Напрыканцы мінулага года Гомельскі тлушчавы камбінат увёў у эксплуатацыю цэх рафінацыі, вінтэрызацыі і дэзадарацыі алею бесперапыннага дзеяння магутнасцю 140 тон у суткі. Тлушчавы камбінат спецыялізуецца наогул на вытворчасці маргарынаў, маянэзу, алею і мыла. Прадпрыемства, якое з'яўляецца самым буйным у краіне вытворцам алейна-тлушчавай прадукцыі, паслядоўна ажыццяўляе тэхнічнае пераўзбраенне.
— Летась мы рэалізавалі два інвестыцыйныя праекты: быў узведзены новы цэх рафінацыі алеяў і ўстаноўлена комплексная лінія вытворчасці туалетнага мыла, — расказвае першы намеснік дырэктара Гомельскага тлушчавага камбіната Таццяна ПАЛЯЙЧУК.
— Новы цэх рафінацыі аб'ядноўвае ўсе этапы вырабу алеяў. Абсталяванне замежнай вытворчасці дазваляе апрацоўваць любыя віды алеяў — сланечнікавы, рапсавы, аліўкавы і г.д. У асноўным нам даводзіцца набываць сыравіну ў Расіі і ва Украіне, аднак часткова мы выкарыстоўваем і айчынны сланечнік, а рапс, зразумела, увесь наш, бо вельмі добра расце ў нашым клімаце...
Яшчэ на пачатку 2000-х Гомельскі тлушчавы камбінат укараніў тэхналогію рафінацыі і дэзадарацыі рапсавага алею. Атрымаўся высакаякасны прадукт, які заслужыў ужо ўзнагароды на міжнародных выставах. Ступень апрацоўкі сыравіны вельмі высокая — гатовы бутыляваны прадукт не мае вялікай колькасці прымесяў (у рапсавым алеі іх вельмі шмат) і пры гэтым захоўвае ўсе каштоўныя якасці.
Рапсавы алей сёння шырока прадаецца і ўжываецца ў самых розных краінах свету, а ў некаторых краінах ён наогул лічыцца "каралём" усіх алеяў. А ўсё таму, што гэты алей збалансаваны, багаты на вітамін Е і асабліва на амега-3-кіслоты (дзве сталовыя лыжкі пакрываюць штодзённую норму), валодае нядрэннай тэрмаўстойлівасцю.
У новым цэху рафінацыі — чатыры секцыі. Кожная секцыя — гэта пэўны працэс вытворчасці, які ажыццяўляецца ў некалькі этапаў. Самае важнае на ўсіх гэтых этапах са складанымі тэхналагічнымі назвамі — выдаліць прымесі і воск, каб алеі былі чыстымі, як сляза.
І смачна, і з вітамінамі
Рапсавы алей "Жар-фритюр" змяшчае спецыяльную харчовую дабаўку-сумесь антыаксідантаў — токаферолаў (вітамін Е). Гэтая натуральная дабаўка не дазваляе алею награвацца звыш 175 градусаў, што перашкаджае ўтварэнню канцэрагенных рэчываў. Алей не пеніцца, не прыгарае. Да таго ж гатовы прадукт змяшчае менш калорый за кошт змяншэння паглынання ім тлушчу на 10 працэнтаў.
Гандлёвая марка "Полезное" падтрымлівае тэндэнцыі здаровага харчавання, робіць ежу не толькі смачнай, але і карыснай. Серыя алеяў і бутэрбродны прадукт "Полезный" змяшчае вітаміны А, Е, Д3 і незаменныя поліненасычаныя тлустыя кіслоты амега-3 і амега-9, што пацверджана РНПЦ гігіены.
Святлана БАРЫСЕНКА.
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.