___________________________________________________________________________
Яна пераклала кнігу Святланы Алексіевіч на французскую мову, з’яўляецца сузаснавальніцай рускай серыі выдавецтва “Вердзье” і мае ўласны забабон — не адкрываць толькі што атрыманы свежааддрукаваны асобнік кнігі, каб не пабачыць там страшнай памылкі. “А потым, прыкладна праз 10 гадоў, калі я хачу паказаць нейкі ўрывак студэнтам, то гартаю кнігу, якую сама калісьці пераклала і выдала, канечне, знаходжу памылку, але прайшло столькі часу, і гэта для мяне ўжо не такі вялікі шок”, — смяецца спадарыня Анн.
Пра адметнасці працы перакладчыцкага семінара ва ўніверсітэце Сарбона (Парыж), уласнае стаўленне да перакладу і выбар кніг для перастварэння па-французску прафесар Сарбоны Анн Кальдэфі-Факар распавяла падчас канферэнцыі “Пераклад і перакладазнаўства ў ХХІ ст.: стан і перспектывы”, што прайшла ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Пагутарыла шаноўная госця і з карэспандэнтам “ЛіМа”.
Перакладчыцкі семінар? Вульгаршчына!
— Мой прафесар і кіраўнік Жак Катто, буйны спецыяліст па Дастаеўскім і адзін з самых вядомых даследчыкаў рускай літаратуры, у канцы 1960-х вырашыў стварыць у Сарбоне асобны семінар, прысвечаны вывучэнню літаратурнага перакладу. Гэта быў скандал, бо лічылася, што пераклад — не навуковы занятак, і для Сарбоны такая “навінка” крыху вульгарная, таму пра яе нават гаворкі не можа весціся. Але прафесар быў вельмі аўтарытэтны і вельмі настойлівы ў сваім рашэнні, таму да яго прыслухаліся. Семінар існуе і сёння, але цяпер яго вяду я.
Павінна сказаць, што гэта адзіны семінар у Францыі, дзе займаюцца мастацкім перакладам рускай літаратуры, і дзе кожны год — новы набор студэнтаў. Я стараюся яго развіваць. У нас многія з’явы сталі іншымі, да прыкладу, 50 працэнтаў нашых студэнтаў — з Расіі. Раней семінар наведвалі толькі французскія студэнты, і мы думалі толькі пра тое, што трэба перакладаць рускую літаратуру на французскую мову. Але калі палова студэнтаў родам з Расіі, то ўмовы зусім іншыя. Таму мы вырашылі адкрыць і новы кірунак працы — пераклад з французскай на рускую мову. Гэта вельмі цікава і для студэнтаў, і для нас, выкладчыкаў, вельмі карысна і пазітыўна. Студэнты працуюць разам, дапамагаюць адзін аднаму, і семінар стаў духоўна і інтэлектуальна багацейшы. Гэта відавочна.
Навука, мастацтва і майстэрства…
— Нельга сказаць, што ў мяне з адміністрацыяй Сарбоны нейкія цяжкасці, як было ў майго прафесара, бо цяпер пераклад у модзе. Наш семінар карыстаецца досыць вялікай папулярнасцю, але з іншага боку меркаванне пра тое, што пераклад — не навуковая дзейнасць, усё яшчэ актуальнае. У прынцыпе, я і сама не магу сцвярдажць, што пераклад — гэта навука. Ніякай навукі тут няма. Напэўна, таму ў Францыі, асабліва ў Сарбоне, не прынята займацца тэорыяй перакладу. З гэтага пункту гледжання ў нас вельмі мала цікавых работ, няма асобнай школы тэорыі перакладу ці работ па перакладазнаўстве.
Многія літаратурныя перакладчыкі цяпер прытрымліваюцца меркавання пра тое, што пераклад — гэта мастацтва. А я лічу — не. Ёсць думка, што тыя літаратурныя перакладчыкі, якія лічаць сваю справу мастацтвам, звычайна самі хацелі б быць пісьменнікамі, але не ўдалося. Яны карыстаюцца працай, творчасцю, талентам аўтараў, чые кнігі перакладаюць. Я тлумачу на семінары студэнтам: можа, вы вельмі таленавітыя і адораныя людзі, але гэта не значыць, што пераклад — мастацтва. Аднойчы на стэндзе Кніжнага салона ў Парыжы я проста перажыла шок, таму што пабачыла выданне перакладу рамана Дастаеўскага на французскую мову. Прозвішча перакладчыка — а ён сёння вельмі папулярны ў Францыі — на вокладцы было напісана намнога большымі літарамі, чым імя аўтара.
Здаровы сэнс падкажа
— Я пераклала прыкладна 60-65 літаратурных твораў, ёсць сярод іх і “крутыя”, кшталту раманаў Гогаля, Дастаеўскага. Але чым больш працую ў гэтым кірунку, тым больш пераконваюся, што літаратура не паддаецца перакладу. Чаму? Таму, што тут важныя не толькі словы, атмасфера, персанажы, дзеянні, гісторыя, інтрыга, а існуе цэлы комплекс, ансамбль розных рэчаў, якія іншы чалавек не можа ўзнавіць, асабліва на іншай мове. Але калі літаратура неперакладальная, то пра які літаратурны пераклад мы можам казаць?
Мне падаецца, тут трэба звярнуцца да здаровага сэнсу. Як ён адкажа на пытанне: навошта патрэбен пераклад? Каб дазволіць людзям, якія не разумеюць чужую мову, чытаць кнігу, мець пэшае, правільнае ці няправільнае, уяўленне пра пісьменніка, творчасць аўтара, недаступную ім на мове арыгінала. Перакладчыку трэба быць вельмі сціплым, бо ў выніку яго працы не атрымаецца ідэальны твор, напісаны на ўзроўні арыгінала, але менавіта ён дазволіць людзям чытаць тое, з чым яны самі не змаглі б пазнаёміцца. Гэта не значыць, што трэба перакладаць літаратуру вельмі кепска. Наадварот. Ад таго, што гэта немагчыма, трэба старацца яшчэ больш. Праца перакладчыка вельмі складаная і няўдзячная.
Мастацкі складнік
— Я разумею ўсе хітрыкі студэнтаў. І вельмі многія, асабліва навучэнцы з Расіі, выбіраюць семінар літаратурнага перакладу, таму што лічаць: мы вельмі добра ведаем рускую мову, разумеем французскую, бо ўжо некалькі гадоў жывём у Парыжы, — значыць, вучыцца будзе лёгка. Але звычайна ў такім выпадку здараецца поўная катастрофа. І самі студэнты вельмі хутка разумеюць, што было б намнога прасцей напісаць працу па літаратуры, цывілізацыі, лінгвістыцы, чым па літаратурным перакладзе. Але ўжо позна.
Ёсць вельмі таленавітыя студэнты. І вось тут важна падкрэсліць наступнае. Нават калі я кажу, што літаратурны пераклад — гэта не мастацтва, то яго сувязь з мастацтвам усё роўна можна прасачыць. Нават праз кароткі час пасля пачатку заняткаў я адчуваю, ці маюць студэнты талент, хто з навучэнцаў можа стаць выдатным перакладчыкам. Мой прафесар заўсёды называў пераклад рамяством. І мне падаецца, што гэта выдатнае азначэнне.
“Дробязі” не для шырокай публікі
— У выдавецтве “Вердзье” я курырую серыю “Дробязі”, яна так называецца ў гонар аўтабіяграфічнай сатырычнай кнігі Юрыя Анненкава “Аповесць пра дробязі”. “Дробязі”, пра якія ён распавядае ў гэтым рамане, — Першая сусветная вайна, рэвалюцыя, грамадзянская вайна. Мы разам з сукіраўніком серыі, досыць вядомай пісьменніцай і перакладчыцай, выкладчыцай Сарбоны Любай Юргенсон узялі менавіта гэтую назву, бо ў “Вердзье” ёсць іншая серыя рускай літаратуры, якая называецца “Слова”. Мы падумалі, што назва “Слова” гучыць надта горда і ўрачыста, таму вырашылі быць не такімі пафаснымі. Больш за тое, мы вельмі любім “Аповесць пра дробязі”, ды і Анненкава я сама добра ведала. Адна з характэрных рыс рускай мастацкай літаратуры ў яе цеснай сувязі з гісторыяй, палітыкай, дакументальнымі тэкстамі. Мы вырашылі выдаваць пераклады і дакументальных тэкстаў, і мастацкіх кніг.
Першы праект, рэалізаваны ў межах гэтай серыі, — выданне зборніка лістоў раскулачаных. Перш за ўсё лісты адрасаваліся Калініну, які сам быў выхадцам з сялян, і людзі вельмі спадзяваліся, што менавіта ён дапаможа. Канечне, ім не адказалі. Але самі па сабе лісты проста неверагодныя, іх знайшлі, калі пасля 1991 года для карыстання адкрылі архіў у Маскве. Я не магу сказаць, што гэтая кніга прадавалася мільённымі тыражамі, але былі выдатныя водгукі з боку крытыкаў і журналістаў.
Потым мая студэнтка пераклала на семінары і абараніла пераклад кнігі Уладзіміра Гіляроўскага “Масква і масквічы”. Таксама проста выдатная праца! А адзін з маіх студэнтаў нават атрымаў прэмію за пераклад кароткага апавядання Яўгена Замяціна “На куличках”. Нас цікавіць і літаратура 1920-х гадоў ці напісаная раней, і нарысы, і гістарычныя матэрыялы. Апошнім часам друкуем пераклады тэкстаў сучасных расійскіх пісьменнікаў. Да прыкладу, мая калега адкрыла для Францыі творчасць пісьменніка Леаніда Гіршовіча. Ён цяпер жыве ў Германіі, але сам родам з Пецярбурга. Мы ўжо выдалі пераклад трох яго раманаў. Гэта вельмі сур’ёзная літаратура, даволі складаная, але Леанід Маісеевіч заваёўвае свайго чытача ў Францыі.
Мы наладзілі і досыць плённае супрацоўніцтва з Уладзімірам Сарокіным. Я апублікавала яго старую кнігу, раман, які дагэтуль ніхто не перакладаў і не выдаваў у Францыі, а пасля аўтар сам прапанаваў нам сваю “Завіруху”. Не так даўно мы выдалі першы раман маладога, але ўжо даволі вядомага празаіка Сяргея Лебедзева.
Кожны наш праект — складаная, сур’ёзная кніга. Мы працуем з цікавымі аўтарамі, але іх творчасць не абавязкова арыентаваная на шырокую публіку. Гэта, лічу, сапраўдныя пісьменнікі.
Марына ВЕСЯЛУХА,
Фота аўтара
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.