Яна стваралася літаральна на маіх вачах. У раённым кінатэатры сабраліся ўсе тыя, для каго неабыякавая спадчына роднага краю. На жаль, Слаўгарад з вялікай, багатай гісторыяй (ён на два гады старэйшы за Маскву) пакуль не мае нават музея, яго плануюць адкрыць сёлета. Але ініцыятыўныя людзі мясцовага фонду развіцця сельскіх тэрыторый «Адраджэнне-Агра» пры падтрымцы DVV Іnternatіonal (у межах праекта «Жывая гісторыя майго краю») зрабілі вялікую працу па вывучэнні асаблівасцяў кожнай слаўгарадскай вёсачкі.
Сабраны ўнікальны матэрыял, які датычыцца фальклору, народных промыслаў, прыродных помнікаў. А галоўнае, знойдзены людзі, якія захоўваюць усе гэтыя багацці і перадаюць свае веды нашчадкам. Ініцыятары стварэння своеасаблівага гістарычна-культурнага даведніка пазначылі іх месцы пражывання на карце «Жывая гісторыя Слаўгарадчыны» белым колерам. А яшчэ там з'явіліся зялёныя, жоўтыя, чырвоныя і блакітныя «маршруты». Але аб усім па парадку.
Я лічыла, што Слаўгарадчыну ведаю добра, нават з ходу магу пералічыць усе яе вядомыя далёка за межамі раёна славутасці — царква Нараджэння Багародзіцы ў самім райцэнтры, пабудаваная ў канцы ХVІІІ стагоддзя па загадзе князя Аляксандра Галіцына, мемарыяльны комплекс у Лясной, дзе адбылася знамянальная бітва рускіх са шведамі, і цудатворная Блакітная крыніца каля пахаванай пасля Чарнобыля ў 1990-я гады вёскі Кліны. Ёсць яшчэ некалькі цікавінак мясцовага значэння, але я не здагадвалася, што іх... так шмат! Вось так, штогод плануем з'ездзіць кудысьці за мяжу, паглядзець на тыя растыражыраваныя інтэрнэтам прыгажосці свету, а тое, што тут самы сапраўдны кландайк, дзе можна лічыць сябе першапраходцам, нават і не здагадваемся.
Ну хіба не цікава паглядзець на тую «Чыстую лужу», якая знаходзіцца паміж Шаламамі і Лясной: кажуць, калісьці яна была морам, але пасля праклёну ператварылася ў небяспечную дрыгву. Ці паспытаць вадзіцы з царскага калодзежа, які знаходзіцца ў вёсцы Бярозаўка (кажуць, сам Пётр І праганяў тут смагу). Дарэчы, не ведала, што ў Слаўгарадскім раёне, які «чорны палын» накрыў, здаецца, цалкам, ёсць чыстыя мясціны, дзе можна смела збіраць ягады і грыбы. У Хварасцянскім лесе, запэўніваюць, нават баравікі растуць не так, як усюды. Хаваюцца ў моху і падглядаюць за аматарамі ціхага палявання «адным вокам». Абавязкова трэба паглядзець і на той камень з крыжам, які ляжыць у аграгарадку Целяшы на месцы спаленай падчас вайны царквы.
Трэба было бачыць, з якім запалам распавядала Тамара Сазонава з Бярозаўкі пра сваё захапленне фальклорам. Яна знайшла такіх захавальніц народных спеваў, што нават знаўцы, якія прысутнічалі на прэзентацыі, былі здзіўлены.
А як было не ўразіцца слаўгарадскім пошукавікам Аляксандрам Халеявым, які некалькі гадоў таму стварыў віртуальны музей Слаўгарадскага раёна «Спадчына». Вельмі хацелася, каб багаты на гісторыю раён быў прадстаўлены ў сусветнай павуціне. Тут можна знайсці разнастайную інфармацыю, пачынаючы з далёкага мінулага, але ні на адным іншым сайце вы не пабачыце столькі падрабязнасцяў пра воінскія пахаванні. Іх на тэрыторыі Слаўгарадчыны болей за 100, і па кожным ёсць фота, схема размяшчэння і пашпарт з усімі звесткамі, у тым ліку колькасцю загінулых і нават іх прозвішчамі.
Асобная размова — слаўгарадскія сыравары. Традыцыю вырабу сыроў па старадаўніх рэцэптах у раёне адрадзілі некалькі гадоў таму. Цяпер слаўгарадскія сыры, якія прадаюцца пад брэндам «Клуб сыравараў «Сяльчанка», вядомыя далёка за межамі раёна. Тыя, хто аднойчы іх пакаштаваў, нават спецыяльна прыязджаюць па смакату ў Слаўгарад на рынак. Дарэчы, набірае абароты і сырны фэст, які стала традыцыяй адзначаць у райцэнтры 24 мая. Прыязджайце, не пашкадуеце.
Наогул свят на Слаўгарадчыне хапае. І сярод іх ёсць унікальныя. Напрыклад, 17 верасня ў Ліцягах адзначаюць дзень у гонар іконы «Неапалімая купіна». У гэты дзень 1943 года жыхары вёскі абышлі хрэсным ходам усе дамы, акрамя аднаго, які знаходзіўся на ўскрайку. Падчас вызвалення толькі ён і згарэў. Тое, што гэта сапраўдны цуд, можна пераканацца, азнаёміўшыся з гісторыяй раёна, які моцна пацярпеў ад знішчальных баёў.
Дзякуй усім, хто, нягледзячы на прагматычны час, імкнецца захаваць нешта для сваіх нашчадкаў. Уражвае, што на Слаўгарадчыне шмат хатніх музеяў, уладальнікі якіх збіраюць усё, што зможа папоўніць фонд будучага раённага музея. Таццяна Гурына нават прынесла на прэзентацыю некаторыя свае экспанаты, сярод якіх франтавыя трохвуголкі ды паштоўкі тых гадоў.
Прыемна, што цяпер знайсці неабыякавых людзей у Слаўгарадскім раёне будзе значна лягчэй. Пяць асноўных маршрутаў, якія пазнаёмяць з прыроднымі, культурнымі, гістарычнымі, воднымі багаццямі краю, а таксама цікавымі людзьмі, пазначаны на дарожнай карце-даведніку «Жывая гісторыя Слаўгарадчыны» рознакаляровымі стужкамі. Засталося прадумаць, як гэтым багаццем скарыстацца, і распрацаваць маркетынгавую стратэгію.
Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.