Напярэдадні падпісання дагавора аб утварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза ўсё большую цікавасць уяўляюць прамыслова-гандлёвыя стасункі паміж дзяржавамі «мытнай тройкі» і аналіз рэальных магчымасцяў для паляпшэння супрацоўніцтва.
Патэнцыял рэгіёнаў Пры гэтым пытанні стратэгічнага характару, кшталту ліквідацыі выключэнняў і абмежаванняў у сістэме адзінай эканамічнай прасторы, стварэння буйных індустрыяльных холдынгаў, арганізацыі ваенна-прамысловай кааперацыі і інш., могуць і павінны рэгулявацца на міжурадавым узроўні, але шэраг іншых аспектаў адназначна павінен быць аднесены да кампетэнцыі рэгіёнаў. У такіх абставінах набываюць надзвычайную важнасць стасункі паміж мясцовымі ўладамі гарадоў і раёнаў, адносіны на ўзроўні адміністрацыі асобных прадпрыемстваў. Такія паняцці, як «дыпламатыя гарадоў», «рэгіянальная інтэграцыя», «рух пабрацімства», ва ўмовах стварэння еўразійскага праекта стануць больш актуальнымі. Безумоўна, будучы Еўразійскі саюз пройдзе тым шляхам, якім ужо крочыў праект Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, а сама Саюзная дзяржава павінна выпрацаваць новыя формы інтэграцыі, каб стаць прыкладам і эксперыментальнай пляцоўкай для еўразійскага збліжэння. Існуе неабходнасць будучай сур'ёзнай працы дыпламатаў і заканадаўцаў для таго, каб «падцягнуць» казахстанскіх партнёраў і іншых патэнцыяльных удзельнікаў еўразійскай ініцыятывы да ўзроўню ўжо існуючага беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Аднак вынік гэтай работы напрамую залежыць не толькі ад нарматворчай і дыпламатычнай актыўнасці, але і ад плёну практычнага прымянення новых нормаў і правілаў. Напрыклад, у межах Саюзнай дзяржавы падпісана больш за дзвесце дамоўленасцяў, пратаколаў, мемарандумаў, што рэгулююць двухбаковыя адносіны, а ў адной толькі Маскоўскай вобласці налічваецца каля 60 гарадоў, у якіх ёсць партнёры і пабрацімы на тэрыторыі Беларусі. Аднак якое якаснае вымярэнне маюць гэтыя дагаворы ў супрацоўніцтве рэгіёнаў? На думку Пасла Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандра Сурыкава, «патэнцыял для такога ўзаемадзеяння яшчэ далёка не рэалізаваны». Пазітыўныя вынікі — пакуль заслуга дзяржавы Тым не менш ужо дасягнутыя вынікі з'яўляюцца дастаткова высокімі, што яшчэ раз падкрэслівае неабходнасць далейшай увагі гэтаму кірунку. Сёння Беларусь — адзін з асноўных гандлёва-эканамічных партнёраў Расіі, і па выніках 2013 года тавараабарот між дзяржавамі склаў $39,72 млрд, пры гэтым беларускі экспарт — $16,83 млрд з ростам экспартных паказчыкаў на $520 млн да ўзроўню 2012 года. Такі вынік невялікай, у параўнанні з Расіяй, Рэспублікі Беларусь цалкам абвяргае заключэнні рознага кшталту «крытыкаў», што заяўляюць аб нібыта «несумяшчальнасці і несуадноснасці беларускай і расійскай эканомік» і па гэтай прычыне прапануюць ці то ўвогуле адмовіцца ад праектаў саюзнай інтэграцыі, ці то згадзіцца на загадзя нераўнапраўныя ўмовы прыняцця рашэнняў. Між тым відавочна, што львіная доля такіх пазітыўных вынікаў пакуль усё ж адносіцца не да эфекту міжрэгіянальнага супрацоўніцтва адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, а да развіцця сувязяў непасрэдна паміж Рэспублікай Беларусь і асобнымі расійскімі суб'ектамі. Нарматыўную базу міжрэгіянальных стасункаў Беларусі і Расіі складаюць 64 дагаворы аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве, што ахопліваюць 60 расійскіх рэгіёнаў. Большасць з гэтых пагадненняў (47 дакументаў) заключана беларускім бокам ад імя ўрада. Для вырашэння практычных пытанняў гандлёва-эканамічных задач на тэрыторыі РФ створана сетка з 11 аддзяленняў пасольства Рэспублікі Беларусь у рэгіёнах Расіі. Падобная дзяржаўная прысутнасць цалкам зразумелая з улікам спецыфікі беларускай эканомікі, дзе каля 70% дабаўленай вартасці прыходзіцца на дзяржсектар. Эканамічная лінія Беларусі ў Расіі з'яўляецца дастаткова эфектыўнай: у 2013 годзе Беларусь мела адносіны ўзаемнага гандлю з усімі 80 рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, з характэрным для большасці выпадкаў ростам асноўных гандлёва-эканамічных паказчыкаў. Асноўнымі партнёрамі нашай краіны сталі Масква, Санкт-Пецярбург, Татарстан, Башкартастан, Удмурція, Пермскі край, а таксама Бранская, Маскоўская, Смаленская і Цюменская вобласці. «Купі-прадай» — больш не аснова міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Але не толькі гандлёвыя паказчыкі прымаюцца за аснову міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. На першы план усё больш выходзяць сумесныя прамысловыя праекты на аснове кааперацыі беларускіх і расійскіх вытворцаў. Як слушна адзначыў кіраўнік аддзела Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў Смаленску Мікалай Куцко, «адносіны паміж рэгіёнамі даўно не будуюцца на прынцыпе «купі-прадай». Напрыклад, Смаленскі завод халадзільнікаў разам з беларускім МЗХ «Атлант» выпускае ўжо больш за 200000 халадзільнікаў штогод, а створанае ў Смаленску сумеснае прадпрыемства за тры гады сабрала больш за 7 тысяч трактароў МТЗ. «Дачка» «Гомсельмаша» ў горадзе Бранску мае вытворчасць аб'ёмам каля 2000 камбайнаў штогод, рэалізуе прадукцыю ў 60 рэгіёнаў РФ і атрымлівае камплектуючыя з больш чым 60 расійскіх прадпрыемстваў. Такія адносіны прамысловай кааперацыі ва ўмовах стварэння адзінай эканамічнай прасторы даюць падставу казаць не толькі аб інтарэсах непасрэдна беларускіх вытворцаў, але аб контурах узнікнення транснацыянальных карпарацый з прыцягненнем магчымасцяў і капіталу Беларусі, Расіі і Казахстана. Менавіта такія ТНК у розных галінах эканомікі павінны стаць асновай развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза, для чаго яшчэ больш мэтазгоднай выглядае актывізацыя міжрэгіянальных сувязяў. Рэгіянальная перспектыва Маючы добрыя вынікі на ўзроўні дзяржавы, Беларусь павінна актыўней развіваць кантакты з партнёрамі на мясцовым узроўні, у тым ліку ў сферы прыватнага сектара, дзейнасць якога не павінна зводзіцца выключна да спекуляцыйных адносін. Такія галіны, як лёгкая прамысловасць, перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, не могуць быць прадметам міжурадавага рэгулявання, аднак маюць важнае значэнне ў фармаванні побыту і складаюць індустрыяльны вобраз любой дзяржавы. У гэтым кірунку для «дыпламатыі гарадоў», працы міжрэгіянальных бізнес-асацыяцый і дзелавых саветаў застаецца шырокае поле магчымасцяў, якое патрэбна асвоіць з найбольшай карысцю.
Аляксандр Шпакоўскі.
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.