або Кіраваць тэрыторыяй трэба вучыцца.
Пытанні дзейнасці органаў мясцовага самакіравання, іх ролі ў забеспячэнні жыццядзейнасці насельніцтва абмеркавалі старшыні пасялковых і сельскіх Саветаў дэпутатаў у Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. Перад слухачамі выступіла старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Святлана Герасімовіч.
Такія сустрэчы асабліва актуальныя ў сувязі з выбарамі ў мясцовыя Саветы: частка дэпутатаў абрана ўпершыню, змяніўся і склад старшынь сельскіх Саветаў. Таму навічкам парады толькі на карысць: з чаго пачынаць, як заваяваць аўтарытэт.
— Выбары прайшлі годна і сталі своеасаблівым экзаменам на палітычную сталасць як краіны, так і кожнага яе жыхара. І цяпер для абраных дэпутатаў самае галоўнае — напружаная работа на карысць грамадзян, — канстатавала Святлана Герасімовіч.
У Мінскай вобласці 90,2% жыхароў прагаласавалі за дэпутатаў менавіта сельскіх Саветаў. Гэта яскравы адказ на тое, быць сельсаветам ці не быць. «Безумоўна, з цягам часу многае мяняецца, але не будзем заглядваць у будучыню. Сёння гэтую нішу ніхто не запоўніць», — заўважыла старшыня камісіі.
З улікам вопыту
— Дэпутат мясцовага Савета бліжэй за ўсіх да людзей. І ад яго стаўлення да патрэб канкрэтнага чалавека, актыўнасці ў вырашэнні праблем сваёй тэрыторыі залежыць аўтарытэт. Хацелася б, каб новы дэпутацкі корпус быў ініцыятыўны, выкарыстоўваў вопыт папярэднікаў і, безумоўна, прапаноўваў сваё бачанне вырашэння тых ці іншых пытанняў, — засяродзіла ўвагу прысутных старшыня пастаяннай камісіі. — Зарабіць аўтарытэт можна толькі канкрэтнымі справамі і паважлівым стаўленнем да праблем выбаршчыкаў. Трэба наведацца і ў школы, і ў медыцынскія ўстановы, у крамы, у тым ліку і прыватныя, у лясгасы. Словам, ва ўсе арганізацыі, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, каб паглядзець, як там ставяцца да людзей, ці якасна абслугоўваюць.
Святлана Міхайлаўна параіла старшыням сельскіх і пасялковых Саветаў пераняць вопыт работы калег Мінскай вобласці. У свой час у цэнтральным рэгіёне пачалі практыкаваць планёркі ў старшынь сельскіх Саветаў. На іх запрашалі кіраўнікоў арганізацый, што знаходзяцца на падведамаснай тэрыторыі. З удзелам разнастайных службаў і арганізацый тут разглядаліся надзённыя пытанні жыццезабеспячэння, добраўпарадкавання населеных пунктаў. Асобам, адказным за той ці іншы ўчастак работы, даваліся канкрэтныя даручэнні. А на наступнай сесіі аналізаваліся вынікі.
— Пажадана, каб такія планёркі праходзілі і ў вас. Яны даюць магчымасць рэальна кіраваць тэрыторыямі, — адзначыла сенатар. — Але для таго, каб да вас прыслухоўваліся, трэба шмат папрацаваць, сфарміраваць надзейны і дзеяздольны актыў.
Менш папер — лепш справа
Святлана Герасімовіч падзялілася са слухачамі прыемнай навіной:
— Нам удалося аптымізаваць справаводства. Наменклатура спраў скарочана дзесьці на 44%, ліквідавана 8 відаў справаздачнасці.
Сенатар падкрэсліла, што вельмі многае залежыць ад зладжанасці ў дзеяннях старшыні сельскага Савета дэпутатаў, раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама. «Раённыя службы маюць звычку высылаць вам даручэнні. Але, калі вы будзеце выконваць неўласцівыя функцыі, толку не будзе». Сапраўды, не ўваходзіць у службовыя абавязкі старшыні сельскага Савета чыстка калодзежаў без санітарнай службы, праверка спраўнасці пячнога ацяплення без спецыялістаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях або праводкі без прадстаўнікоў электрасетак. Кожны павінен займацца сваёй справай. На такія «просьбы» трэба рэагаваць адназначна: не. «І не баяцца агучваць такія моманты перад кіраўнікамі раёнаў. Калі не паставіце сябе так, то будзеце і далей выконваць частку работ за раённыя службы», — папярэдзіла Святлана Герасімовіч.
Яшчэ адна набалелая тэма: хто павінен абслугоўваць шахтавыя калодзежы? «Ёсць адпаведнае рашэнне: тыя, што знаходзяцца ўнутры прыватных двароў, даглядаюць самі ўласнікі — вядома ж, з прыцягненнем санітарнай службы. А тыя, што звонку, трэба перадаваць на баланс жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Дагавор на траіх
Закранула Святлана Герасімовіч і пытанне замацавання кадраў у сельскай мясцовасці. У прыватнасці, яна адзначыла, што ў Горацкім раёне Магілёўскай вобласці было праведзена выязное пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Паводле яго, створана рабочая група, якая выпрацавала канкрэтныя прапановы ў дзяржаўныя органы, міністэрствы, ведамствы. Як вынік, прыём абітурыентаў у сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы павялічыўся ў два разы. Умовы мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў распаўсюджаны на гарадскую моладзь, якая хоча працаваць у вёсцы. Адменена здача ўступнага экзамену па дзяржаўнай мове (рускай, беларускай) для абітурыентаў сельскагаспадарчых навучальных устаноў, што паступаюць на скарочаны тэрмін навучання, і г.д.
— Старшыням сельскіх Саветаў сумесна з настаўнікамі, бацькамі трэба ўжо цяпер вылучаць здольных да той ці іншай прафесіі падлеткаў, заахвочваць і рыхтаваць да паступлення тых, хто мае схільнасці да сельскай гаспадаркі і хацеў бы тут працаваць. Мы прапаноўваем, каб абітурыент, школа і гаспадарка заключалі дагавор, які б стымуляваў пасля заканчэння сельскагаспадарчай навучальнай установы вяртацца дадому. А таксама гарантаваў маладому спецыялісту перспектывы прафесійнага росту, атрымання жылля і ў далейшым яго прыватызацыі па прымальным кошце, даплату, законны выхадны, — лічыць парламентарый.
— Да нас на працу прыязджаюць маладыя спецыялісты. З імі штогод праводзім сустрэчы, выяўляем, што яны хочуць, пра што мараць. Вось і нядаўна да нас прыйшоў выпускнік, сам мінчанін. Вельмі добры, перспектыўны малады чалавек. З раніцы да вечара на ферме. І людзі яго паважаюць. Але пасля абавязковай адпрацоўкі ён хоча сыходзіць: пытанне ў зарплаце, — распавёўстаршыня Стайкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Івацэвіцкага раёна Мікалай Басалай.
З гэтай нагоды Мікалай Іванавіч, як і яго калегі, прасілі сенатара пасадзейнічаць у павышэнні зарплат маладым спецыялістам-аграрыям.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.
Цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.