Памятны знак «Гарадскія шалі» ўстаноўлены ў Мінску, недалёка ад ратушы. Ён сведчыць пра атрыманне горадам Магдэбургскага права ў 1499 годзе. Невялікая скульптурная кампазіцыя складаецца з фігур трох гараджан, якія заключаюць здзелку: адзін узважвае груз, другі аддае манеты, трэці прымае заробленыя грошы. Дзея адбываецца, зразумела, побач з вялікімі шалямі. Мы вырашылі запытацца ў гісторыка, геральдыста Анатоля Цітова, чаму менавіта такая тэма была выбрана, каб адзначыць права горада на самакіраванне?
Анатоль Цітоў адзначыў, што больш правільна было б карыстацца словазлучэннем «Магдэбургскія правы» — бо гэта цэлы комплекс правоў на самакіраванне. Яны былі прапісаны ў спецыяльным прывілеі і дзяліліся на асноўныя і дадатковыя.
Да першых адносілася пабудова гарадской ратушы, прысваенне пячаткі і герба на гэту пячатку. Ёй маркіраваліся абсалютна ўсе тавары, што ішлі адсюль, — даследчык кажа, што сутыкаецца з такім упершыню ў Мінску. Магчыма, практыка адказнасці горада за свае паслугі існавала і ў іншых месцах, але дакументальныя пацвярджэнні таму не знойдзены. Да ліку асноўных правоў адносілася ўсталяванне важніцы — месца, дзе гарадскія ўлады пераважвалі тавары, якія прывозіліся ў горад, і тыя, што ішлі на экспарт, — такім чынам мелі магчымасць збіраць з гандляроў падаткі. Менавіта пра гэты гістарычны факт і распавядае скульптурная кампазіцыя. Акрамя таго, устанаўлівалася мерніца, якая адпавядала еўрапейскай метрычнай сістэме.
Дадатковым правам быў дазвол праводзіць кірмашы. Кожнаму гораду прызначалася колькасць кірмашоў і дзён іх правядзення: камусьці тры двухтыднёвыя, а камусьці адзін чатырохтыднёвы...
Новы кароль або вялікі князь павінен быў пацвярджаць Магдэбургскія правы кожнага горада. Дарэчы, надаваліся яны звычайна не ўсяму населенаму пункту, а толькі пэўнай групе яго насельнікаў — мяшчанам-хрысціянам. Шляхта гэтым правам не падначальвалася, таксама і яўрэі, якія падпарадкоўваліся гарадскому старосту. Аднак звычайна гэтымі правамі карысталіся ўсе саслоўі, а падаткі плацілі толькі мяшчане. Такая недакладнасць была выпраўлена ў Гродне, дзе кароль выдаў указ, што надае правы на самакіраванне ўсім саслоўям.
Мінчане доўгі час не маглі вызначыцца, якія ў іх будуць герб і пячатка, адзначае Анатоль Цітоў, таму на іх ранніх пячатках стаялі толькі дзве літары, якія расшыфроўваліся як «Госпадзі, памажы», па колу было напісана «пячатка менская». Гэту складанасць таксама вырашыў кароль, які, па прычыне таго, што мінчане паміж сабой дамовіцца не могуць, надаў ім герб «унебаўзяцце Марыі».
Разам з атрыманнем Магдэбургскіх правоў гарады сталі самі праводзіць суды: бурмістра-радзецкі, дзе разглядалі грамадзянскія справы, і войтаўска-лаўнічы, упаўнаважаны судзіць крымінальныя злачынствы.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.