Галоўным героем праграмы «Сегодня. Итоговая программа» на канале НТБ у мінулую нядзелю стаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У сваім вялікім інтэрв'ю аўтару і вядучаму праграмы Кірылу Пазнякову беларускі лідар шчыра і абгрунтавана адказаў на ўсе пытанні і выказаў свае меркаванні наконт сітуацыі ва Украіне.
У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка выказаў свае негатыўныя адносіны да магчымай федэралізацыі Украіны. «Калі вы хочаце захаваць Украіну адзінай дзяржавай, а я хачу, каб Украіна была цэласнай маналітнай адзінай дзяржавай, вельмі гэтага хачу, то не трэба праводзіць федэралізацыі. Гэта заўтрашні раскол Украіны цалкам, гэта разбурыць дзяржаву», — падкрэсліў Прэзідэнт. Разам з тым, ён адзначыў, што на федэралізацыі Украіны можна было б сыграць, «каб не дапусціць таго, чаго мы баімся больш за ўсё з Расіяй, — гэта з'яўленне натаўскіх войскаў на тэрыторыі Украіны». « І ў выпадку федэралізацыі гэта можна было прадухіліць. Але я лічу, што мы гуляць павінны па-вялікаму: мы павінны, захаваўшы цэласнасць Украіны, зрабіць так, каб нікому нават у галаву не прыйшло, што могуць натаўцы ступіць ботам сваім на зямлю Украіны. Так, гэта праблема больш складаная, але рашэнні складаных пытанняў не ляжаць на паверхні, ніколі ў гісторыі гэтага не было», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У час інтэрв'ю Прэзідэнт Беларусі распавёў пра падрабязнасці сустрэчы з выконваючым абавязкі прэзідэнта Украіны Аляксандрам Турчынавым, адзначыўшы пры гэтым: «Я па многіх параметрах разглядаю нашы адносіны, беларуска-ўкраінскія, у кантэксце нашых адносін з Расіяй. Гэта ён таксама выдатна разумее». Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён запэўніў Аляксандра Турчынава ў адсутнасці якой-небудзь ваеннай пагрозы і, у прыватнасці, абверг чуткі аб канцэнтрацыі войскаў на беларуска-ўкраінскай мяжы.
Даў беларускі лідар і ацэнку дзеянням звергнутай украінскай улады. Прэзідэнт лічыць, што Віктару Януковічу неабходна было выкарыстаць уладу, а не бегчы з Украіны ў складаны перыяд. Аляксандр Лукашэнка таксама скептычна паставіўся да тлумачэння, што Віктар Януковіч паступіў такім чынам з мэтай прадухіліць кровапраліцце. «Ну не праліваць. Але праліў жа — сто з лішнім чалавек загінулі, а потым у бальніцах колькі памерла! А колькі пасля гэтага загінула людзей і гіне цяпер! Марадзёрства. Колькі спалена дамоў, колькі сем'яў і дзяцей пацярпела і да гэтага часу пакутуе! Ён пра гэта падумаў?» — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, менавіта слабасць і карумпаванасць улады прывяла да крызісу ва Украіне. Расхістаў сітуацыю Захад. Але расхістваюць там, дзе для гэтага ёсць падстава. А цяпер на Захадзе больш займаюцца размовамі, чым рэальнай дапамогай Украіне ў стабілізацыі эканомікі.
Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю таксама выказаў сваё меркаванне адносна ўвядзення санкцый у дачыненні да расійскага боку. «Так, амерыканцы будуць ціснуць Еўропу, каб яны больш і больш залазілі ў гэтыя санкцыі. Але і Меркель, і іншыя, яны ж не дурні — разумеюць, наколькі залежныя сёння ад Расіі. У іх велізарны рэальны сектар эканомікі высокатэхналагічны, а для яго патрэбны рэсурсы. А рэсурсы гэтыя — на ўсходзе», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, натуральна, што ў Беларусі робяць высновы з падзей, якія адбываюцца ва Украіне: «Эканоміка — аснова ўсяго. Яе трэба берагчы як зрэнку вока. Для нас гэта самы галоўны выклік». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі дапусціць развал эканомікі і яшчэ пагоршыць гэта разгулам карупцыі, то тады могуць адбыцца падзеі як ва Украіне. «Усё астатняе не мае ніякага значэння. У нас гэтых няма прычын і быць не можа: ні нацыянальных, ні міжрэлігійных, ні іншых нейкіх сутычак», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.