«Белавія» набывае новыя судны.
Учора быў падпісаны дагавор аб адкрыцці Банкам развіцця крэдытнай лініі авіякампаніі «Белавія» для пашырэння парку паветраных суднаў.
Прырост авіяперавозак — 11%
Крэдыт на 52 млн долараў даецца на 10 гадоў. Стаўка плывучая, але, па словах старшыні праўлення Банка развіцця Рэспублікі Беларусь Сяргея Румаса, у любым выпадку яе максімальны памер не перавысіць 9% гадавых. На гэтыя грошы будуць набыты два новыя самалёты Embraer-195 LR. Пастаўка першага судна запланавана на 30 красавіка 2014 года, другое прыляціць у Мінск прыкладна 10 мая. Самалёт прызначаны для перавозкі 107 пасажыраў у эканом-(96) і бізнес-класах (11). Такія судны могуць выконваць палёты на адлегласці да 4 тысяч км з максімальнай крэйсерскай хуткасцю 980 км/г. Між іншым, самалёты абсалютна новыя — адразу ад вытворцы.
Прагназуецца, што асноўным эфектам ад набыцця новых самалётаў будзе павелічэнне частаты палётаў на наяўных рэгулярных лініях і засваенне новых напрамкаў. Мяркуецца, што прырост авіяперавозак складзе 11%. Акрамя таго, набыццё паліваэфектыўных самалётаў будзе спрыяць зніжэнню расходу авіяпаліва на адзінку паветраных суднаў. Самалёты будуць выкарыстоўвацца на маршрутах у Франкфурт, Рым, Мілан, Маскву і іншых напрамках.
Два самалёты — толькі пачатак
Сяргей Румас лічыць, што для Банка развіцця гэта дастаткова буйны крэдыт. «Гэта першы для нас праект у сферы авіяперавозак, — заявіў ён. — Я сам вельмі часта карыстаюся паслугамі «Белавія». І як пасажыр, як грамадзянін Беларусі, вельмі рад абнаўленню парку самалётаў. Я спадзяюся, што прырост будзе яшчэ большым, а значыць, вырасце і выручка. Думаю, што гэта не апошняя здзелка. Мы ўважліва назіраем за грандыёзнымі планамі нацыянальнай авіякампаніі і спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва». Генеральны дырэктар авіякампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў таксама не супраць новых праектаў з удзелам Банка развіцця: «Гэта толькі першы этап абнаўлення парку. Другі этап — з кампаніяй Boeіng. Не пазней за чэрвень мы збіраемся падпісаць кантракт на набыццё новых Boeіng 737-800, якія значна пашыраць магчымасці авіякампаніі па засваенні новых рынкаў авіяперавозак».
--------
Ці будуць сёлета ажыццяўляцца авіяперавозкі паміж Мінскам і Сімферопалем? На гэта пытанне Анатоль Гусараў адказаў адназначна: не. «Мы маем магчымасць выканання рэйсаў у Крым, але попыт на гэты напрамак сёлета на працягу лютага-красавіка знізіўся, — тлумачыць кіраўнік авіякампаніі. — Многія адмовіліся ад забраніраваных білетаў. Таму было прынята рашэнне, што мы гэтым летам у Сімферопаль лятаць не будзем».
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, фота аўтара.
У цэнтры аказваюць паслугі па рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў усіх груп.
Пачынаць інвеставаць можна хоць з рубля, хоць з двух: так вы хоць бы зразумееце, як усё гэта працуе.