...або Мая малодшая дачка.
Надзея, радасць, хваляванне, боль, адчай і... любоў. Аб праблеме любові і нелюбові да дзяцей «Звяздзе» ўжо расказвалі псіхолаг і святар. На гэты раз — аповед жанчыны, якая ўдачарыла дзяўчынку. Яна думала, што палюбіць дзіця лёгка. І на ўласным вопыце ўпэўнілася ў адваротным.
Рашэнне ў канцы лютага
Жанчына: «Пра тое, што возьмем дзіця з дзіцячага дома, мы з мужам заўсёды ведалі. Не абгавораны быў толькі час, калі мы зробім гэты крок. І вось нашы двое дзетак падраслі: дачка пайшла ў школу, сын год ужо хадзіў у сад. Тады мы зноў сталі гаварыць пра ўсынаўленне. Чаго цягнуць? Раней дзеці былі малыя, а потым мы ўжо будзем старыя. Можна прыдумаць шмат прычын, з-за якіх мы так і не возьмем дзіця. А цяпер ёсць сілы і жаданне».
Дзяўчынка: «Мяне старэйшая сястра заўсёды палохала дзіцячым домам. Яна гаварыла, што гэта турма, толькі для дзяцей. І я ёй верыла. Не хачу ў турму! Буду рабіць усё, каб ніхто і не здагадаўся, што мае бацькі п'яніцы. Нікому не буду скардзіцца, не скажу, што галодная. Як тады не сказала маці, што мне вельмі холадна і я не адчуваю ні рук, ні ног... Стаяла з ёю на вакзале некалькі гадзін. Яна прадавала крадзенае піва, але першую выручку адразу ж прапіла, калі я пайшла пагрэцца на паўгадзіны ў метро. Нельга было пакідаць яе адну, нават, калі б я ўпала ад марозу. Малыя браты суткі амаль нічога не елі, трэба было што-небудзь ім прынесці»...
Першая сустрэча
Жанчына: «Я вельмі хвалявалася. Мы з мужам яшчэ не закончылі курсы для будучых усынавіцеляў, але нам прапанавалі пазнаёміцца з адной дзяўчынкай з дома малюткі. Гэта не значыць, што трэба ўзяць менавіта яе — проста паглядзець, а потым ужо вырашаць...
Каля дзвярэй у групу я зноў пакрыўдзілася на мужа, які адмовіўся са мной ехаць. Ён увогуле не мог уявіць сабе, як гэта — выбіраць дзіця... Дачку і сына мы не выбіралі — якія нарадзілася, тыя і нашы. І ў гэтым выпадку ён вырашыў, што выбіраць не будзе: каго прапануюць, таго і возьмем. Мне ж самой хацелася, каб гэта была дзяўчынка і ў яе былі карыя вочкі і светлыя валасы. Разам мы вырашылі толькі, што дзіцяці будзе не больш чым паўтара года.
Я стаяла на парозе і глядзела на пусты пакой з цацкамі. У грудзях грукатала. Дзверы спальні адчыніліся, і нянечка ўнесла маленькую заспаную дзяўчынку.
— Можа, возьмеце яе на рукі? — спытала мяне выхавацелька.
Мы сустрэліся з малой позіркамі, і дзяўчынка гучна заплакала.
— Не трэба, — адказала я.
Маё сэрца ўжо супакоілася. Яно не «ёкнула», калі я ўбачыла малую. Я заўважыла, што ў яе непрапарцыянальна вялікія шчокі. Яна не была прыгажуняй...
Дзіўна, што першая дзяўчынка, якую нам прапанавалі, была менавіта са светлымі валасамі і карымі вочкамі... Але мае пачуцці маўчалі. Я не адчувала ні радасці, ні смутку, ні сімпатыі, ні антыпатыі... Проста недзе вельмі глыбока ведала, што дзіця — маё».
Дзяўчынка:
«Нядаўна прыехала мая старэйшая сястра з радзільні. Я хвалявалася. Было вельмі цікава паглядзець на маленькага пляменніка. Я бачыла немаўлят, але гэта былі мае браты...
Маці з татам усё часцей сыходзяць з дому на некалькі дзён, а мне цяжка самой знайсці якую-небудзь ежу. Чаму ў нас усё так? Раней было добра. Я хадзіла ў дзіцячы садок з малодшым братам, мы не любілі зялёны гарошак і сасіскі, затое вельмі любілі мандарыны, Новы год і Дзеда Мароза, які прыносіў шмат цацак. Што стала з маімі бацькамі? Іх ужо не цікавіць, дзе мы і што ядзім. А раней за прагул у школе тата моцна лупіў сястру. Ён увогуле ўсіх б'е, але толькі калі нап'ецца. Цяпер ён кожны дзень п'яны.
Маці таксама выпісваюць з радзільні. Цяпер у мяне будзе чатыры малодшыя браты і маленькі пляменнік. Брата назвалі Дзіма, а пляменніка — Аляксандр. Калі сястра паказала мне Сашку, я адразу яго палюбіла. Ён смачна пах малаком і чысцінёй...»
Міліцыя
Жанчына: «Я яшчэ ніяк не магла ўсвядоміць, што ў нас ужо пяты дзень жыве Ангеліна. Яна амаль не звяртае на нас увагі. Скажу «хадзем есці» — ідзе, «спаць» — ідзе, «на гаршчок» — ідзе. На падрыхтоўчых курсах сказалі, што любоў прыйдзе праз некаторы час, калі мы з дзіцем станем блізкімі. А пакуль я толькі назірала за ёй, каб даведацца, якая яна — мая малеча.
У той дзень увечары ўсё ішло як звычайна. Сын быў у дзіцячым садку. Дачка толькі прыйшла са школы. Я з Ангелінай павячэрала і прапанавала ёй «пайсці на гаршчок». Але малая заматала галавой. Тады я ўсміхнулася, узяла яе за руку і павяла да прыбіральні. Калі ўключыла святло і адчыніла дзверы, Ангеліна раптоўна ўпала на падлогу і закрычала. Не заплакала, а менавіта закрычала. Я паспрабавала ўзяць яе на рукі і супакоіць, але малая стала біць, кусаць мяне і брыкацца. Праз некалькі хвілін у кватэру пазваніла суседка.
— Чаго ў вас дзіця так крычыць?
— Прабачце нас, калі ласка, — паспрабавала апраўдацца я. — У дзіцяці, напэўна, пачалася адаптацыя да нашай сям'і, мы забралі яе з дзіцячага дома...
— Сваіх нармальна выхаваць не можа, а чужое ўзяла! Я зараз міліцыю выклічу!
— Выклікайце! — адказала я і рэзка зачыніла дзверы.
У кватэры па-ранейшаму стаяў невыносны крык. Ангеліна, ужо бардовая ад плачу, ляжала на падлозе. Я села побач з ёй і... таксама разрыдалася.
Праз дваццаць хвілін мы абедзве супакоіліся. Малая гуляла з цацкамі, а я глядзела на яе і дзівілася... У мяне рукі трэсліся, а яна бегала, скакала, быццам бы не было гэтых 40 хвілін пекла.
Якраз тады і прыйшоў участковы. «Вось гэтае дзіця нарабіла столькі шуму?» — з цікаўнасцю разглядаючы Ангеліну, спытаў ён. І, сказаўшы некалькі слоў падтрымкі, пайшоў.
Дзяўчынка: «Мае бацькі не любілі і баяліся міліцыю. Гэтая непрыязнасць перадалася і нам, дзецям. Хаця да таго дня, асабіста я ніколі з ёй не сутыкалася. Жыццё ў апошнія пару месяцаў увогуле было невыносным. Я часта заставалася адна з дваімі немаўляткамі. Брат амаль не плакаў і не прасіў есці. А Сашка, пляменнік, захліпваўся ў рыданнях, ён увесь час хацеў малака!
У той вечар мне здавалася, што я хачу толькі спаць. Я была рада прыходу бацькоў: хай маці калыша і супакойвае Сашку. Але яна не калыхала, яна была такой, як заўсёды ў апошні час...
Раніцай я доўга ляжала ў ложку, накрыўшыся паліто з галавой. Не спала, проста не магла прымусіць сябе падысці да немаўлятак, бо ведала, што маленькі Сашка перастаў плакаць яшчэ ноччу. Ад гэтага было страшна. Нарэшце маці ўстала, падышла да малога і... закрычала.
Тады разам з міліцыяй прыйшлі нейкія жанчыны. Было непрыемна, што чужыя людзі ходзяць па нашай кватэры, гучна гавораць і нешта абмяркоўваюць. Двое маіх братоў, пяцігадовы і трохгадовы, туліліся да мяне. Але я сама адчувала сябе безабароннай. Нованароджанага Дзімку забрала «хуткая». Міліцыянер падышоў да мяне і сказаў, што па нас таксама прыедуць.
Пасля пахавання Сашкі зноў прыехала міліцыя. Па нас. Першы раз у жыцці я бачыла, як тата плача».
Адчай і... надзея
Жанчына: «Праз паўгода ў мяне не засталося ні эмоцый, ні сіл. Толькі пустата. З Ангелінай здараліся істэрыкі па некалькі разоў на дзень, а таксама ноччу. Яна крычала без перапынку па 30-40 хвілін. Цяжэй за ўсё было ноччу, калі ёй сніўся дрэнны сон ці яна не хацела спаць. Яна пачынала крычаць і будзіла ўсіх.
Мне здавалася, яна адкрыта мяне не любіць. Яна не давала сябе суцяшаць, лашчыць, не любіла, калі я спрабавала яе абняць. Яна перастала хадзіць на гаршчок зусім, давялося карыстацца памперсамі. Самае жахлівае, што з ёю ніяк не ўдавалася наладзіць хаця б нейкі кантакт. На ўсе мае просьбы яна адказвала крыкам або ўцякала. Яна ламала і псавала ўсё, што траплялася ёй у рукі. На вуліцы яна магла пайсці да чужога чалавека, але толькі не да мяне. Было і такое, што мінакі пыталіся, ці маё гэта дзіця.
Я расслаблялася толькі, калі яна засынала. Тады яна выглядала слабай, маленькай і адзінокай. Я глядзела на яе і плакала: ад таго, што яна мяне не любіць, ад таго, што нічога не магу змяніць, ад таго, што ў мяне не было больш сіл змагацца за тое, каб мы былі блізкімі і роднымі людзьмі.
Я ўспамінала, як мяне з братамі забралі ад бацькоў. Мяне адправілі ў школу-інтэрнат, малых — у дзіцячы дом. Я вельмі пакутавала ад разлукі, часта плакала па начах, калі ніхто не чуў і не бачыў. Мы былі патрэбны толькі адно аднаму, а дарослыя, якія раптам з'яўляліся ў нашым жыцці, так жа хутка знікалі.
Магчыма, тады я зразумела, што няма нічога больш каштоўнага, чым любоў. Я спрачалася да хрыпаты з людзьмі, якія гаварылі пра тое, што дзеці з інтэрната «цяжкія», не здольныя любіць, што ўвогуле чужых дзяцей палюбіць складана.
...Цяпер, калі ў мяне з'явілася Ангеліна, я раптам зразумела, што тыя людзі, магчыма, мелі рацыю!
Змянілася ўсё ноччу. У Ангеліны паднялася тэмпература да 40°С. Я ўзяла яе на рукі, паклала да сябе і дала лекі. Яна не працівілася, як звычайна, а знясілена ляжала.
...Як толькі тэмпература спала, малая прачнулася і, убачыўшы мяне, стала плакаць. Потым, хістаючыся, папаўзла ў свой ложак. Я разрыдалася. Так немагчыма жыць!
У тую ноч я ўспомніла Маленькага прынца Экзюперы, які змог прыручыць лісяня. І вырашыла, што паспрабую. Бо на той момант мне здавалася, што Ангеліна можа памерці, а я даведаюся пра гэта толькі раніцай, як тады мая маці пра Сашу...
Не ведаю, адкуль узяліся сілы. Я рабіла ўсё, як і раней, толькі вырашыла больш рухацца да яе. Напрыклад, калі яна крычала мне «дзі», не сыходзіла. Ад гэтага істэрыкі станавіліся даўжэйшымі, але я ўсё роўна заставалася з ёю ў пакоі. Нягледзячы на яе злое «дзі», была побач, калі яна засынала. Кожную раніцу прымушала сябе падыходзіць да яе ложка і з усмешкай вітацца. Хоць не заўсёды нават хацелася ўставаць, бо наперадзе быў доўгі дзень цяжкай барацьбы. Часам я не вытрымлівала і сыходзіла, але на наступны дзень пачынала «прыручаць» яе зноў.
Праз пару месяцаў істэрыкі пачалі адбывацца значна радзей. Не скажу, што гэта мяне радавала, я ўжо не спадзявалася на нашу ўзаемную любоў, хацелася толькі аднаго — мірна суіснаваць.
Мінуў амаль год. Аднойчы ноччу я прачнулася ад нарастаючай унутранай трывогі. Устала і пайшла да Ангеліны — і раптам пачула яе ціхі голас. Яна звала мяне! Ціха, амаль шэптам: «Мама, мама...» Я кінулася да яе. Тэмпература! Дала лекі, і паклала да сябе. І яна заснула, а я — не... Мне было так радасна. Я раптам адчула, што вельмі люблю яе — бясконца, кожнай сваёй клетачкай! Усю і ўсякую...
Яна больш не ўцякае ад мяне. У яе амаль няма істэрык. Яны пачынаюцца толькі тады, калі яна хварэе, ці калі змяняецца звыклае асяроддзе. Я ўжо ўпэўнена гавару: «Мая малодшая дачка».
Не ведаю, што будзе заўтра і якія ў нас будуць адносіны. Але са свайго боку зраблю ўсё, каб яна была шчаслівая. Гэта не значыць, што змагу пазбегнуць памылак, якіх ужо шмат нарабіла ў час адаптацыі, але мне хочацца верыць, што добрага будзе больш.
Я дакладна ведаю ступень унутранай радасці, калі маленькі чалавечак пытаецца: «Мама, ты любіш мяне?». І, пачуўшы адказ, бяжыць далей з крыкам: «І я цябе, мама, любууу!»
Запісала Наталля ТАЛІВІНСКАЯ.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.
«Нават калі б не было медаля, з Парыжа я б ехаў самым шчаслівым».
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?