У рэдакцыю даслаў ліст Пётр Вільямовіч з Маладзечна, у якім расказаў пра свой незвычайны і вельмі цікавы эксперымент.
«Аднойчы мне трапілася цікавая інфармацыя пра тое, што расліны станоўча рэагуюць на магнітнае поле. Захацелася праверыць гэта на ўласным вопыце.
Свой першы эксперымент правёў з ляснымі суніцамі.
Для доследаў з магнітамі выкарыстаў некалькі вельмі слабых кусцікаў суніц, якія знайшоў недалёка — на чыгуначным адхоне. Блізкасць чыгункі пайшла разеткам суніц відавочна не на карысць — выгляд у іх быў вельмі прыгнечаны. Я выкапаў 8 чэзлых кусцікаў і пасадзіў іх на адлегласці 30 см адзін ад аднаго, выкарыстаўшы круглыя магніты ад дынамікаў. Ніякіх угнаенняў пры пасадцы і далейшым вырошчванні гэтых разетак я не ўносіў. Саджанцы суніц добра прыжыліся, падужэлі і прыкметна крануліся ў рост. Вясной наступнага года ў кожнай з гэтых разетак суніц з'явілася вялікая колькасць кветканосаў (для параўнання: у лясных суніц звычайна ўтвараецца на кусціку не больш за два кветканосы).
Пасля дружнага цвіцення завязаліся і пачалі хутка павялічвацца ў памерах шматлікія ягады. Пад іх цяжарам кветканосы нахіляліся да зямлі. Каб зберагчы ягады ад шэрай гнілі, побач з кожным кусцікам я паставіў апоры ў выглядзе кольцаў з ацынкаванага дроту. У пачатку ліпеня сабраў з кусцікаў суніц першы ўраджай — 115 буйных спелых,
надзвычай салодкіх і духмяных ягад. Аказалася, што кожная з іх важыла больш за 1 грам! За два тыдні я сабраў са сваёй «магнітнай» сунічнай плантацыі 1120 цудоўных ягад агульнай вагой 805 г — і гэта ўсяго з 8 кусцікаў!
Магчыма, калі б я адабраў для гэтага эксперымента ў лесе лепшыя кусцікі суніц з буйнымі ягадамі, то атрыманы ад іх пры дапамозе магнітаў ураджай быў бы больш значным…
Адпладаносіўшы, кусцікі неўзабаве далі вялікую колькасць даччыных разетак, ад якіх налета я зноў атрымаў добры ўраджай.
Я думаю, каб стабільна атрымліваць высокія ўраджаі лясных суніц, пажадана кожны год высаджваць на магніты новыя маладыя расліны. Можна браць і свае ўкаранёныя разеткі.
Наступны эксперымент я правёў на старой маліне (гэтым пасадкам было ўжо больш за 10 гадоў). Магніты таксама далі вельмі добры вынік.
На гэты раз я размясціў магніты толькі каля металічных апор драцяной шпалеры, да якой мацаваліся парасткі маліны. У выніку — кусты старой маліны далі магутныя парасткі і выдатна адпладаносілі буйнымі ягадамі.
Паказальна тое, што ў іншых месцах саду ўраджай паўнавартасных кустоў звычайнай маліны аказаўся нашмат горшым, а іх ягады былі драбнейшымі, чым у старой маліны з ужываннем магнітаў».
Механізм уздзеяння магнітнага поля, які выклікае лепшае развіццё і плоданашэнне раслін, пакуль да канца не высветлены. Цалкам магчыма, што магніты канцэнтруюць вакол каранёў раслін іоны раствораных у вадзе соляў, якія раней былі недаступныя раслінам.
У цэнтры аказваюць паслугі па рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў усіх груп.
Пачынаць інвеставаць можна хоць з рубля, хоць з двух: так вы хоць бы зразумееце, як усё гэта працуе.