Выставу сусветна вядомага мастака ў Мінску наведала больш за 10 тысяч чалавек
Нікас Сафронаў... Гэтае імя ведаюць больш, чым карціны мастака. Ён прымае ўдзел
у тэлевізійных шоу, часам яго можна бачыць у навінах свецкай хронікі. Можа, гэтым і выкліканы такі вялікі ажыятаж вакол работ, прывезеных у Мінск?
Сёння яго можна лічыць самым папулярным расійскім мастаком (нават калі і не самым таленавітым). Не толькі рускія знакамітасці і бізнесмены замаўляюць у яго свае партрэты. Сафронаў пісаў і «зорак» Галівуда: Мадонну, Міка Джагера, Джоні Дэпа, Уільяма Дэфо, Клінта Іствуда і многіх іншых. Яго пэндзлем была створана карціна пад назвай «Уладзімір Пуцін: погляд у мінулае, сучаснасць, будучыню». Зрабіў мастак і партрэт Аляксандра Лукашэнкі (хоць той яму і не пазіраваў). На ім кіраўнік беларускай дзяржавы паўстае перад намі ў касцюме эпохі Францыска Скарыны. Партрэт падораны Прэзідэнту, таму ўбачыць работу на выставе не атрымаецца.
У мастака замовіць свой партрэт можа кожны, каму асабісты бюджэт дазваляе такую раскошу, бо гэтае задавальненне досыць дарагое. Беларусам партрэт абыдзецца прыкладна ў 10 тысяч еўра (у розных краінах мастак прызначае свае цэны; верагодна, нам істотная зніжка, у параўнанні, напрыклад, з Амерыкай). Любую з экспануемых карцін можна набыць. Калі пакупнік канчаткова вызначаецца з жаданнем займець канкрэтную работу, яму трэба напрамую тэлефанаваць аўтару і дамовіцца наконт кошту.
Можна сказаць, што Нікас Сафронаў узнавіў жанр параднага партрэта ў сучасных рэаліях. Знакамітасці і бізнесмены пазіруюць яму так, як рабілі гэта калісьці манархі і іншая знаць. Ён дапаўняе іх вобразы шыкоўнымі касцюмамі мінулых эпох.
У здольнасцях добрага партрэтыста Сафронаву не адмовіш. Вочы людзей сапраўды ўдаюцца яму вельмі добра. Як і твары — кожны з іх выразна адлюстроўвае эмоцыі чалавека, яго характар. Напрыклад партрэт «Мая Плісецкая. Балет — гэта жыццё» з'яўляецца ўлюбёнай працай наведвальнікаў выставы. Усе з задавальненнем з ёй фатаграфуюцца. На партрэце твар знакамітай балерыны намаляваны быццам у творчым надрыве, у імкненні да вяршыні свайго майстэрства. Тое ж гавораць і напружаныя, напоўненыя сканцэнтраванай палкасцю вочы.
Аднак добра ўдаюцца мастаку партрэты не толькі людзей, але і... катоў і сабак. Вочы на мордах жывёл, прымацаваных да чалавечых целаў, па задумцы, выражаюць стан душы. Зразумець яго дапамагаюць подпісы — напрыклад, «Перад адпраўкай ліста каханай», «Роздум перад напісаннем мемуараў». На абодвух — тыя ж парадныя партрэты, зграбныя постаці ў касцюмах эпохі Адраджэння і сабачыя морды, што вылазяць з пышных каўняроў. Тое ж можна сказаць і пра серыю «Жанчыны-кошкі», дзе дамы апрануты так, быццам вось-вось адправяцца на баль. Але няўжо для таго, каб паказаць, чым жанчына падобна на кошку, трэба «прымацоўваць» ёй каціную галаву?..
Ёсць таксама людзі з гадзіннікамі замест твараў. Гадзіннікі ляжаць і ляцяць побач. У гэтым сапраўды бачыцца вялікая метафара нашага часу, калі ўсё запланавана і распісана наперад, калі ніхто не можа дазволіць сабе выбіцца з графіка, каб не выпасці са свайго кола неадкладных спраў... Людзі намаляваны і з букетамі замест галоў. Што гэта, букеты думак і мар, якія могуць завяць, як кветкі?
Дарэчы, распачынаецца выстава серыяй работ на тэму Алімпіяды-2014 у Сочы. Кожны са звяроў-сімвалаў гульні стылізаваны пад снежныя схілы і горы. За адзін толькі 2013 год мастак намаляваў іх ні многа ні мала — 8 палотнаў.
Адна з улюбёных тэм мастака — замкі. Яны намаляваны на розных карцінах і ў розных варыяцыях. Дзесьці замак стаіць на ўзбярэжжы вадаёма, пірс, які вядзе да вады — гэта клавішы раяля, а з дзвярэй у паветра ўздымаецца нотны радок. Ёсць работа пад назвай «Таямніца замка адной любоўнай гісторыі», дзе побач з магутнымі сценамі ў лодцы пры святле месяца гойдаюцца два галубкі — і гэта таксама выглядае метафарычна. А на рабоце з таблічкай «Сям'я на фоне замка і гаргуляў» у дзвюх маленечкіх постацях пазнаюцца Ала Пугачова і Максім Галкін.
Ёсць адна работа, якая, на мой погляд, адлюстроўвае ўнутраны свет самога мастака, — «У пошуках сэнсу жыцця ў бездані думак». На ёй чалавек з кійком, а перад ім — бяскрайняя пустыня, на якой трапляюцца барханы-твары, канца ёй не бачна. Можна ўявіць, што і сам мастак так крочыць, не спадзеючыся знайсці адказу на свае пытанні; і тое, што яму трапляецца, — гэта думкі шматлікіх людзей; яны знікаюць — і зноў пустыня...
Падумаўшы, за што людзі плацяць Нікасу Сафронаву такія вялізныя грошы, адказ можна знайсці. За фантазію і за яго ідэі. Людзі стаміліся ад звычайнасці і паўсядзённасці. А працы Нікаса — гэта чароўны свет, прастора для ўяўлення. У ім цікава паблукаць, паразгадваць вобразы. Але, падаецца, гэта як наркотык: нельга злоўжываць, імкнучыся перажыць звышнатуральныя адчуванні, бо існуе рызыка застацца там назаўсёды. У рэальнасці ж такога не бывае.
Калі пагартаць кнігу водгукаў, то допісы наведвальнікаў у ёй дыяметральнага супрацьлеглыя: «ад хвалебных, да знішчальных», як ахарактарызавала іх супрацоўніца музея. Хтосьці дзякуе мастаку за тое, што дапамог перанесціся ў іншы свет, абудзіў уяўленне, пакінуў адчуванне радасці. Іншыя ж пішуць прыкладна так: «Вы навучыліся падманваць людзей і зарабляць грошы. Але мастацтва вам не падмануць!»
S.Nіkas — так падпісвае свае работы мастак, сапраўднае імя якога Мікалай Сафронаў. Паходзіць ён, дарэчы, з сям'і спадчынных праваслаўных святароў, на свае грошы пабудаваў царкву. Ён з'яўляецца куратарам і спонсарам дзвюх школ, якія носяць яго імя (прыжыццёва).
Нікас лічыць, што яго карціны пяройдуць у вечнасць, а значыць, і ён таксама. Хаця мастацкую вартасць работ Сафронава ў вымярэнні вечнасці і сапраўднага жывапісу можна паставіць пад сумненне. Бясспрэчна толькі тое, што сваё месца ён знайшоў у нашым часе.
Мастак спрабуе выглядаць сціплым, аднак у відэафільме, які круцяць на выставе ў галерэі імя Савіцкага, ён пастаянна стаіць у абдымку з галівудскімі «зоркамі». Калі спыняецца музычнае суправаджэнне, ён адразу пачынае пералічваць імёны: Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, Рубенс, Эль Грэка. Ты міжвольна пачынаеш верыць і ставіць яго ў адзін рад з гэтымі велічнымі асобамі. Аднак, адышоўшы ўбок і паглядзеўшы на простыя па жывапісным выкананні карціны, думаеш, што гэта не зусім так.
Мастацтва Нікаса Сафронава можа шмат даць уяўленню, фантазіі, думкам. Яно можа задаволіць эга таго, хто набудзе яго карціну. Аднак што дае гэтая творчасць душы?..
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.