Удзельнікі цырымоніі спалучалі «Купалінку» і «Суліко», спявалі, стоячы на ружовых табурэтках, і танцавалі ў балетных пачках
Выбраць лепшых сёлета, як, зрэшты, і ў мінулыя гады, журы дзясятага Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня» было няпроста: у творчым спаборніцтве ўдзельнічала 238 заявак як ад буйных медыяхолдынгаў, так і ад рэгіянальных тэлекампаній. З іх было адабрана 76 намінантаў — на 25 прызавых месцаў. Усе гэтыя работы выйшлі ў эфір цягам мінулага года і ўжо былі ацэнены гледачамі, цяпер жа атрымалі ацэнкі (дарэчы, вельмі высокія) ад прафесіяналаў. Прынамсі, як адзначыў міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі, большасцю работ іх аўтары могуць заслужана ганарыцца, бо яны выкананы на ўзроўні сусветнага тэлебачання. А сам конкурс, паводле слоў міністра, «падштурхоўвае да развіцця і з'яўляецца пляцоўкай для пошуку талентаў і пашырэння інфармацыйнай прасторы».
Наогул жа, за 10 гадоў, што існуе «Тэлевяршыня», яе лаўрэатамі і ўладальнікамі адмысловых статуэтак сталі больш як 200 тэлевядучых, рэжысёраў, сцэнарыстаў, аператараў, прадзюсараў — тых спецыялістаў, што робяць сучаснае беларускае тэлебачанне.
Юбілейную цырымонію яе арганізатары — тэлеканал АНТ — вырашылі зрабіць гэткім мостам дружбы, які злучыў сучаснасць і будучыню, сцэну і залу, а таксама самых розных людзей: вядучых цэнтральных і рэгіянальных каналаў, «зорак» экрана і спорту, прафесіяналаў, якія працуюць у кадры і за кадрам. І гэта, трэба сказаць, атрымалася на сто працэнтаў. Атмасфера цырымоніі, насычаная сюрпрызамі і жартамі, была ці не гэткай жа нефармальнай і лёгкай, як на апошнім «Оскары», а ўсе вядучыя абышліся практычна без пафасу, затое з вялікай доляй гумару і самаіроніі. Выйшла суцэльнае вялікае свята — імклівае, насычанае, з абавязковай закручанай інтрыгай, з прыгожымі людзьмі ў шыкоўных уборах, з кранальнымі прамовамі, з захапляльнымі інтэрмедыямі і забаўнымі музычнымі нумарамі.
Сёлета ўзнагароды «Тэлевяршыні» прысуджаліся ў 25-ці намінацыях. Але прызавых статуэтак, у прамым сэнсе каштоўных і важкіх
(39-сантыметровая фігурка з бронзы, упрыгожаная штучным дыяментам, важыць 1,5 кг), атрымалася больш. Па-першае, у дзвюх намінацыях — «Лепшая тэматычная праграма» і Гран-пры «Тэлепраект года» — аказалася па 2 пераможцы: «Арсенал» (тэлекампанія «Ваен-ТБ») і «Вяртанне ў Хатынь» (МДТРК «Мір»), а таксама фінальнае шоу конкурсу Mіss Suрrаnаtіоnаl-2013» (АНТ) і другі сезон «Спяваючыя гарады» (СТБ) адпаведна. А па-другое, акрамя загадзя вызначаных намінацый, па традыцыі было ўручана некалькі спецыяльных прызоў журы: за сацыяльную праграму «У вас будзе дзіця» (АНТ), дзякуючы якой ужо 45 выхаванцаў дзіцячых дамоў знайшлі новыя сем'і; за стварэнне і арганізацыю працы спартыўнага тэлеканала («Беларусь-5», Белтэлерадыёкампанія) і за ўклад у развіццё айчыннага тэлебачання (Міністэрства сувязі і інфарматызацыі РБ).
Магчыма, адзіным расчараваннем (прынамсі, нашым асабістым) у цырымоніі стала тое, што ніводзін з вядучых і членаў журы не выступіў па-беларуску. Нават з лаўрэатаў адзначыліся ў гэтым плане толькі два чалавекі — вядучы АТН Міхась Равуцкі, які атрымаў прыз за лепшую асветніцкую праграму («Нацыянальная трылогія», Белтэлерадыёкампанія) і лепшая вядучая рэгіянальнага тэлебачання Вераніка Тарасюк (рубрыка «Ваколіца», ТРК «Брэст»).
Адной жа з прыемных нечаканасцяў стала ўпэўненае ўмяшанне ў спрэчку паміж цэнтральнымі «кітамі медыя» рэгіянальных каналаў — у прыватнасці, прадстаўнікі Магілёва і Брэста не толькі склалі годную канкурэнцыю сталічным калегам, але дзе-нідзе і абышлі іх. Так, дакументальны фільм ТРК «Магілёў» «Верасень 1943-га. Недзіцячы дзённік», прысвечаны пачатку вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прэтэндаваў на перамогу ў 4-х намінацыях, а ў дзвюх стаў першым: «Лепшы праект рэгіянальнага тэлебачання» (гэты прыз вядучыя трапна параўналі з малым хрустальным глобусам «Тэлевяршыні». — Аўт.) і «Лепшы рэжысёр». «Падчас работы я для сябе зрабіў некалькі адкрыццяў і пераканаўся, што факты, напісаныя ў падручніках — гэта адна гісторыя; адлюстраваная ў творах мастацкай літаратуры — другая, але лепш за ўсё запамінаецца і ўражвае тая гісторыя, якую расказваюць удзельнікі тых падзей, нашы бабулі і дзядулі, бо яна напоўнена жывымі эмоцыямі, — прызнаўся крыху пазней узрушаны рэжысёр Андрэй Пачалаў. — Разам з творчай групай большасць мінулага лета мы правялі ў акопах і, спадзяюся, змаглі перадаць гледачам той настрой і тыя ўражанні, якія адчувалі ўдзельнікі тых вызваленчых падзей».
Купаліся ў прамянях славы і прадстаўнікі «Ваен-ТБ», якія падышлі да 20-годдзя тэлекампаніі з дзвюма «Тэлевяршынямі» — за лепшую тэматычную праграму і за лепшую сацыяльную рэкламу (маладая каманда зрабіла з прызыўной кампаніі-2013 якасны міні-блокбастар!).
Але галоўная барацьба звыкла разгарнулася паміж вядучымі тэлеканаламі краіны. У выніку ў неафіцыйным «медальным рэйтынгу» лідарства захапіў тэлеканал АНТ, у якога 9 узнагарод, далей ідуць Белтэлерадыёкампанія, у якой 7 прызавых статуэтак, і «Сталічнае тэлебачанне» з 5 узнагародамі.
І ўсё ж, нават ведаючы гэты расклад, тэлеверсію цырымоніі, якую пакажа сёння ўвечары АНТ, паглядзець варта. Дзе яшчэ вы ўбачыце «віруснае відэа» з Саладухам, чаргу на абдымкі з алімпійскімі чэмпіёнамі і эпатажны выхад мужчыны ў спадніцы; пачуеце адначасова «Купалінку» і «Суліко», паслухаеце арыю Містара Ікс у выкананні тэлевядучых і даведаецеся, у каго з вядучых здарылася раздваенне асобы і якія першыя словы гавораць дзеці тэлевізійнікаў?
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Фота Надзеі БУЖАН
У цэнтры аказваюць паслугі па рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў усіх груп.
Пачынаць інвеставаць можна хоць з рубля, хоць з двух: так вы хоць бы зразумееце, як усё гэта працуе.