___________________________________________________________________________
Прэзентацыя другога выдання "Летапісу жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова" (аўтар — Тэрэза Голуб) адбылася ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. Пушкіна. Падчас сустрэчы размова датычыла не толькі гісторыі стварэння кнігі, але і запатрабаваных жанраў навуковай літаратуры, таямнічых лістоў А. Куляшова да Алесі Карыткінай, адметных рыс вядомага паэта…
ЖАНР ЛІТАРАТУРАЗНАЎСТВА
Першае выданне "Летапісу жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова" пабачыла свет у 2012 годзе. Па словах выдаўца Георгія Кісялёва, кніга разышлася хутка: цікавасць да яе выявілі і бібліятэкі, і ўстановы кнігагандлю. Гэта чацвёртая кніга такога жанру ў беларускім літаратуразнаўстве ― пасля летапісаў, прысвечаных Якубу Коласу, Міхасю Лынькову, Максіму Гарэцкаму. Галоўны рэдактар выдавецтва "Беларуская навука" адзначыў, што гэты жанр з'яўляецца вельмі запатрабаваным, але, на жаль, слаба асвойваецца беларускімі літаратуразнаўцамі: "выданне кніг залежыць ад даследчыкаў, — як кажуць, кадры вырашаюць усё".
На думку акадэміка Міхася Мушынскага, летапісы жыцця і творчасці — "адзін з самых перспектыўных напрамкаў у развіцці беларускай літаратуры і беларускага літаратуразнаўства. Тут спалучаны творчасць, прыватнае жыццё чалавека, яго адносіны да іншых літаратараў, радавод, перапіска і многае іншае. Калі супаставіць і паглядзець на пісьменніка ў кантэксце шырокіх стасункаў з асяроддзем, то можна ўбачыць, што такое індывідуальнасць пісьменніка, чым ён адрозніваецца ад іншых, у чым яго заслуга перад прыгожым пісьменствам, навуковай думкай і грамадствам. Натуральна, размова пра адметныя рысы літаратуразнаўчага летапісу была б немагчымай без выдатнага прыкладу гэтага жанру ― чарговай кнігі Т. Голуб, тэкстолага з дваццаціпяцігадовым стажам, аўтара многіх публікацый і некалькіх навуковых выданняў.
ДА ГЛЫБІНЬ...
"Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова" змяшчае галоўныя факты з біяграфіі і літаратурнай дзейнасці паэта — ад нараджэння да пастановы Савета Міністраў БССР аб выданні акадэмічнага збору твораў А. Куляшова. Т. Голуб была адным з супрацоўнікаў Інстытута літаратуры, якія распачалі працу па ажыццяўленні гэтага выдання. Даследчыца збірала звесткі пра асноўныя падзеі жыцця і творчасці А. Куляшова, але падрыхтоўка навукова каменціраванага збору твораў была перапынена. Па словах літаратуразнаўца Міхася Кенькі, "Летапіс…" стаў адзіным томам з запланаваных сямі, адзіным кавалачкам вялікай працы, якому давялося пабачыць свет. Т. Голуб вырашыла, што сабраны і сістэматызаваны матэрыял, якому было аддадзена шмат сіл і часу, не павінны назаўсёды "легчы ў стол"…
Юбілейнае выданне ўтрымлівае новыя звесткі пра стасункі А. Куляшова з іншымі пісьменнікамі, яго ўдзел у розных мерапрыемствах. У параўнанні з першым выданнем кніга выйшла ў цвёрдай вокладцы, дапоўнена новымі ілюстрацыямі. Так, цікавым матэрыялам пра А. Куляшова як перакладчыка і асобу з’яўляюцца яго адказы на анкету часопіса "Вопросы литературы", што праводзілася да 175-годдзя з дня нараджэння А. Пушкіна.
Па ўласных словах, Т. Голуб заўсёды імкнулася падсвяціць факты прыкладамі: напісаны твор — можна звярнуцца да рэцэнзіі альбо водгуку, адбылася значная падзея — можна прывесці радок з ліста, дзённіка, успамінаў. "Кожны факт у кнізе вельмі змястоўны, паказальны, наводзіць на роздум, ― адзначыў М. Мушынскі. ― Якую б каляндарную пазіцыю мы не ўзялі, аўтар не толькі інфармуе пра падзею, але і раскрывае псіхалагічны стан, расказвае, якія былі ўражанні, як яны “леглі” на твор. У выніку твор робіцца цікавым, адмысловым, ён мае дачыненне і да нас! Біяграфія пераплятаецца з творчасцю, і гэта дапамагае глыбей зразумець змест напісанага: якія прататыпы, якія падзеі ў яго аснове. Жыццёвае дазваляе пранікнуць у глыбіні мастацтва, падказвае, як нараджаўся твор, чым ён з’яўляўся для пісьменніка. Такім чынам мы пачынаем уяўляць псіхалогію творчасці пэўнага аўтара — і ў гэтым сутнасць далучэння да культуры!" Да таго ж, у кнізе "вельмі поўна вызначана кола асоб, з якімі меў стасункі А. Куляшоў, раскрыта псіхалогія асяроддзя".
М. Кенька падкрэсліў, што ў "Летапісе…" прывабліваюць і залацінкі ўспамінаў, і новыя штрыхі да біяграфіі паэта. Успаміны пра А. Куляшова зрабілі запамінальнай і прэзентацыю кнігі. Калі галоўныя моманты з расповеду Уладзіміра Берберава — старэйшага ўнука А. Куляшова — можна знайсці ў лютаўскім нумары "Нёмана", то пляменнік паэта Віталь Маслоўскі многія рэчы распавёў упершыню.
"ПАБЕДА" І ФУТБОЛ
Асоба паэта ў многіх прамоўцаў выклікала выключны піетэт, узнёслае і трапяткое стаўленне. Вядома, даследчык, які прысвяціў дзесяцігоддзі асэнсаванню творчасці адзінага пісьменніка, пачынае ўспрымаць свайго галоўнага паэта даволі незвычайна. А Куляшоў яшчэ любіў і піва з ракамі, лавіў рыбу ў роднай Бесядзі, глядзеў па тэлебачанні футбол і розныя высокія пасяджэнні. Ён прыязджаў у лес, хадзіў і слухаў як зачараваны. А для вясковых хлапчукоў самым цікавым было дабрацца да лесу на ўнікальнай "Пабедзе", якой не меў у раёне ніхто. Паэт любіў слухаць, як плёхаецца ў рацэ рыба, а пляменнік сустракаў яго гарой ракаў — не сто, а добрых трыста, чатырыста штук!
Цікава, што кіроўцам у паэта працаваў той самы Іван Яртымік, які вазіў Янку Купалу. Куляшоў ставіўся да кіроўцы з выключнай павагай, і сям'я ніколі не сядала есці, пакуль не павячэраў І. Яртымік. Дарэчы, на вёсцы Куляшова клікалі Кадзікам, імя Аркадзь гучала для сялян нязвыкла. Запамінальнымі падзеямі для Віталя Маслоўскага былі паездкі на раку, калі дзятва дапамагала мыць машыну, наведванне футбольных матчаў на стадыёне "Дынама" — у кампаніі Алеся Кучара і Віктара Саковіча. У. Бербераў тлумачыў схільнасць А. Куляшова да гульні ў шахматы і гульні ў карты патрэбай заўсёды практыкавацца ў камбінаторыцы. Напэўна, з гэтай падставы паэт быў таксама футбольным і хакейным аматарам.
На прэзентацыі знайшлося месца і для лірычных эпізодаў: артыстка Зінаіда Феакцістава прачытала вядомы маналог Таццяны з "Яўгенія Анегіна", перакладзенага А. Куляшовым на беларускую мову, а даследчыца Людміла Хрышчановіч распавяла пра сваю сустрэчу з Алесяй Карыткінай (па шлюбе ― Белазоравай). Аляксандра Васільеўна не толькі захоўвала лісты А. Куляшова, але і мела сшытак, у якім былі занатаваны ўспаміны пра паэта, уражанні юнацтва, думкі пра колішнія стасункі. Фрагменты з лістоў выкарыстаны ў "Летапісе жыцця і творчасці А. Куляшова", а дзённік Алесі пакуль знік з даляглядаў беларускага літаратуразнаўства (верагодна, ён застаецца ў Алесінай дачкі Кацярыны). На сустрэчы прагучала і знакамітая песня "Алеся" — у выкананні шаноўных навукоўцаў!
Відаць, што і літаратуразнаўцы, і сваякі паэта захоўваюць светлую памяць пра А. Куляшова. Па словах Т. Голуб, пісьменніку пашанцавала нарадзіцца на пачатку года: выстаўкі, канферэнцыі, сустрэчы могуць ладзіцца яшчэ доўга, што будзе нагодай для новых публікацый. Але было б выдатна, каб працяг мела не толькі святкаванне юбілею А. Куляшова, але і выданне "летапісаў жыцця і творчасці" іншых самых значных беларускіх пісьменнікаў!
Алеся ЛАПІЦКАЯ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.