У кожнай вёсцы, горадзе, як правіла, ёсць людзі, якія жывуць пра прынцыпе: «Хто, калі не я?». Яны стараюцца, нешта прыдумваюць, каб на малой радзіме жылося лепш і цікавей. І нават адсутнасць грошай іх не спыняе. Як кажуць, было б жаданне, а грошы знойдуцца. І, сапраўды, знаходзяцца. «Галоўнае — шукаць», — у адзін голас кажуць пераможцы конкурсу міні-грантаў ALDA (Асацыяцыі агенцтваў мясцовай дэмакратыі).
Конкурс, накіраваны на супрацоўніцтва мясцовых органаў улады і грамадзян, праводзіцца ў нашай краіне ў межах праекта «Тандэм» ужо другі раз. Сёлета арганізатары атрымалі з розных абласцей рэспублікі больш як 30 заявак, пераважна ад актыўных рэгіянальных арганізацый. З іх білет шчасця (вартасцю ад 3 да 10 тысяч еўра ў залежнасці ад маштабу праекта. — Аўт.) «выпаў» 15 актывістам. Усе міні-праекты ўмоўна можна падзяліць на сацыяльныя, экалагічныя і турыстычныя. Пакуль яны праходзяць абавязковую рэгістрацыю ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці, мы распыталі ў пераможцаў пра добрыя справы, якія яны задумалі.
Так, у Кальчунскім сельсавеце Ашмянскага раёна неўзабаве з'явіцца клуб старастаў вёсак «КУТ» і сацыяльна-інфармацыйны цэнтр. Яны будуць працаваць на базе мясцовай бібліятэкі, загадчыцай якой з'яўляецца кіраўнік праекта Алена Шкелда. Жанчына сама — стараста, таму цудоўна разумее, што менавіта старасты могуць дапамагчы мясцовым уладам працаваць з насельніцтвам аддаленых вёсак.
— У нашым клубе «КУТ» мы будзем ладзіць сустрэчы вяскоўцаў з прадстаўнікамі органаў улады, арганізоўваць сацыяльна-культурную дапамогу пажылым людзям і інвалідам, якія жывуць на тэрыторыі сельсавета, каардынаваць працу валанцёраў, — распавядае Алена Адольфаўна. — Акрамя таго, плануем правесці сярод жыхароў сельсавета конкурс сацыяльна значных спраў, конкурс на лепшую сядзібу «Лепшы гаспадар — 2014» і творчы конкурс дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва для дзяцей і моладзі «Мой родны КУТ». Кульмінацыйным мерапрыемствам праекта стане фестываль народнай культуры «КУТарскі фэст».
Для таго, каб павысіць турыстычную прыцягальнасць горада Слаўгарада,
каардынатар праекта «Зробім фестываль разам» Галіна Таран прапаноўвае надаць фестывалю «Гаспадарчы сыр» статус рэгіянальнага, з наступным выхадам на абласны ўзровень.
— Для гэтага запланавалі семінары і трэнінгі для мясцовых сыравараў, падчас якіх будем удасканальваць навыкі прыгатавання сыру ў хатніх умовах, вучыць людзей працаваць у камандзе, — кажа Галіна Таран. — Таксама правядзём санітарна-гігіенічнае навучанне і сертыфікацыю сыроў. Мы бачым Слаўгарад сталіцай сырных фестываляў. Гэта зробіць наш горад больш вядомым і прывабным не толькі для пражывання, але і для і прыцягнення турыстаў. 24 мая ў Слаўгарадзе адбудзецца ІІІ фестываль народных промыслаў «Гаспадарчы сыр-2014». Карыстаючыся момантам, сардэчна запрашаю ўсіх на свята сыру і рамёстваў, песень і добрага настрою!
З цікавай ініцыятывай выступілі і гаспадары аграсядзіб «Бабровая даліна» і «Конны двор «Кентаўр». Фактычна яны ўжо запусцілі свой праект коннага фестывалю ў падтрымку беларускай запражной пароды коней у верасні мінулага года. У прыватнасці, пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў г.п. Астрына Шчучынскага раёна арганізавалі гурток аматараў актыўнага адпачынку і верхавой язды.
— У гуртку займаюцца 10 старшакласнікаў Астрынскай СШ, — распавёў гаспадар аграсядзібы «Бабровая даліна» Алег Сямашка. — Заняткі праходзяць на базе аграсядзібы «Конны двор «Кентаўр» пад кіраўніцтвам гаспадыні гэтай сядзібы, прафесійнага інструктара па конным спорце. Неўзбаве гурткоўцы прымуць удзел у распрацоўцы і маркіроўцы 3-4 лакальных маршрутаў (пешых, веласіпедных, конных), а таксама выступяць падчас коннага фестывалю з паказальнымі выступленнямі на конях, паспрабуюць сябе ў ролі валанцёраў па інфармаванні гасцей. Рэалізуючы гэты праект, мы хочам «разварушыць» штодзённасць сельскага насельніцтва, падштурхнуць да добраўпарадкавання сваіх падворкаў, паказаць гасцям і турыстам, што і ў сельскай мясцовасці можна годна жыць і працаваць.
У Вілейскім раёне таксама выступаюць за здаровы лад жыцця. Таму і вырашылі правесці сярод мясцовых жыхароў конкурс па распрацоўцы веласіпедных маршрутаў.
— Па выніках конкурсу вызначым пераможцаў і арганізуем велапрабег па маршруце, які будзе прызнаны найлепшым, — адзначыла Таццяна Цітуленка, якая прадстаўляе грамадскае аб'яднанне па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Вілейскага рэгіёна «ЗОВіК». — Таксама плануем стварыць пры Вілейскім краязнаўчым музеі банк даных веласіпедных маршрутаў, які будзе выкарыстоўвацца для правядзення экскурсій як для жыхароў Вілейскага раёна, так і для турыстаў.
Сярод пераможцаў і праект «Цэнтра экалагічных рашэнняў» «Зялёная карта — платформа для супрацоўніцтва актыўных грамадзян і мясцовых органаў улады».
— Мы стварылі ў інтэрнэце «зялёную» карту, на якую нанеслі пункты прыёму другаснай сыравіны (макулатуры, пластыку, шкла, металу); небяспечных адходаў (батарэек, люмінесцэнтных лямпачак, аўташын, акумулятараў, адпрацаванай бытавой тэхнікі); рэчаў, якія могуць выкарыстоўвацца паўторна (кніг, адзення, бытавой тэхнік, мэблі), — распавядае каардынатар праекта Марыя СУМА. — Карта існуе пакуль для 10 гарадоў: Мінска, Гродна, Брэста, Магілёва, Полацка, Наваполацка, Салігорска, Слоніма, Ліды і Навагрудка. У межах праекта плануем стварыць «зялёную» карту яшчэ для 7 гарадоў: Віцебска, Гомеля. Маладзечна, Ваўкавыска, Стоўбцаў, Баранавічаў, Смалявічаў. Акрамя таго, на створаную карту хочам нанесці новыя слаі, з інфармацыяй пра велапаркоўкі, веладарожкі; пра ўстановы, якія могуць прадстаўляць экалагічную інфармацыю; пра кавярні, рэстараны, якія абслугоўваюць вегетарыянцаў, веганаў і інш. Марыя заклікае неабыякавых людзей далучацца да рэалізацыі задумкі ў якасці валанцёраў.
Добрую справу задумала і Пухавіцкая раённая арганізацыя абароны правоў спажыўцоў.
— У школах раёна мы паспяхова выкладаем факультатыў «Асновы спажывецкіх ведаў», — кажа каардынатар праекта «Адвакацыя абароны правоў спажыўцоў у г. Мар'іна Горка і Пухавіцкім раёне» Васіль Валасюк. — Не так даўно зрабілі яшчэ адну добрую справу — правялі акцыю для слабаабароненых спажыўцоў «Рацыянальныя метады выкарыстання электраэнергіі ў побыце». 10 сем'ям мы ўручылі знергазберагальныя лямпачкі і на справе паказалі, як можна эфэктыўна — пры дапамозе замены простых лямпачак на энергазберагальныя — эканоміць сямейны бюджэт. На гэты раз у межах праекта мы задумалі зладзіць курсы для спажыўцоў, на якіх будзем вучыць іх метадам самаабароны сваіх парушаных правоў.
Добры спосаб адаптацыі да працы маладых інвалідаў прыдумалі ў Жыткавіцкай пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам».
— Маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі будуць вырабляць сувенірныя славянскія лялькі-абярэгі, — распавядае каардынатар праекта «МЫ можам» Алена Страх. — Справа ў тым, што людзі з абмежаваннямі не заўсёды могуць працаваць з небяспечнымі прадметамі — іголкамі і нажніцамі, а гэтыя лялькі вырабляюцца без іх. Тканіна не рэжацца, а рвецца, не сшываецца, а звязваецца ніткамі. Будзем задзейнічаць у гэтым працэсе маладых людзей з рознай ступенню інваліднасці. Разлічваем, што самыя актыўныя, якім гэта справа прыйдзецца па душы, пасля змогуць адкрыць ІП. Тады з'явіцца магчымасць прадаваць лялькі ў музеях — у Тураве, Ляскавічах.
Шмат праектаў-пераможцаў скіраваны на вырашэнне праблем моладзі. Так, паводле слоў выканаўцы абавязкаў начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рэчыцкага райвыканкама Святланы Краўчанкі, у Рэчыцы вялікая колькасць моладзі займаецца рознымі відамі экстрэмальнага спорту — скейтбордынгам, фрыстайлам на веласіпедзе, яздой на роліках. Аднак спецыялізаванай пляцоўкі, абсталяванай адмысловымі прыстасаваннямі для гэтых відаў спорту, у горадзе няма. Дзякуючы праекту «Пляцоўка для заняткаў экстрэмальнымі відамі спорту» ў парку культуры і адпачынку «Перамога» г. Рэчыцы будзе пабудавана такая пляцоўка. На ёй будуць ладзіцца конкурсы і альтэрнатыўныя паказальныя выступленні. Таксама будаўніцтва пляцоўкі дапаможа вырашыць праблему вольнага часу для рэчыцкай моладзі, якая займаецца альтэрнатыўнымі відамі спорту.
У Магілёве, у сваю чаргу, вырашылі пайсці насустрач аматарам вулічнага мастацтва.
— Сёння ў многіх выклікаюць абурэнне часам безгустоўныя малюнкі на сценах горада, — адзначыў аўтар праекта «Магілёўскі стрыт-арт дворык» Ігар Нікіцін. — У Магілёве маладзёжная арганізацыя «Грамадзянскі Форум» разам з гарадскімі ўладамі знайшлі выйсце з гэтай сітуацыі. Неўзабаве адзін з двароў Магілёва дазволяць аформіць прыхільнікам вулічнага мастацтва ў стылі стрыт-арт, там будзе адлюстравана гісторыя, культура і сучаснае развіццё горада. У межах праекта запланавана канферэнцыя па нефармальнай культуры, дзе ўдзельнікі выпрацуюць своеасаблівы кодэкс прадстаўнікоў стрыт-арта, які прадугледжвае павагу да гарадской уласнасці і адмову ад малюнкаў у недазволеных месцах.
Мясцовы гісторыка-культурны фонд «Леліва», у сваю чаргу, плануе зрабіць шмат добрых спраў, звязаных з захаваннем памяці пра род фон Гутэн-Чапскіх.
— У прыватнасці, плануем вырабіць і ўсталяваць памятны знак на сямейным склепе рода фон Гутэн-Чапскіх у вёсцы Станькава, — кажа каардынатар праекта «Захаванне спадчыны графаў фон Гутэн-Чапскіх» Іван Гардзіеўскі. — Распрацаваць прапановы па рэканструкцыі Прылуцкага сядзібна-паркавага комплексу, устанавіць помнік і назваць вуліцу ў гонар графа Караля Яна Аляксандра фон Гутэн-Чапскага — аднаго з губернатараў Мінска. У планах таксама — умацаваць супрацоўніцтва паміж партнёрамі з Расіі, Польшчы, Францыі і іншых краін, дзе праходзіў жыццёвы шлях графаў Чапскіх. Мяркуем прапанаваць прадстаўнікам пасольстваў Польшчы і Францыі сумесна рэалізаваць праект турыстычнага маршруту «Мінск — Прылукі — Станькава — Мір — Нясвіж — Брэст — Варшава — Кракаў — Парыж — Мінск».
Усе міні-праекты будуць ажыццяўляцца пры непасрэдным удзеле мясцовых органаў улады. Пераможцы конкурсу адзначылі, што ў іх рэгіёнах заўсёды падтрымліваюць людзей, якія хочуць зрабіць нешта на карысць малой радзімы.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.