У новых гатэлях неабходна максімальна выкарыстоўваць айчынную прадукцыю, лічыць Прэзідэнт
Учора Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у адкрыцці ўзведзенага да чэмпіянату свету па хакеі гатэля «Рэнесанс Мінск». Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з гатэлем, умовамі пражывання гасцей. На перыяд правядзення чэмпіянату свету тут размесцяцца дэлегацыі шасці краін-удзельніц: хакейныя каманды Канады, Нарвегіі, Славакіі, Даніі, Чэхіі і Швецыі.
Новая гасцініца мае больш за 260 нумароў усіх катэгорый (ад стандартнага да прэзідэнцкага люкса) і разлічана на 390 месцаў. Ва ўсіх нумарах ёсць высакахуткасны Інтэрнэт, інтэрактыўнае тэлебачанне. Прадугледжаны таксама нумары для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прычым усе гасцінічныя нумары для тых, хто не курыць. Да паслуг кліентаў гатэля некалькі канферэнц-залаў, у кожнай з якіх усталяваныя сучасныя тэхналогіі, у тым ліку з забеспячэннем аўдыя- і відэатрансляцыі, сінхроннага перакладу. Тут можна будзе праводзіць розныя форумы, семінары, выставы. Для камфортнага знаходжання гасцей таксама прадугледжаны спектр дадатковых паслуг — крыты басейн, джакузі і сауны, трэнажорная зала, фітнэс-цэнтр, СПА, турпаслугі, бары, рэстаран.
У кожным гатэлі брэнда «Рэнесанс» ёсць нешта, што адлюстроўвае нацыянальны каларыт. У мінскім гатэлі гэта матывы беларускай прыроды, у тым ліку Белавежскай пушчы.
Аляксандр Лукашэнка ў ходзе наведвання гатэля, калі гаворка зайшла аб якасці прадукцыі, даў высокую ацэнку айчынным таварам. Паводле яго слоў, беларуская прадукцыя, «можа быць, не заўсёды вельмі прыгожа запакаваная, як на Захадзе, але па якасці — гэта тое, чаму Еўропе трэба павучыцца». Што тычыцца мэблі, то нядрэнна было б укамплектаваць новыя гатэлі беларускай прадукцыяй, адзначыў Прэзідэнт.
У гатэлі працуе інтэрнацыянальная каманда прафесіяналаў. У час размовы з інвестарамі, кіраўніцтвам гатэля на тэму падрыхтоўкі гасцінічнага персаналу Прэзідэнт сказаў, што беларусам варта пераймаць вопыт замежных калег.
Эксплуатаваць гасцініцу пад брэндам міжнароднай кампаніі Marrіot Іnternatіonal будзе ЗАТ «МПС — Гатэль». Marrіot Іnternatіonal — міжнародная кампанія, якая працуе на рынку гасцінічных паслуг. Уключае каля 3,7 тысячы гасцініц (з больш чым дзясяткам брэндаў), размешчаных у 72 краінах, у тым ліку ў Еўропе — больш за 300.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.