На адным з сайтаў прачытала, што былы гараджанін, у мінулым чыноўнік, звольніўся з працы, пераехаў у вёску, дзе купіў дом і заняўся натуральнай гаспадаркай... Цяпер гэта не рэдкасць. Можна сустрэць інфармацыю, што так зрабіў мастак, навуковец або музыкант. Тых, хто адмовіўся ад выгод гарадской цывілізацыі або нават ад свецкага гламуру, як правіла, называюць дзівакамі. А можа, наадварот: яны зусім не дзівакі, а людзі, якія своечасова спасціглі сутнасць быцця. Калі верыць тэорыі Дарвіна, менавіта праца зрабіла чалавека чалавекам. А ён, чалавек, зрабіў усё, каб звесці фізічную працу спачатку да мінімуму, а ў некаторых выпадках амаль да нуля. І што мы маем?
Псіхолагі гавораць пра такую з'яву, як «крызіс офіснага чалавека», калі тыя самыя работнікі офісаў вызначаюцца неадэкватнымі дзеяннямі. Перасядзяць людзі за камп'ютарамі, а потым робяць немаведама што: б'юцца адзін з адным, праяўляюць агрэсію ў дачыненні да блізкіх альбо скачуць з даху. Калі ў Маскве падлетак з прыстойнай сям'і пайшоў страляць людзей у сваёй школе, я найперш падумала, што гэты хлопец нічога ніколі не рабіў рукамі. Ён корпаўся ў сеціве, займаўся самааналізам, спрабаваў знайсці віртуальныя межы паміж дабром і злом... Зноў жа віртуальны сэнс жыцця, і наўрад ці гэты падлетак сам пасадзіў хоць адно дрэўца ці кветку.
Маскоўская трагедыя прыгадалася зноў, калі з‘явілася інфармацыя пра тое, што ў Пінску падлеткаў заваліла зямлёй, калі яны спрабавалі капаць тунэль у кар'еры. Хлопцам не было чаго рабіць, яны шукалі занятак і знайшлі яго ў небяспечнай гульні. Маглі б, вядома і бавіць час з гарэлкай або спакусіцца на інтэрнэтныя або рэальныя прапановы пакаштаваць спайс ці іншы наркотык. Усе гэтыя небяспечныя забавы дзеці знаходзяць ад няведання, чым заняць свой час, і няўмення арганізаваць яго з карысцю.
У кожнай вёсцы цяпер ёсць кампанія маладых непрацуючых пітушчых жыхароў. Яны і співаюцца, калі перастаюць працаваць рукамі. Нават бабулькі-пенсіянеркі, расказвалі ў пракуратуры, у асобных населеных пунктах аб'ядноўваюцца ў «гурткі па інтарэсах на падставе выпіўкі». Раней такога ніхто не чуў, таму што адзінай умовай выжывання была штодзённая фізічная праца. Цяпер гэта становіцца неабавязковым: старыя атрымліваюць пенсію, маладзейшыя адбіраюць грошы ў бацькоў, крадуць, перабіваюцца выпадковымі заробкамі за выпіўку. Падлеткі-акселераты жывуць на ўсім гатовым за кошт бацькоў і не клапоцяцца хаця б пра мінімальны фізічны ўдзел у сямейнай або грамадскай працы. Рызыкну дапусціць, што такім чынам чалавецтва памалу рухаецца да сваёй дэградацыі.
Больш за дваццаць гадоў таму падчас працы ў раённай газеце давялося пісаць пра стагадовую бабульку. Яна тады свой сакрэт даўгалецця вызначыла так: маўляў, усё жыццё працавала. «Што не вырабіш, дзеткі, тое выхвараеш, казала мая маці» — гэтыя словы юбіляркі я запомніла на ўсё жыццё. Вось і «выхворваем» сваю безрухомасць, пакутуем на самыя небяспечныя і заганныя з'явы. І прыклады можна прыводзіць бясконца. Праблема, па-мойму, нашмат глыбейшая, чым звычайная гіпадынамія, якая аказвае ўплыў на фізічны стан арганізма. Адсутнасць руху спачатку запавольвае абмен рэчываў, а потым наносіць урон псіхіцы. Нездарма ёсць прыказка, што рух — гэта жыццё.
Граф Талстой, як вядома, быў землеўладальнікам. І сам нярэдка араў зямлю, касіў, сеяў, убіраў ураджай. А ў перапынках ствараў «Вайну і мір» ды іншыя шэдэўры міравой літаратуры. А цяперашнія культавыя пісьменнікі, мастакі, рэжысёры, музыканты, як правіла, за плугам не ходзяць. І час ад часу трапляюць у скандальныя заметкі свецкай хронікі. То аднаго злавілі падчас кінафестывалю з малалетняй каханкай, то другі вызначыўся скандалам і бойкай. Пра нетрадыцыйную арыентацыю ўжо і казаць няёмка — гэта паступова становіцца нават нейкай прыкметай элітарнасці. І зусім не рэдкасць, калі знакамітасць дажывае свой век у псіхіятрычнай клініцы. Думаю, што фізічная энергія, першапачаткова закладзеная ў чалавека, калі не мае натуральнага выхаду, усё роўна знаходзіць выйсце, часам самае нечаканае.
Адсюль бясконцыя псіхічныя адхіленні, дэпрэсіі, суіцыды і многае іншае. Чалавек павінен ствараць нешта рэальнае і пазітыўнае, а не толькі вынаходзіць усё новыя машыны, якія здольны замяніць людзей у любым фізічным намаганні. Нездарма ж гісторыя пакінула прыклады адрачэння ад славы і багацця на карысць жыцця і працы ў натуральных умовах. Дыяклетыян, відаць, адзін з самых вядомых рымскіх імператараў. Ён застаўся ў памяці нашчадкаў тым, што адрокся ад прастола і пачаў у сваім маёнтку вырошчваць агародніну: «Калі б вы бачылі, якую я вырасціў капусту, вы не пыталі б аб прычынах маіх уцёкаў». Так ён сказаў амаль дзве тысячы гадоў таму.
Яго ўрок, падобна на тое, ніхто не засвоіў. Ствараюцца новыя тэхналогіі, тэхнічныя рэвалюцыі змяняюцца інтэлектуальнымі прарывамі. І на грамадскім узроўні заахвочваецца звязаная з гэтым праца, а вось іншая — неабходная, як паветра — наадварот, не цэніцца. Гадоў колькі таму брытанская карпарацыя ВВС апублікавала цікавыя вынікі даследчага цэнтра рынку працы. Даследчыкі параўналі ступень грамадскай карысці і ўзровень аплаты па шасці спецыяльнасцях. Вынікі атрымаліся сенсацыйнымі. Аказалася, што, напрыклад, санітары і прыбіральшчыцы ствараюць 10 фунтаў прыбытку на 1 адзін фунт, які ім плацяць. Багацце краіне таксама прыносяць вадзіцелі аўтобусаў і смеццявозаў, нянькі. І наадварот, вядучыя банкіры з заробкам ад
1 млн да 80 млн у год на кожны зароблены фунт прынеслі 7 фунтаў страт. У лік самых стратных для эканомікі прафесій трапілі самыя высокааплатныя — рэкламшчыкі і адвакаты... Брытанскія даследчыкі, пэўна, ніколі не былі ў Волагдзе, не сустракаліся са знакамітымі валагодскімі каруначніцамі, якія штодня, сагнуўшыся, плятуць прыгажосць сваімі рукамі. А мне год таму адна такая майстрыха казала, што атрымліваюць яны за работу капейкі. Дык вось, каб параўналі тыя сацыёлагі па сваіх схемах прыбытак каруначніц і алігархаў, якія мануфактурамі валодаюць, пэўна, засумавалі б яшчэ больш.
Але, відаць, не хутка чалавецтва прыйдзе да ўсведамлення, што той, хто працуе рукамі, павінен атрымліваць адэкватнае ўзнагароджанне. Грамадства нават не асэнсоўвае простыя рэчы: дзяцей трэба выхоўваць працай. Дзе можа ў нас падлетак папрацаваць у час асенніх, летніх, вясновых канікул? Ёсць асобныя прыклады, але іх кропля ў моры. А трэба, каб такая магчымасць была не толькі на канікулах, але і кожныя выхадныя. Цяпер вясна, шмат работы па навядзенні парадку. Каб маглі нашы вялікія дзеці некалькі гадзін у дзень папрацаваць, можа, не палезлі б яны капаць той злашчасны кар'ер. Заадно даведаліся б пра сапраўдную цану заробленых рублёў, якія яны часам так бяздумна трацяць.
Святлана ЯСКЕВІЧ.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.