Вы тут

Неверагодна відавочнае


Марын Аммон, даследчыца фантастыкі:

Кожны чалавек у сваім кагнітыўным развіцці воляй-няволяй паўтарае шлях цэлай цывілізацыі: ад міфалагічна-інтуітыўнага светаўспрыняцця да рацыянальна-выверанага стаўлення да быцця. Мая прага да невытлумачальнага, звышнатуральнага падштурхоўвала мяне да знаёмства з новымі і новымі формамі нерэалістычнага, умоўнага мастацтва. Сапраўднай панацэяй была прапанова навуковага кіраўніка заняцца фантастыкай на даследчыцкім узроўні.

Па-першае, уражваюць маштабы генеалагічнага дрэва беларускай фантастыкі, карані якой варта шукаць у міфапаэтычнай свядомасці, што дала багатыя парасткі ў розныя культурныя эпохі: ад сярэднявечнай да рамантычнай. Па-другое, сучасная беларуская фантастычная літаратура ёсць працяг той унікальна-індывідуальнай тэндэнцыі, якая не перапынілася на працягу доўгага часу ні пад уплывам метаду сацрэалізму, даволі варожага для ўсялякага нефарматнага мастацтва, ні пад уплывам розных сацыяльна-культурных фактараў, на якія багатая гісторыя Беларусі ХХ – ХХІ стагоддзяў. Сёння відавочным выступае імкненне айчыннай фантастыкі да сінтэзу, узаемадзяння са шматлікімі формамі нефантастычнай літаратуры, жанравай дыфузіі. Гэтая асаблівасць назіраецца яшчэ ў “Лабірынтах” Ластоўскага, “Вызваленні сіл” Астапенкі, “касмічнай” прозе Драздовіча. Па-трэцяе, захапляе магутны футуралагічны патэнцыял беларускай антыўтопіі, шырыня ахопленых гэтым жанрам тэм: ад пытанняў ідэальных для грамадства суадносін матэрыяльнага і духоўнага пачаткаў да праблем узаемаабумоўленасці паняццяў цывілізацыі і прыроды, чалавека і навукі. Нарэшце, вельмі цікава зірнуць на сучасную беларускую фантастыку з трывіяльнага пункту гледжання: маўляў, гэта літаратура забаўляльная, несур’ёзная. У гэтым выпадку любога скептыка чакае неспадзяванка, бо нават у так званых “формульных” творах айчынныя аўтары знайшлі месца для цікавых і актуальных асветніцкіх праектаў, арыентаваных на масавага чытача. “Дзікія кошкі Барсума” Аўласенкі, “Чалавек з брыльянтавым сэрцам” Дайнекі, “Сад замкнёных гор” Мінскевіча, “Ганітва” Нікі Ракіцінай, “Дзеці гамункулуса” Рублеўскай...

У сусветнай літаратуры, пачынаючы з канца ХІХ стагоддзя, з’явілася каласальная колькасць наздвычай аўтарытэтных і па-свойму непераўзыдзеных аўтараў. Рабіць іх ацэначную шкалу – у многім шкодзіць свайму здароўю: настолькі многа прыхільнікаў у Толкіена, Уэлса, Стругацкіх і іншых. У беларускай літаратуры сваіх яркіх, так бы мовіць, прафесійных фантастаў не склалася. У многім па прычыне няздольнасці айчынных пісьменнікаў працаваць у межах якога-небудзь аднаго жанру ці фармальнай групы. І гэта цудоўна, бо сведчыць пра шырыню мастацкіх пошукаў беларускага мастацтва, яго ідэйна-тэматычную неангажаванасць. Аднак асабіста я вялікія надзеі ўскладваю на айчыннае фэнтэзі. Сусвет ужо даўно стаміўся ад шматлікіх пераапрацовак і адаптацый заходнееўрапейскіх фальклору і міфалогіі, багата трансляваных праз разнастаныя тэксты-каноны. Вяртанне фэнтэзі да першапачатковага інтэлектуальна-філасофскага падмурку магчымае пры звароце пісьменнікаў да ўнікальных культурных кодаў свайго народа, што асабліва актуальна ў кантэксце развіцця славянскага, у тым ліку і беларускага фэнтэзі. Тым не менш, гэты жанр пры ўсёй сваёй вонкавай “несур’ёзнасці”, надзвычай складаны для ўзнаўлення. Перад аўтарам стаіць нялёгкая задача скрупулёзнага мадэлявання “іншага” свету з падрабязнай распрацоўкай хранатопа выдуманай краіны, зваротам да звышнатуральнасці розных узроўняў як сродку ідэнтыфікацыі героя,  мастацкай гульнёй з “чужым тэкстам”. Пакуль што цікавая спроба стварэння беларускага нацыянальнага фэнтэзі прадстаўлена ў рускамоўнымі рамане Нікі Ракіцінай “Ганітва”, а гэтага, згадзіцеся, катастрафічна мала.

 

Наступны нумар “Маладосці” — цалкам фантастычны! Не прапусціце! У продажы — праз два тыдні.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».