Прадпрымальнікаў падтрымаюць даступнымі крэдытамі.
Вынікі работы Міншчыны па развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва прааналізаваны падчас выязной нарады-семінара ў Маладзечне з удзелам намесніка
Прэм'ер-міністра Беларусі Пятра Пракаповіча, намесніка старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына, прадстаўнікоў Мінскага абласнога і гарадскога выканкамаў, дзелавых колаў.
Удзельнікі нарады акрэслілі рэзервы і магчымасці прыватнага сектара, які займае чвэрць у эканоміцы краіны.
— У наступным годзе ўдзельная вага малога і сярэдняга бізнесу павінна быць не менш за 30%, а да 2020-га трэба выйсці на 50%. Гэта вельмі вялікі рост. Але ад яго залежыць будучыня Беларусі. Калі мы дасягнем такіх паказчыкаў, то зможам увайсці ў лік краін, што маюць высокі ўзровень эканамічнага развіцця, — падкрэсліў віцэ-прэм'ер. — Самае галоўнае — гэта работа на месцах. Большасць пытанняў трэба вырашаць у вобласці і раёнах па прынцыпе «аднаго акна», без бюракратыі, пры максімальных фінансавай, адміністрацыйнай і маральнай падтрымцы. Што тычыцца рашэнняў на ўзроўні рэспублікі, яны таксама вызначаны. Гэта, перш за ўсё, даступнасць крэдытных рэсурсаў.
Сапраўды, такая праблема існуе. У чым удзельнікі нарады пераканаліся яшчэ раз пры наведванні філіяла №1 СТАА «Белар-Дызайн», што ў Радашковічах. Прадпрыемства выпускае дэкаратыўную касметыку. Летась тут планавалі пабудаваць новую вытворчасць з запатрабаванай на рынку прадукцыяй. Але з-за немагчымасці атрымаць крэдыты справа затармазілася.
— І такіх прыкладаў у рэспубліцы вельмі шмат. Таму задача ўрада, Нацыянальнага банка ў бліжэйшы час зняць усе абмежаванні па крэдытаванні малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, — адзначыў Пётр Пракаповіч
. — Гэта вялікая работа, але мы павінны справіцца для таго, каб вырашыць галоўную задачу — паскорыць развіццё высокаэфектыўных прадпрыемстваў, якія павінны заняць вядучае месца ў эканоміцы краіны.
Пры гэтым намеснік Прэм'ер-міністра дадаў, што ў наступным годзе на Міншчыне даведзеныя паказчыкі павінны выканаць на 35%, паколькі гэта сталічная вобласць.
— У вас у параўнанні з іншымі рэгіёнамі лепшыя ўмовы для работы суб'ектаў прыватнага бізнесу, высокі кадравы патэнцыял, які трэба максімальна выкарыстоўваць.
У сталічным рэгіёне на пачатку года прадпрымальніцкую дзейнасць ажыццяўлялі больш чым 56 тыс. суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Летась прыватны сектар унёс значны ўклад у бюджэт вобласці — 5,6 трлн рублёў, што ў 4,6 раза больш, чым у 2012-м. Разам з тым у Крупскім, Любанскім, Салігорскім, Старадарожскім раёнах удзельная вага паступленняў да гэтага сектара нязначная.
— Часта вынікі развіцця канкрэтнага рэгіёна залежаць ад 1-2 валаўтваральных прадпрыемстваў. Напрыклад, летась 80% абласнога аб'ёму прамысловай прадукцыі выраблена ў 6 рэгіёнах: Салігорскім, Мінскім, Барысаўскім, Слуцкім, Маладзечанскім і горадзе Жодзіна, — канстатаваў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. — У сувязі з гэтым у мінулым годзе кожны раён атрымаў заданне па стварэнні новых вытворчасцяў. Такія ж планы даведзены да ўсіх і сёлета. Пры гэтым старшыні райвыканкамаў нясуць асабістую адказнасць за адкрыццё суб'ектаў, асноўнай дзейнасцю якіх з'яўляецца выпуск прамысловай прадукцыі.
Па словах Аляксандра Турчына, новыя вытворчасці дапамогуць вырашыць цэлы комплекс праблем малых гарадоў і населеных пунктаў: даць работу і заробак жыхарам, у тым ліку і моладзі, якая будзе ствараць сем'і, будаваць сваё жыллё, што значна паўплывае на дэмаграфічную сітуацыю. Як паказвае практыка, там, дзе створаны высокаэфектыўныя прадпрыемствы, людзі не ездзяць на працу ў Мінск, як раней.
Усяго ж летась у цэнтральным рэгіёне запрацавала больш як 200 новых прыватных прадпрыемстваў у прамысловасці, сферы гандлю і абслугоўвання. Разам з тым малы і сярэдні бізнес нераўнамерна асвойвае тэрыторыі. Найбольшым попытам карыстаюцца ўчасткі ў Мінскім раёне. Пакуль не вельмі ахвотна ідуць прыватнікі ў аддаленыя ад сталіцы раёны. Напрыклад, кошт плошчаў Барысаўскага прадпрыемства музычных інструментаў на аўкцыёне знізіўся да 12 млрд рублёў, але ахвотных іх выкупіць няма. Такая ж сітуацыя і на Слуцкім піўзаводзе.
Дарэчы, Маладзечанскі раён быў выбраны для правядзення нарады невыпадкова. Менавіта тут працуе нямала паспяховых і перспектыўных суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.
«Нават калі б не было медаля, з Парыжа я б ехаў самым шчаслівым».