Ці дастаткова сучаснаму чалавеку аднаго дыплома?
Правесці чатыры ці пяць гадоў у ВНУ, а затым зразумець, што атрыманая адукацыя табе не патрэбна і… пайсці асвойваць новую прафесію… Або размеркавацца пасля вучобы і на працягу двух гадоў абавязковай адпрацоўкі быць абузай і свайму наймальніку, і сабе… Такія сітуацыі, на жаль, становяцца ўсё больш распаўсюджанымі. Першая задача, якую ставіць перад сабой сучасная моладзь, — атрымаць вышэйшую адукацыю любой цаной.
Да масавай вышэйшай адукацыі стаўленне ў беларускім грамадстве неадназначнае. Бацькі, зразумела, не бачаць для свайго дзіцяці будучыні без адпаведнага дыплома. Але выкладчыкі ВНУ папярэджваюць: засвоіць праграму вышэйшай школы можа далёка не кожны, а быць залічаным у кола студэнтаў — гэта толькі першы крок да здзяйснення мары. Пра тое, якія спецыялісты сёння найбольш запатрабаваны на міжнародным рынку працы, якія патрабаванні прад'яўляюць да патэнцыяльных работнікаў працадаўцы, і ўвогуле, якія веды павінна даваць вышэйшая школа, разважалі ўдзельнікі І міжнароднага адукацыйнага форуму «Еўрапейская якасць адукацыі» (EQE-Forum), які прайшоў у Мінску.
Стаўка на крэатыўнасць
Па словах рэдактара раздзела «Адукацыя» брытанскай газеты Іndependent Сцівена ХОАРА, дзесяць гадоў таму кіраўнік урада Тоні Блэр паставіў задачу: 50 працэнтаў выпускнікоў школ павінны атрымліваць універсітэцкую адукацыю:
— Матыў зразумелы — чым больш маладых людзей маюць вышэйшую адукацыю, тым больш канкурэнтаздольная эканоміка краіны. Універсітэты пачалі імкліва пашырацца. Першапачаткова кошт навучання складаў 3 тысячы фунтаў за год, а два гады таму цана вырасла да 9 тысяч фунтаў. Разам з тым у 2008 годзе Вялікабрытанія, як і іншыя еўрапейскія краіны, сутыкнулася з эканамічным крызісам, і знайсці сабе працу пасля заканчэння ўніверсітэта стала праблематычна. Колькасць ахвотных навучацца ва ўніверсітэтах пачала змяншацца, але і абітурыенты сталі больш прадбачлівыя — зрабілі стаўку на тыя спецыяльнасці, якія дазволяць ім знайсці працу пасля заканчэння вучобы. Многія зразумелі, што размаўляць на французскай ці нямецкай мове, вядома, добра, але значна лепш быць пры гэтым яшчэ і спецыялістам у пэўнай вобласці. І што ўніверсітэцкі дыплом зусім не гарантыя таго, што яго ўладальнік абавязкова знойдзе высокааплатную работу. Таму многія атрымліваюць дадатковую адукацыю…
— Расійскі рынак працы ў найбольшай ступені зацікаўлены ў спецыялістах з тэхнічнай адукацыяй, але маладыя людзі ўпарта ідуць вучыцца на юрыстаў і эканамістаў. Таксама надзвычай запатрабаваныя сёння рэгіёназнаўцы, таму што разгарнуць паспяховы бізнес у чужой краіне, не маючы ніякага ўяўлення пра яе культуру, традыцыі і менталітэт насельніцтва, немагчыма. Аднаго ведання мовы тут недастаткова, — падзялілася сваімі думкамі рэктар Неўскага інстытута мовы і культуры Марына ДЗІБРОВА.
— Я лічу, што трэба перагледзець патрабаванні да базавай вышэйшай адукацыі — яе неабходна даваць усім без выключэння. Англійская мова ўжо перастала быць замежнай, а стала рабочай мовай. І калі чалавек хоча быць паспяховым, ён павінен яе ведаць. Таму базавая вышэйшая адукацыя абавязкова павінна ўключаць у сябе вывучэнне замежнай мовы. Акрамя таго, любы спецыяліст павінен разбірацца ў сучасных тэхналогіях, уяўляць карціну свету, разбірацца ў пытаннях сацыяльнай антрапалогіі. І толькі пасля засваення гэтых базавых ведаў можна распрацоўваць індывідуальныя траекторыі навучання.
На думку Марыны Дзібровай, моладзь абавязкова трэба вучыць крэатыўнасці. Вялікай праблемай з'яўляецца таксама і сацыялізацыя моладзі:
— Чым больш часу студэнт праводзіць за камп'ютарам, тым больш ён выключаны з гарызантальных сувязяў з грамадствам. Сёння хапае вельмі кваліфікаваных ІТ-спецыялістаў, якія… не ўмеюць наладжваць стасункі з калегамі, выказваць свае думкі, яны жывуць у сваім свеце. Я лічу гэта сур'ёзнай пагрозай для будучых пакаленняў. Яшчэ адно важнае ўменне ў сучасным свеце — хутка думаць і прымаць рашэнні. Некалькі гадоў таму быў праведзены цікавы эксперымент, які павінен быў высветліць, хто больш хутка прымае правільныя рашэнні. У ім ўдзельнічалі людзі, якія рэгулярна трапляюць у экстрэмальныя сітуацыі (пажарныя, выратавальнікі і г. д.), а таксама брокеры. Цікава, што лепшы вынік паказалі зусім не пажарныя, а брокеры. Іх спецыяльна не рыхтавалі да таго, як дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях, затое навучылі хутка думаць і хутка прымаць рашэнні. Таму сацыялізацыя, крэатыўнасць і ўменне хутка думаць павінны стаць асновай у навучанні студэнтаў.
Інвестыцыі ў будучыню
А вось, напрыклад, член-карэспандэнт Акадэміі эканамічных навук Украіны, член экспертнага савета ВАК Украіны Мікалай ЖУКне бачыць бяды ў тым, што ВНУ на постсавецкай прасторы рыхтуюць зашмат юрыстаў і эканамістаў: «Скажыце, няўжо дрэнна, калі адзін з членаў сям'і разбіраецца ў эканоміцы і ўмее кіраваць хатнімі фінансамі ці можа граматна абараніць свае інтарэсы? Пры гэтым большую частку спецыялістаў эканамічнага і юрыдычнага профіляў рыхтуюць прыватныя ВНУ або дзяржаўныя, але за кошт саміх студэнтаў. Дзяржава не выдаткоўвае сродкі на іх навучанне. Да таго ж, на якім бы эканамічным узроўні развіцця ні знаходзілася краіна, мы ўсё роўна прыйдзем да эканомікі ведаў. Усе павінны будуць валодаць пэўнымі сучаснымі навыкамі і ведамі.
— Атрымліваючы адукацыю, чалавек інвестуе ў сваю будучыню: і колькі ён інвестуе, такі вынік і атрымае, — дзеліцца сваім бачаннем сітуацыі першы прарэктар брытанскай бізнес-школы Magna Carta Oxford Вадзім ЦІТОЎ. — Але ў беларускім грамадстве распаўсюджаны погляд, што дзяржава павінна ўсё даваць бясплатна, у тым ліку і адукацыю. А гэта выклікае супрацьлеглую рэакцыю — людзі не цэняць таго, што ім даюць бясплатна, і не прымяняюць атрыманыя веды на практыцы. Гэта значыць, што краіна змарнавала грошы на навучанне, а чалавек дарма праседзеў пяць гадоў ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях. А далей пачынаецца: другая адукацыя, але ўжо на платнай аснове, трэцяя…
У сучасным свеце працадаўцы лічаць, што любы супрацоўнік у дапаўненне да базавай вышэйшай адукацыі павінен мець спецыялізаваную.
— Наяўнасці стандартнай класічнай адукацыі недастаткова ў сучасным свеце, — падкрэслівае дырэктар па маркетынгу і бізнес-развіццю асацыяцыі АВЕ Ян ФРЭЙЗЕР. — Сённяшняму свету неабходныя спецыялісты, якія разумеюць, што такое бізнес і як ім кіраваць. А для гэтага патрэбны не толькі класічны дыплом, але і дыплом у бізнес-сферы. Самай папулярнай з'яўляецца спецыялізацыя «бізнес-менеджмент».
— Вышэйшая адукацыя павінна трэніраваць перш за ўсё прафесійныя навыкі, — дадае Вадзім Цітоў. — У сваёй дыстанцыйнай школе мы распрацоўваем канструктар навучання: студэнтам на выбар прапаноўваецца каля тысячы модуляў, з якіх ён выбірае цікавыя для сябе. Гэта добрая альтэрнатыва беларускай вышэйшай школе, дзе студэнтам прапануюць вывучаць тыя дысцыпліны, якія, магчыма, ніколі ім не спатрэбяцца.
Пазлы ці піраміды?
— У наш універсітэт прыязджаюць студэнты з розных краін: Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Францыі… І я спрабую зразумець, навошта ім яшчэ і брытанскія модулі? На што студэнты мне адказваюць, што працадаўцы цэняць рознабаковую адукацыю і ахвотна бяруць на работу такіх суіскальнікаў, — канстатуе начальнік упраўлення міжнародных сувязяў Glyndwr Unіversіty Busіness School (бізнес-школа «Глэндуэ ўніверсітэта») Вольга ЭДВАРДС. — Мы жывём у няпросты час і, замест таго, каб ускладняць жыццё, павінны яго спрашчаць. Іншымі словамі, мы не павінны ўзводзіць піраміды, а павінны рабіць пазлы з модуляў, якія лёгка сумяшчаюцца. Сёння ў вышэйшай адукацыі Расія, Беларусь і Украіна самі ствараюць праблемы, якія затым і вырашаюць. Напэўна, трэба ўсё ж змяняць падыходы да адукацыі. Якасная адукацыя не будзе прымушаць чалавека думаць, што з ёю рабіць далей, — ён без праблем знойдзе на рынку працы сваю нішу.
Вадзім Цітоў зазначыў, што большасць беларускіх кампаній сур'ёзна задумалася аб прыёме на работу спецыялістаў, якія могуць эфектыўна працаваць на міжнародных рынках: «Калі кампанія хоча дабіцца поспеху, яна павінна ўкладваць сілы і сродкі ў дадатковую прафесійную адукацыю сваіх супрацоўнікаў. Сёння буйныя беларускія кампаніі ўжо гэта разумеюць. Спалучэнне беларускай акадэмічнай адукацыі і замежнай другой вышэйшай адукацыі або паслядыпломнай прафесійнай адукацыі — самае эфектыўнае для спецыяліста. Практыка паказвае, што гэты чалавек заўсёды будзе запатрабаваны ў любой краіне і любой кампаніі на любой пасадзе».
Дарэчы: у Вялікабрытаніі ніводная адукацыйная праграма не зацвярджаецца да таго часу, пакуль яе не ўхваляць вытворчасць і бізнес. А ці можа пахваліцца такімі шчыльнымі сувязямі з заказчыкамі кадраў беларуская вышэйшая школа?
Надзея НІКАЛАЕВА.
Цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.