Такой смачнай булы, як у вёсцы Лобча Лунiнецкага раёна вы не пакаштуеце болей нiдзе. Як той казаў, ясi i есцi хочацца. Закусваеш салёным агурочкам — i нiчога больш не трэба для «салодкага» жыцця. А калi прыправiць усё гэта яшчэ i добрай песняй, вясёлай гiсторыя, то ўвогуле можна страцiць усякi лiк часу, надоўга застацца за добра накрытым сталом, каб слухаць мясцовыя песнi, байкi, казкi...
Народную творчасць тут сапраўды любяць i шануюць. Пацвярджэнне таму — мясцовы калектыў «Лабчанка», якому ўжо болей за 30 гадоў. Жанчыны i мужчыны збiраюцца разам, спяваюць, выступаюць на многiх святах. «I людзей весялiм, i сябе забаўляем. Калi не весялiцца, то вельмi можна занудзiцца, — кажа Настасся Якавец, стваральнiца ансамбля. — Трэба працаваць, але трэба i адпачываць, лепей з песняй i з людзьмi». Настасся Iванаўна — душа «Лабчанкi». Яна кажа, што, як пачалi даваць канцэрты, зразумелi: аднымi песнямi не абыдзешся, таму i стала сама пiсаць байкi, да таго ж i рыфмаваныя. Усё атрымлiвалася быццам само сабой: «Штосьцi ў жыццi падгледзiш, штосьцi пачуеш, а нешта з анекдота возьмеш — i мне добра, i людзям падабаецца», — кажа жанчына. З адметнымi байкамi Настассi Якавец мясцовыя школьнiкi ўдзельнiчаюць у розных конкурсах, фестывалях — i заўсёды атрымлiваюць прызавыя месцы. Бо ўсiм даспадобы народная мудрасць i гумар, з якiмi яны напiсаны.
Калi запытаць у лабчан, на якой мове яны размаўляюць, тыя адкажуць, што «на лабэцкай». Настасся Iванаўна з гэтай нагоды прыгадвае прыказку: «У нас раней на Беларусi — то балота, то грудок, то лiсток, то пясок. Што сяльцо — то слаўцо. Што хутарок — то гаварок». Раней у гэтай мясцовасцi ўсё было забалочана, таму даехаць сюды можна было толькi калi зямля падмерзне, у вынiку i склалася асаблiвая гаворка. Аднак яна беларуская, запэўнiвае жанчына, бо байкi пiша на дыялекце i адразу перакладае iх на мову — гэта робiцца вельмi лёгка.
Побач з Лобчай вёскi Лунiн i Багданаўка — у кожнай свая адметная прыгожая гаворка. Настасся Якавец параўноўвае iх:
— У Лунiне вымаўляюць больш мякка, у нас — больш цвёрда. Яны «дзекаюць», а мы «дэкаем». Нават такое слова, як «кот», яны кажуць «кiт», а мы «кут». Гарышча ў нас называюць «гара, а ў Лунiне — «покiт».
Нядаўна занялася жанчына складаннем рыфмаваных казак. На гэта ўнучкi натхнiлi, якiя надта прасiлi, каб бабуля расказвала iм казкi. Мы паспрабавалi запiсаць адну з iх, захоўваючы «лабэцкае» вымаўленне:
«На нэбе жыла зорка, хорошая, алэ гонорлывая. У карагодэ з сяброўкамi кружыласа, алэ часта сварыласа: «Што толку, што мы свiтым? Ну хто нас бачыць? Хiба только мiсяц цi вiтэр. Вот побачылi б мяне сонцэ чы люды, хоць чэрэз окэнца, дык яны б землi нэ бачылi под собою, зачорованыя мною. Давайтэ пра ноч забудэм, толькi днём свэтыты будэм. Спят жэ всэ ночамi, ну нiхто нэ любуецца намi». Сяброўкi смяялыса, казалi, што гэтае хараство ёй галаву ўскружыла, штоб не была така гонорлыва: «Днём сонейка освэтляе зэмлю i нiхто нэ ўбачыць красоту твою. I нэма колi днём людам тэбэ выглядаты, мусяць оны працоваты. А калi ты блiжэй да сонца подлетыш, то ў променах яго проста згарыш. Плывуць па моры ўначы караблы, по зорах вызначаюць шлях оны. Трымаюцца за рукi закаханыя i дывяцца адын аднаму ў вочы, глядаць у зорнае неба ноччу. I ўначы сподорожныкi едуць чы iдуць, i штоб нэ было iм рызыкi i трывогi, трэба нам iм асвятыты дорогу. Дано ад Бога: у кожнага своя дорога i, без усякага сумнення, у кожного своё прызначэнне».
Такая ж народная мудрасць, асабiстыя высновы ёсць у кожным творы Настассi Якавец. Баек, сцэнак, песень, казак ужо назбiралася некалькi сшыткаў — можна было б i кнiжку выдаць: цi «па-лабэцку», цi па-беларуску. Цяпер жа «Лабчанка» па-ранейшаму вельмi запатрабаваная, дома не сядзяць нi на адно свята, пастаянна выступаюць. Настасся Якавец адзначае:
— Трэба, каб у кожнай вёсцы быў такi калектыў. Бо народныя песнi — гэта тое, што спявалi яшчэ нашы дзяды, прадзеды. Нам варта гэта памятаць, ведаць свае каранi. Бо ў народных песнях — тая самая праўда, што i на самой справе ёсць...
Я пытаюся ў жанчын з «Лабчанкi», чаму ж так любяць яны сваю вёску. На што адна з удзельнiц калектыву адказвае, што тут i неба сiнейшае, i трава зелянейшая. Як не пабудзе доўга дома, вяртаецца з гасцей, пад'язджае да Лунiна, то ўжо i дыхаецца лягчэй, здаецца, што паветра памянялася i здароўя стала больш...
У Настассi Якавец пра яе малую радзiму напiсана асаблiвая песня: «Багата ёсць на Беларусi прыгожых вёсак, гарадоў. А прыгажэйшая вёска Лобча, хоць абыдзi ўвесь свет кругом... Цвiцяць лугi, шумяць палеткi. Нiдзе няма такой красы. Я нарадзiлася ў Лобчы i жыць тут люба-люба мне...»
Мы выходзiлi з гасцiннай лабчанскай хаты, i нам далi з сабой па слоiку духмянага мёду. А жанчыны разважалi памiж сабой, што не будуць ставiць новыя печкi з духоўкамi: «Там i круцяня так не спячэш, i грыбы так не высушыш». Нам патлумачылi, што круцень — гэта пiрог: раскотваеш цеста, намазваеш варэннем цi пасыпаеш макам i закручваеш — тое i называецца, як кажуць у Лобчы, «крутэнь».
Нiна ШЧАРБАЧЭВIЧ.
Фота аўтара.
Лунiнецкi раён.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.