Мінулы тыдзень для беларускага спорту выдаўся багатым на падзеі і прыемныя вынікі. У традыцыйным аглядзе «Звязда» распавядае пра разгромныя перамогі «Белшыны» і БАТЭ, медальны ўраджай беларускіх батуцістаў і доўгачаканую ўзнагароду Андрэя Арамнава.
1. Трыумфатарамі трэцяга тура футбольнага чэмпіянату краіны сталі «Белшына» і БАТЭ, якія разграмілі брэсцкае «Дынама» і «Гомель» адпаведна. Яшчэ ў сярэдзіне першага тайма каманда з берагоў Буга страціла двух гульцоў (Уладзімір Шчэрба і Сяргей Кандрацьеў атрымалі «чырвоныя карткі» за наўмысны ўдар саперніка. — Аўт.
). У выніку падапечныя Сяргея Кавальчука пацярпелі самае буйное паражэнне ў вышэйшай лізе — 0:7. Гамяльчане на хатнім стадыёне саступілі «жоўта-сінім» — 0:3. Адзначым таксама ўпэўненую перамогу аднаго з прамежкавых лідараў наваполацкага «Нафтана» над гродзенскім «Неманам» — 2:0. Два іншыя лідары — мінскае «Дынама» і салігорскі «Шахцёр» — пасля вочнага супрацьстаяння разышліся з безгалявой нічыёй. А матч паміж «Дняпром» і «Тарпеда-БелАЗ» скончыўся з лікам 2:2.
2. На этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы ў італьянскім Пезара беларуская дружына вылучылася трыма ўзнагародамі. У групавых практыкаваннях беларускі сталі другімі — у шматбор'і і выступленні з дзесяццю булавамі. Дарэчы, нашы «групавічкі» ўпершыню ў гэтым сезоне трапілі «ў прызы». Акрамя гэтага, Меліціна Станюта заваявала «бронзу» ў практыкаванні з булавамі. У шматбор'і лідар зборнай, на жаль, паказала толькі восьмы вынік. Абсалютнай пераможцай турніру стала расіянка Яна Кудраўцава, якая першынствавала ў шматбор'і, а таксама ва ўсіх дысцыплінах.
3. Алімпійскі чэмпіён Пекіна Андрэй Арамнаў, які чатыры гады не выходзіў на памост, стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату свету па цяжкай атлетыцы ў вагавай катэгорыі да 105 кг. Крыху раней Дзіна Сазанавец прынесла камандзе «золата»: у катэгорыі да 69 кг наша цяжкаатлетка была лепшай у асобных дысцыплінах і па суме дваябор'я. Яшчэ адзін медаль, сярэбраны, на рахунку Станіслава Чадовіча (да 62 кг).
4. З багатым медальным ураджаем вяртаецца беларуская каманда па скачках на батуце з чэмпіянату Еўропы, які праходзіў у Партугаліі. У камандных спаборніцтвах мужчынская і жаночая зборныя заваявалі «бронзу». А індывідуальныя праграмы Уладзіслава Ганчарова і Ганны Гарчанок сталі «залатымі»!
5. Гандбольны клуб «СКА-Мінск» выйграў Балтыйскую лігу. У фінале армейцы перайгралі эстонскую «Пыльву» — 31:26.
Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.