Рашэнне аб адраджэнні вытворчасці слуцкіх паясоў было правільным, лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў прадпрыемства «Слуцкія паясы». Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналагічным працэсам вытворчасці аналага слуцкага пояса і сувенірнай прадукцыі на прадпрыемстве, з тэхналогіяй самабытнага народнага ткацтва, паведамляе БЕЛТА. Як было даложана кіраўніку дзяржавы, уся выпушчаная тут прадукцыя сёння запатрабавана. У планах прадпрыемства — пашырэнне асартыменту, выпуск прадукцыі для царквы.
«У мяне амаль камень з душы зняты. Мяне пераканалі, што мы правільна зрабілі, адрадзіўшы гэты прадмет таго часу. Хоць усё і нятанна, але гэта таго каштавала, таму што застанецца ў гісторыі, на стагоддзі», — сказаў Прэзідэнт.
Кіраўніку дзяржавы ўручылі першы слуцкі пояс, зроблены на прадпрыемстве. Ён з'яўляецца поўнай копіяй арыгінальнага гістарычнага пояса. У якасці сыравіны пры вырабе гэтага аналага выкарыстоўваліся пазалочаныя ніткі і ніткі з натуральнага шоўку. Копія слуцкага пояса мае даўжыню 350 см, шырыню 33,5 см і вагу 500 г. Падарунак кіраўніку дзяржавы ўручылі работніцы, якія выткалі гэты пояс. Учора ж ён быў дастаўлены на захоўванне ў Палац Незалежнасці.
Звяртаючыся да ткачых, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў іх нялёгкая праца. «Заробак, напэўна, не той, які вы павінны атрымліваць, таму што гэта цяжкая праца, — сказаў Прэзідэнт. — Думаю, да канца наступнага года вы пра яго не будзеце гаварыць. Трэба паціху выходзіць на экспарт, па паўцэнта павышаючы цану, і тады прыйдзеце да сусветных цэн. Дзяржава ўклала вялікія грошы, прычым не ў лепшыя часы. Прадукцыя, якую вы робіце, павінна знаходзіць попыт. Шукайце, прапануйце — трэба мабілізавацца і, можа быць, больш прадаваць таго, што запатрабавана».
Размаўляючы з работнікамі прадпрыемства «Слуцкія паясы», Прэзідэнт закрануў не толькі вытворчыя тэмы. У прыватнасці, гаворачы аб сітуацыі ў суседняй Украіне, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што мы гатовы прыняць украінцаў у сябе ў краіне, калі прыйдзецца, але лепш, каб у іх было ціха і спакойна. А самі жыхары Беларусі, каб не дапусціць сітуацыі, падобнай на тую, якая здарылася ў суседзяў, «павінны спакойна і ціха працаваць, зарабляць для сябе».
У гутарцы з жыхарамі Слуцка, Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў краіне вырашаецца пытанне паступовага павелічэння заработнай платы работнікаў сфер адукацыі і аховы здароўя. «Усё залежыць ад вас. Трэба зарабіць дадатковую капейку. Яна патрапіць у бюджэт, і мы ад бюджэту падтрымаем вас», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».