойнае жыццё галавы новай сям'і. Вось мы і вырашылі падлічыць, колькі каштуюць добрыя рукі...
Што лепш — прафесійны «найміт» ці самадзейнасць?
У. К. — За свой нядоўгі век у два тузіны гадкоў я перажыў тры пераезды і два з паловаю рамонты. Надыхаўся фарбай ды шпалерным клеем і запэцкаўся пылам на ўсё жыццё... Адзін раз я дапамагаў бацькам, калі рамонт амаль увесь мы рабілі саматужна. Другі ад мяне патрабаваў толькі прыборкі пасля рабочых. А палавінай я называю невялікі касметычны рамонт і змену мэблі, дзе мой удзел быў самым непасрэдным. І цяпер магу сказаць — лепей заплаціць спецыялістам, якія ўсё зробяць за цябе...
С. К. — Я так разумею, што ты вырашыў быць «ідэальным гуманітарыем», які будзе зарабляць галавой столькі грошай, каб іх хапіла на гэтых самых прафесійных «наймітаў»? Погляд сучасны, згодзен. Але гэта неяк не па-нашаму. У новай кватэры мая сям'я жыве ўжо 7 гадоў, аднак за гэты час спецыяліста выклікалі толькі аднойчы — для рамонту тэлевізара па гарантыі.
У. К. — Здаецца, і вы некалі тэлевізары збіралі, ці не так? Але потым «закапалі» гэты свой талент і падаліся ў «лірыкі». З чаго б гэта? Значыць, і вам не асабліва хочацца затлумляць галаву і напружвацца, каб тое-сёе ў доме зрабіць.
С. К. — Не маеш рацыі. «Тэлікі» я і сапраўды больш не збіраю, але рукі ў мяне пакуль з правільнага месца растуць. Наколькі я ведаю, калега, ты панічна баішся стасункаў з сантэхнікай. Ды і з электрычнасцю ў цябе «нацягнутыя ўзаемаадносіны», а дакладней, іх амаль зусім няма. Спадзяюся, ты ў курсе, што ў разетцы 220 вольт жыве? Ну, не крыўдуй. Давай лепш разбярэмся, што кожны сапраўдны мужчына можа зрабіць самастойна, а потым і падлічым, колькі ўласная «рукастасць» каштуе.
Калі ў кране няма вады...
У. К. — Вы, мабыць, на пракладкі ў кране намякаеце? Ну не ведаю я, як іх мяняць. Што з таго? Усё роўна амаль у кожным доме замест старых кранаў ставяць імпартныя, у якіх і пракладак тых няма. Калі ў каго такія савецкія краны засталіся, то патэлефанаваў у ЖЭС — і за 27 тысяч табе ўсё зробяць. Ну што, з'елі?
С. К. — Гэта калі толькі пракладку памяняць, то атрымліваюцца капейкі. Але наш чалавек сантэхніка выклікае ў тым выпадку, калі ў ванным пакоі ці на кухні сапраўдная аварыйная сітуацыя здараецца. Вам тады для правядзення абследавання ўжо спецыяліста выклікаць трэба, кансультацыя якога абыдзецца мінімум у 20 тысяч рублёў. А цяпер уяві, што перад вячэрай кран пацёк — што, будзеш увесь «стаяк» перакрываць і чакаць таго самага сантэхніка? А спецыяліст, можа, толькі на наступны дзень прыйдзе. І яшчэ не факт, што ў зручны для цябе час. І посуд не памыеш, і сам «свіннёй» застанешся. А сапраўдны мужык такую пракладку за пяць хвілін памяняе — тут табе і эканомія, і павага жонкі.
У. К. — Неяк вы танна павагу жонкі купляеце. Пракладачку памянялі — і ўсё, герой. Аднак што вы будзеце рабіць, калі спатрэбіцца памяняць увесь змяшальнік? А яшчэ большым подзвігам можа стаць устаноўка пральнай машыны, без якой сёння ніводная сям'я ўжо не абыдзецца...
С. К. — Здзіўляюся я табе: тры пераезды перажыў — і такое... Ды змяшальнік мяняецца на раз-два. Тут галоўнае, каб адпаведныя інструменты былі. І, зразумела, інструкцыю трэба ўважліва пачытаць. З пральнай машынай таксама ніякіх праблем не павінна быць у дарослага чалавека. Але ў гэтым выпадку інструкцыю такой складанай для цябе тэхнікі трэба будзе разы тры прачытаць і параіцца з сябрамі. Толькі не забудзься, «чайнік», спачатку дастаць фіксатары для барабана. А пасля падключэння да вады і каналізацыі машыну трэба абавязкова зазямліць, каб корпус «круцёлкі» цябе токам не дзеўбануў. Менавіта за такія веды спецыялісты мясцовага ЖЭСа і бяруць грошы — ад 100 да 150 тысяч за змяшальнік і 250 — за «пралку».
У. К. — І вы дзеля эканоміі 300-400 тысяч два дні вывучалі інструкцыю, тры дні думалі, а потым суткі працавалі? Сумнеўная гаспадарлівасць. Тым больш, наўрад ці вы можаце назваць сябе «майстрам на ўсе рукі» — няўжо ванну таксама самі ўстановіце ці кафлю пакладзяце?
С. К. — Тут згаджуся з табою толькі часткова. Пральную машыну я ўстанаўліваў ажно чатыры гадзіны. Затое цяпер я ўсё пра яе ведаю: як абслугоўваць, якая прафілактыка патрэбна, усе рэжымы працы. А вось ванну не ставіў, ды і жадання няма. На мой погляд, гэта якраз адна з тых аперацый, дзе прафесіяналы патрэбны. Спачатку ж трэба старую зняць і пры гэтым нічога там не зламаць. Тут мінімум два майстры павінны папацець. Уся гэта «ракіроўка» будзе каштаваць каля 420 тысяч рублёў. А з кафляй увогуле справа далікатная.
З электрычнасцю на «ты»
У. К. — Вось бачыце. А яшчэ з мяне смеяцеся. Не хвалюйцеся, Сяргей Андрэевіч, нешта нязначнае ў побыце і я магу зрабіць, калі спатрэбіцца. Скажам, памяняць лямпачку для мяне не праблема. Для такой аперацыі я не буду выклікаць спецыяліста, які за кожную лямпачку возьме ад 1 да 4 тысяч.
С. К. — І люстру таксама павесіш? Дакладна ведаю, што не. Змена звычайнай свяцільні з лямпачкамі больш за 86 тысяч рублёў каштуе, а з «галагенкамі» — увогуле на 170 тысяч пацягне. А выключальнік ці разетку ты паправіш? Па вачах бачу, што не. А гэта яшчэ 48 тысяч. Калі гэта блок «выключальнік—пераключальнік—разетка», то ўвогуле 108 тысяч набягае. Капейка да капейкі — а ў выніку рубель. Мы ж у школе ўсе фізіку вывучалі, таму з элементарнымі «прыборамі» павінны самі разбірацца.
У. К. — У школе я добра вучыўся. І тэарэтычна выдатна ведаю, як дзейнічаюць электрапрыборы, адкуль бярэцца электрычнасць і да таго падобнае. А вось на практыцы... Карацей, вопыту ў мяне малавата. Былі часы, калі я не ведаў, што «выбіванне пробак» лёгка рамантуецца адным шчаўчком па тумблеры.
С. К. — Не трэба ў ХХІ стагоддзі баяцца электрычнасці. З ёю неабходна сябраваць. А інакш атрымаецца, як у майго знаёмага, які выклікаў электрыка для замены батарэек у пажарным апавяшчальніку. Напрыклад, я нават разводку тэлевізійнага кабеля зрабіў у кожны пакой. Гэта мне сэканоміла мінімум 70-80 баксаў. Для гэтага вышэйшая тэхнічная адукацыя зусім не патрабуецца.
LEGO для дарослых
У. К. — Я і са сваёй адукацыяй сябе нядрэнна адчуваю. Вунь нядаўна сэканоміў маці паўмільёна на тым, што сам сабраў новую секцыю. У магазіне прапаноўвалі зборку за 10% ад кошту мэблі. Мы адмовіліся і вырашылі паспрабаваць самі. Нічога — добра атрымалася. Праўда, мне спатрэбіўся тыдзень. Затое як гэта было цікава! І цяпер мяне ніякая шафа ці камод не спужаюць. Тым больш што вымяраць звычайна нічога не трэба — вытворца пазначае асноўныя «дзірачкі» і «пазікі». Не праца — адно задавальненне!
С. К. — Рукамі не махай. Во разышоўся! Адразу відаць, што ў дзяцінстве добрага канструктара не было. Можа, ты цяпер рызыкнеш самастойна сабраць і дарагую сучасную кухню? Зробленую пад заказ кухню я і пальцам не крану — няхай прафесіяналы і ўстанаўліваюць. Тут я купляю не «канструктар», а гатовую рэч. А магазінную «штампоўку» самі не збіраюць толькі гультаі. І адзінокія жанчыны.
Дарэчы, у касметычным рамонце існуе адна бадай самая нервовая аперацыя — паклейка шпалер. Калі робіш яе ўпершыню, то адразу даведаешся ад жонкі пра ўсе свае недахопы і перавагі. Калі сям'я тры разы сумесна паклеіла шпалеры (і ўсе пры гэтым засталіся жывымі), на маю думку, яна ўжо не распадзецца ніколі. У выпадку запрашэння жэсаўскіх спецыялістаў у сямейным бюджэце адкрыецца «чорная дзірка» — аклейванне «сур'ёзнымі» шпалерамі каштуе ад 26 да 50 тысяч рублёў за квадратны метр сцяны. Сярэдні пакойчык пацягне метраў на сорак, адпаведна — ад 1 да 2 мільёнаў.
У. К. — Маеце рацыю. А я ведаю, на чым яшчэ можна рэальна «падняцца». У дзядулевай кватэры слалі днямі лінолеум. Спачатку думалі, што без дапамогі «чужынцаў» нічога не атрымаецца. Шкада нам стала аддаваць ад 2 да 7 долараў за квадратны метр. А плошча ўсё ж такі вялікая — метраў 25 агулам. 50-170 «баксаў» — таксама грошы. Карацей, сам я ўсё выразаў і паклаў, хаця і давялося папоўзаць на карачках. Не такі страшны чорт, як яго малююць. І яшчэ невядома, ці лепей бы яны зрабілі, — не асабліва я давяраю спецыялістам з ЖЭСа.
У прыватнікаў і сантэхнік
з «бабачкай»
С. К. — У цябе, мабыць, адмоўнае стаўленне да «мясцовых спяцоў» засталося яшчэ з тых часоў, калі п'яны сантэхнік за бутэльку пракладкі мяняў. Хадзіў ён па кватэры ў брудных ботах... Цяпер жа ёсць розныя спецыяльныя канторы кшталту «муж на гадзіну». Там да цябе адправяць ветлівага, чыста апранутага майстра... Аднак расцэнкі будуць зусім іншыя. Вось паглядзі. Кансультацыя — каля 50-60 тысяч. За першую гадзіну працы — ледзь не 300 тысяч рублёў у сталіцы. За другую — каля 170. На парадак танней будзе ў рэгіёнах. І гэта толькі за працу па дробязях — разетку паправіць, замок урэзаць і іншае. За больш складаныя работы трэба будзе плаціць асобна і таксама нямала. Скажам, абкласці сцены кафляй каштуе ад 15 да 20 «зялёных» за квадратны метр. І гэта без уліку сабекошту матэрыялу.
У. К. — Але ж карыстаюцца попытам такія паслугі. Іначай бы іх не было. Некаторыя нават замаўляюць прыборку ў кватэры. І каштуе гэта нятанна — ад 2 да 4 долараў за квадратны метр. Ну, праўда, будзе зроблена вільготная прыборка кухні, ванны і прыбіральні, усіх пакояў ды нават мыццё вокнаў. Хаця мне здаецца, што гэта ўжо занадта — прыбрацца можна і самому, асабліва за такія грошы.
С. К. — У маёй вялікай сям'і дзеткі з пыласосам пачалі сябраваць гадоў з дзесяці. Вільготнай уборкай не грэбуюць і вокны знутры да бляску даводзяць. А грошы я ім даю выключна за добрыя адзнакі — па выніках чвэрці. Усе задаволены — і я не збяднею.
У. К. — Добра вам. А ўвогуле, пакуль мы з вамі размаўлялі, узнікла адна ідэя — што калі стварылі б добрыя людзі (гаспадарлівыя, як вы) нейкія курсы для тых, хто чагосьці не ўмее рабіць. Думаю, шмат хто скарыстаўся б.
С. К. — Перад тым, як ісці на такія курсы, прыміце ад мяне бясплатную параду: у кожнага мужчыны ў доме павінна быць «аварыйная валізка». Пакладзіце туды некалькі адвёртак, малаток, пасатыжы, кусачкі, дрыль, пілу, клей, розныя цвікі і шурубы. А ў ідэале яшчэ паяльнік і тэстар для электрычнасці. Тады, можа быць, «напрамак росту рук» будзе скарэктаваны.
Сяргей КУРКАЧ, Уладзіслаў КУЛЕЦКІ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.