Аператар нацыянальнай сістэмы збору платы за праезд BеlTоll ініцыяваў да чэмпіянату свету па хакеі выпуск брэндаваных картак лаяльнасці «АUTОHЕLР» спецыяльна для замежных гасцей Беларусі.
Цяпер любы замежнік, які падае заяву на атрыманне беларускай візы, незалежна ад мэты візіту, разам з дазволам на ўезд будзе атрымліваць «Картку госця Рэспублікі Беларусь» з сімволікай і кантактамі сістэмы BеlTоll. Тым самым плануецца павялічыць інфармаванасць замежных грамадзян аб сістэме платных дарог Беларусі. Тыраж такой спецыяльнай карткі з брэндам BеlTоll складае 15 тысяч штук і пры неабходнасці будзе павялічаны.
Аматарам хакея — «зялёны калідор»
Прадстаўнік кампаніі-аператара сістэмы BеlTоll Сяргей Буры
таксама адзначыў, што на час правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску (з 25 красавіка па 31 мая) цяпер вызваляюцца ад платы за праезд па платных аўтамабільных дарогах і замежныя аўтамабілісты. Тут маюцца на ўвазе транспартныя сродкі (з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш за 3,5 тоны), зарэгістраваныя на тэрыторыі дзяржаў, якія не ўваходзяць у Мытны саюз. Гэта прадугледжана адпаведным Указам кіраўніка дзяржавы №154 ад 10 красавіка.
На вызначаны перыяд карыстанне платнымі аўтамабільнымі дарогамі замежнікамі будзе ажыццяўляцца без заключэння дагавора на іх выкарыстанне і рэгістрацыі ў сістэме электроннага збору платы — гэтак жа, як цяпер вышэйзгаданымі дарогамі карыстаюцца грамадзяне краін, якія ўваходзяць у Мытны саюз.
Разам з тым, «Картка госця» дае магчымасць атрымліваць пэўныя зніжкі на розныя тавары і паслугі. Напрыклад, там прадугледжаны розныя бонусы пры куплі паліва і абслугоўвання ў службах аўтасэрвісу.
Ключ ад усіх дзвярэй...
У Беларусі праграма лаяльнасці ў сістэме «АUTОHЕLР» працуе з 2008 года. За пяць гадоў больш за 3 млн чалавек сталі ўладальнікамі «Карткі госця горада Мінска» і «Карткі госця Рэспублікі Беларусь». Спецыяльна да сёлетняга планетарнага першынства па хакеі выпускаецца «Карта госця чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2014 года», якая будзе распаўсюджвацца пры ўездзе ў краіну, праз МУС, замежныя ўстановы, а таксама разам з пакетамі балельшчыка, у турфірмах і гасцініцах. Гэтая картка дае права зніжак па шырокім спектры паслуг, пачынаючы ад пакупкі паліва для аўтамабіля да наведвання санаторыяў і дамоў адпачынку. У залежнасці ад прадстаўніка тавараў і паслуг зніжкі будуць вар'іравацца ад 2% да 100%. Так, у кавярнях і рэстаранах можна будзе разлічваць на зніжку ў 10-15%. У прадуктовых крамах і вялікіх універсамах — 3-5%. А зніжка на забаўляльныя мерапрыемствы і ўвогуле можа скласці ад 50% да 100%. Гэта, напрыклад, датычыцца некаторых музеяў. Разам з тым, картка будзе выконваць функцыю праязнога.
Асобна выпусцяць партыю картак, якія адначасова будуць выкарыстоўвацца як ключ ад гасцінічных нумароў. Пасля ад'езду замежнага госця гасцінічны ключ, які, зразумела, кадзіруецца на пэўны тэрмін, можа стаць выдатным сувенірам (магніцік на халадзільнік) з сімволікай чэмпіянату. Аднак, як і астатнія карткі, яна будзе дзейнічаць на працягу 2,5 года. Атрымліваецца, што і ў наступныя візіты ў Беларусь турыст зможа разлічваць на тыя ж самыя зніжкі. Дарэчы, у адной упакоўцы з карткай госць таксама атрымае папяровы буклет з правіламі карыстання дысконтам, пералікам зніжак і 2,5 тыс. пунктаў прыёму. Гэтую ж інфармацыю можна будзе атрымаць пры дапамозе QR-кода, нанесенага на картку. Для гэтага дастаткова будзе скарыстацца мабільнымі прыладамі сувязі.
Як адзначыў Юрый Цвірко, дырэктар «Мобіл Аўта Хэлп Компані» — прадпрыемства, адказнага за выпуск картак, у падобным выпадку карты лаяльнасці выконваюць адразу некалькі функцый: «Гэта, безумоўна, іміджавы інструмент. Акрамя таго, прывабны дызайн карткі робіць яе арыгінальным сувенірам. А разам з багатым інфармацыйным напаўненнем усё гэта пераўтвараецца ў сапраўдны навігатар па славутасцях горада».
Сяргей КУРКАЧ,
Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.