У вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна на плошчы ў 10 га вядзецца аднаўленне сядзібна-паркавага комплексу канца ХІХ—пачатку ХХ стст., які ў савецкі час належаў мясцоваму саўгасу-тэхнікуму.
Беларускі Цэнтр па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый пад навуковым кіраўніцтвам Аляксандра Кропатава распрацаваў рэстаўрацыйны праект, першы этап якога — сядзібны дом — падыходзіць да завяршэння. Цяпер тут вядуцца работы па аднаўленні інтэр'еру. Характэрная асаблівасць гэтага помніка ў тым, што і вонкава, і знутры ён спалучае розныя стылі і кампазіцыйныя прыёмы. У палацы ёсць пакой, аформлены ў арабскім стылі, ёсць гатычны пакой. Аднаўленне вядзецца па эскізах і захаваных элементах, і, па словах рэстаўратараў, напрыканцы года першыя наведвальнікі ўбачаць незвычайную прыгажосць, роўнай якой у Беларусі нідзе не захавалася.
— Рэстаўрацыйнае кола ахоплівае таксама аднаўленне флігеля, гаспадарчых пабудоў, цаглянай агароджы, уязной брамы, парку, — кажа галоўны спецыяліст аддзела мастацтва і аховы гісторыка-культурнай спадчыны галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Разанцаў. — Для Гомельшчыны гэты комплекс — вельмі перспектыўны аб'ект. У будучым тут размесціцца філіял Жлобінскага краязнаўчага музея, знойдзе адлюстраванне гісторыя чырвонабярэжскага дзіцячага лагера смерці, плануецца стварэнне гасцінічнага комплексу; будуць аказвацца платныя паслугі, праводзіцца семінары і лекторыі. Разлічваем на вялікі турыстычны паток, паколькі сядзібны комплекс знаходзіцца побач з аўтамагістраллю Мінск — Гомель.
Анатоль Кляшчук.
Фота аўтара.
Жлобінскі раён.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.