Будаўнікі цвёрда абяцаюць, што рэканструкцыя станцыі Брэст-Цэнтральны будзе завершана да чэмпіянату свету па хакеі. Называецца дата афіцыйнага ўводу ў строй рэканструяваных аб'ектаў — 1 мая. А праца, пачынаючы з 2008 года, была праведзена вялізная. Брастаўчане і госці горада з разуменнем цярпелі нязручнасці, выкліканыя будоўляй, у спадзяванні, што новы вакзал і станцыя будуць не толькі ўтульнымі, але і прыгожымі, сучаснымі, стыльнымі. І вось карціна заходніх варот краіны набывае свае канчатковыя рысы. Першымі былі рэканструяваны пуці і пероны маскоўскага боку вакзала. У канцы мінулага года здадзена ў эксплуатацыю поўнасцю абноўленая зала чакання. А нядаўна пасля доўгага перапынку на першы пуць варшаўскага боку вакзала прыбыў цягнік з‑за мяжы — электрычка з Цярэспаля. Неўзабаве ўсе цягнікі з захаду будуць прыходзіць у Брэст па дзвюх еўрапейскіх каляінах. Новыя пуці ўжо фактычна пракладзены.
Цяпер работа кіпіць на пероне варшаўскага боку. Тут узведзена ажурнае пакрыццё. Перон будзе зашклёным (і нават з падагрэвам у зімовы час). А на тым месцы, дзе раней была шкляная зала, якая прымыкала да вакзала, разбіты прыгожы сквер. Днямі ў будынку вакзала пасля рэканструкцыі адкрыўся рэстаран. Яго супрацоўнікі абяцаюць радаваць наведвальнікаў стравамі беларускай і еўрапейскай кухні.
Брэсцкі вакзал, якому больш за 100 гадоў, пасля рэканструкцыі захаваў сваю гістарычную адметнасць і набыў новыя сучасныя рысы.
Святлана ЯСКЕВІЧ.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.