Узнагароджаны пераможцы конкурсу на суісканне Прэміі ўрада за дасягненні ў галіне якасці 2013 года.
Учора ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу на суісканне Прэміі ўрада за дасягненні ў галіне якасці. За 15 гадоў лаўрэатамі сталі 189 арганізацый і прадпрыемстваў, паведаміў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка. Сёлета дыпломы атрымалі 13 прадпрыемстваў, якія ўпершыню сталі лаўрэатамі прэміі, 6 арганізацый — паўторна, а дзве — удастоены звання дыпламанта. «Яны крыху не дацягнулі, каб стаць лаўрэатамі, але мы палічылі патрэбным іх таксама адзначыць», — падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер.
Паляпшэнне якасці айчыннай прадукцыі і паслуг з'яўляецца адным з элементаў дзяржаўнай эканамічнай палітыкі. Уладзімір Сямашка ўпэўнены, што гандляваць на сусветным рынку цяпер можна толькі сапраўды якасным таварам. Тым больш што за апошнія 10 гадоў доля прамысловай вытворчасці Беларусі павялічылася ў 2,3 раза. Каля 65% айчыннага прадукту прадаецца за мяжу. Таму сёння барацьба за якасць стала патрабаваннем эканамічнага жыцця краіны.
У конкурсе традыцыйна ўдзельнічаюць прамысловыя прадпрыемствы, арганізацыі сферы паслуг, адукацыі, транспартнай галіны, будаўніцтва і энергетыкі. Прыкладна палова сёлетніх лаўрэатаў дзейнічае ў сферы паслуг, якая мае для нас вельмі важнае значэнне, бо яна працуе не толькі на карысць народа, але і стварае пэўны экспартны патэнцыял. У гэтым годзе мы павінны паставіць на экспарт прадукцыі і паслуг больш чым на 60 млрд долараў (на 9% больш за леташні аб'ём).
Гаворачы аб умовах правядзення конкурсу, Уладзімір Сямашка паведаміў, што яны распрацоўваліся з улікам вопыту правядзення такіх конкурсаў у краінах Еўрасаюза. Крытэрыі ацэнкі ўдзельнікаў адлюстроўваюць сусветныя тэндэнцыі. Гэта ў першую чаргу тычыцца канкурэнтаздольнасці тавараў па ўсіх параметрах. Улічваўся агульны ўзровень арганізацыі вытворчасці, дзе разглядаўся ў тым ліку аспект тэхнікі бяспекі і прамысловай санітарыі. Акрамя таго, пры падвядзенні вынікаў конкурсу ўпор рабіўся на нарошчванне прадпрыемствамі экспартнага патэнцыялу. Першы віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што ў перыяд інавацый айчынная эканоміка патрабуе ўкладання ў развіццё прамысловасці і бізнесу буйных інвестыцый. Толькі ў гэтым выпадку цяпер можна дасягнуць неабходных поспехаў пры прасоўванні беларускіх тавараў і паслуг за межы краіны. Гэта праца, на думку Уладзіміра Сямашкі, асабліва актуальная ў сувязі са стварэннем Мытнага саюза, уваходжаннем Беларусі ў АЭП і тым, што Расія, якая з'яўляецца асноўным рынкам збыту для нас, стала членам Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка паведаміў, што плануецца прыцягнуць да ўдзелу ў такім конкурсе прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу. Справа ў тым, што ўжо цяпер многія падобныя прадпрыемствы дэманструюць дастаткова высокія паказчыкі якасці і канкурэнцыі. Сёння камітэт імкнецца матываваць да ўдзелу ў конкурсе большую колькасць прадпрыемстваў. «Галоўнае, каб у краіне была не проста вялікая колькасць паспяховых прадпрыемстваў, але каб уся прамысловасць краіны займалася пытаннямі якасці. Такую задачу мы павінны вырашыць паўсюдна, практычна на любым прамысловым прадпрыемстве, пры арганізацыі сферы паслуг, будаўніцтве і гэтак далей», — лічыць кіраўнік Дзяржстандарта.
На цырымоніі таксама былі адзначаны нагрудным знакам «Лідар якасці» кіраўнікі шэрагу прадпрыемстваў, якія дасягнулі найвышэйшых вынікаў у галіне якасці прадукцыі (паслуг) і сістэмнага менеджменту, уручаны дыпломы пераможцам конкурсаў «Лепшы менеджар па якасці» і «Лепшая дыпломная і навукова-даследчая работа студэнтаў у галіне менеджменту і кантролю якасці» 2013 года.
Сяргей КУРКАЧ.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.