Вы тут

“А Евангеліе прачытай са страхам і заміраннем…”


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 18.04.14 г.

__________________________________________________________________________

Сёлета спаўняецца 440 гадоў друкарнi Мамонiчаў, якая мела важнае грамадскае i культурнае значэнне ў жыццi Беларусi апошняй чвэрцi XVI — першай чвэрцi XVII стагоддзя. Друкарня, якую арганізаваў Пётр Мсціславец на сродкi шляхцiцаў Зарэцкiх, знаходзілася ў доме заможных віленскіх гараджан братоў Лукі і Кузьмы Мамонічаў, а пазней — у доме іх спадчынніка Лявона, сына Кузьмы. Манапалiзаваўшы выпуск i продаж кнiг, друкарня, па сутнасцi, выконвала функцыi “дзяржаўнага выдавецтва”. Яе прадукцыя разыходзiлася не толькi па Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, але i сярод суседнiх усходнiх i паўднёваславянскiх народаў.

МАМОНІЧЫ

У аддзеле рэдкiх кнiг i рукапiсаў Цэнтральнай навуковай бiблiятэкi імя Якуба Коласа НАН Беларусi захоўваецца 11 экзэмпляраў сямi выданняў друкарні Мамонічаў.

У 1575 г. выйшла ў свет першая кніга — Евангелле напрастольнае, напісаная на царкоўнаславянскай мове. У пасляслоўi да яе Пётр Мсцiславец пiсаў, што сумняваўся ў сваiх сiлах, “бояхся начати” друкаваць “сию святую кнiгу”, але “аще и един талант вверен будет кто, не ленитися подобает, но прилежно делати”. Сапраўды, Евангелле атрымалася арыгiнальным i прыгожым, стала ўзорам для наступных выданняў. У 1576 г. выйшаў так званы Псалтыр з чырвонымi кропкамi. Абодва гэтыя выданнi Пятра Мсцiслаўца надрукаваны буйным прыгожым шрыфтам на якаснай паперы з шырокiмi палямi. Застаўкi падобныя да заставак Iвана Фёдарава, толькi выкананыя чорным штрыхом на белым фоне, што нагадвае беларускi народны арнамент. З элементамi беларускiх мiнiяцюр, хаця i ў заходнееўрапейскiм стылi, выкананы і гравюры-ілюстрацыі з выявамi Мацвея, Марка, Лукi, Iаана. Дарэчы, гэта першыя вобразы евангелiстаў у беларускiх старадруках.

Цікавым

падаецца асобнік Псалтыра 1576 г., які захоўваецца ў фондзе ЦНБ НАН Беларусi. Раней кнiга знаходзілася ў бiблiятэцы Маскоўскай духоўнай акадэмii, а да гэтага — у Маскоўскай сiнадальнай бiблiятэцы, пра што сведчаць штамп i ярлык на асобнiку. Дарэчы, экзэмпляр не захаваўся цалкам. Да нас ён дайшоў у такiм выглядзе: пачатак i канец рукапiсныя, а ў сярэдзiне кнiгi — фрагменты арыгiнальнага тэксту, наклееныя на паперу больш позняга часу. Замест гравюры “Цар Давiд”, якая не захавалася, прыплецена мiнiяцюра на той жа сюжэт, намаляваная чорнай тушшу і акварэльнымі фарбамі. Выява на мініяцюры нагадвае вобраз легендарнага аўтара псалмоў з ілюстрацыі Пятра Мсціслаўца, але выканана яна ў спрошчанай форме. Цар Давід тут больш падобны да цара з народных казак.

Евангелле напрастольнае1575 г. прадстаўлена ў кнiгазборы акадэмічнай бібліятэкі двума экзэмплярамi. У адным захавалiся ўсе гравюры, у другiм страчаная гравюра з выявай Iаана. На апошнiм асобнiку стаiць штамп: “Собственное собрание старопечатных и рукописных книг Стефана Фёдоровича Севастьянова”. Патомныя стараабраднікі Стэфан Севасцьянаў (1872 — 1944) і яго сын Міхаіл (1928 — 2006) жылі ў Растове-на-Доне, былі знаўцамі і калекцыянерамі старадрукаваных і рукапісных кніг. Некаторыя выданні з іх значнага кнігазбору ЦНБ НАН Беларусі набыла ў 1973 — 1992 гг. у Міхаіла Севасцьянава.

Пасля выдання Евангелля, Часаслоўца i Псалтыра Пётр Мсцiславец быў вымушаны пакiнуць друкарню. Ён застаўся ў гiсторыi нацыянальнай культуры як таленавiты майстар, стваральнiк самабытнай школы гравюры.

Кузьма i Лука Мамонiчы былi спрытнымi прадпрымальнiкамi, iх вельмi цiкавiў збыт кнiг. Дзякуючы сваёй умелай “палiтыцы” яны неаднаразова атрымлiвалi каралеўскiя прывiлеi на права выпускаць рэлiгiйныя i свецкiя выданнi, прадаваць iх унутры краiны i бяспошлiнна вывозiць за мяжу. Але найбольш значным у дзейнасцi Мамонiчаў было друкаванне важкiх дзяржаўных дакументаў: Трыбунала 1586 г. i Статута Вялiкага Княства Лiтоўскага (1-е выданне — 1588 г.).

У кнiгазборы ЦНБ НАН Беларусi знаходзiцца польскамоўнае перавыданне Статута 1619 г. У iм змешчаны дзве арыгiнальныя гравюры: схема генеалагiчнага дрэва чалавека i выява, магчыма, Люблінскага сейма (захаваўся толькi фрагмент), дарэчы, гэта адна з першых кнiжных гравюр на гiстарычную тэму. На асобнiку знаходзiцца штамп: “Bibliotheque S. M. Goldstein. St. Peterbourg”. Сальвiян Маўрыкiевiч Гальдштэйн з 1888 г. выкладаў у Iмператарскiм археалагiчным iнстытуце, быў скарбным яўрэйскага гiсторыка-этнаграфiчнага таварыства, супрацоўнiчаў у Яўрэйскай энцыклапедыi i ўсё жыццё збiраў кнiгi. У 1926 г. яго кнiгазбор набыла Беларуская дзяржаўная бiблiятэка (цяпер Нацыянальная бiблiятэка Рэспублікі Беларусь), пэўна, там Statut знаходзiўся да вайны. Як вядома, у час акупацыi Мiнска частка кніг з дзяржаўных бiблiятэк была вывезена ў Германiю, а па заканчэннi вайны некаторыя з іх былі вернуты. Тады, вiдаць, асобнiк трапiў у запаснiкi Урадавай бiблiятэкi БССР (цяпер Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь), а пазней разам з iншымi кнiгамi быў перададзены аддзелу рэдкiх кнiг i рукапiсаў Цэнтральнай навуковай бiблiятэкi НАН Беларусi.

З 1582 па 1601 гг. друкарня Мамонiчаў ужо не мела такiх выдатных майстроў, як П. Мсцiславец, таму якасць выданняў пайшла на спад. Гэты перыяд у калекцыi акадэмічнай бібліятэкі прадстаўлены выданнямі Евангелля вучыцельнага 1595 г., Апостала (3-е выд.) пасля 1595 г. і Евангелля напрастольнага 1600 г.

Евангелле вучыцельнае 1595 г. уяўляе сабой перадрук Заблудаўскага Евангелля 1569 г., ад якога адрознiваецца толькi тытульным аркушам i прадмовай. Icнуе два выданні Евангелля 1595 г. (адно з нумарацыяй аркушаў, другое — без), абодва ёсць у кнiгазборы бібліятэкі. Як вядома, амаль ва ўсiх экзэмплярах Евангелля 1595 г. былi знiшчаны аркушы з тытулам i прадмовай, што рабiлася для таго, каб выдаць гэтую кнігу за больш ранняе Заблудаўскае Евангелле 1569 г. У нашых асобнiках першыя аркушы таксама адсутнiчаюць.

Разам з Евангеллем i Псалтыром вялiкай папулярнасцю ў хрысцiян карыстаўся Апостал. Яго ў 1590-я гады Мамонiчы выдавалi тры разы. У кнiгазборы ЦНБ НАН Беларусi захоўваюцца два экзэмпляры трэцяга выдання. Асобнiкi вылучаюцца разнастайнымi арнаментальнымi ўпрыгожваннямi: застаўкi iдуць амаль адна за адной, на асобных аркушах змешчана па дзве плеценыя канцоўкi (гэта апрача iнiцыялаў i iнш.). На апошнiм аркушы кнiгi павiнен быў змяшчацца тэкст каралеўскага прывiлея (“Апостал з прывiлеем”). На жаль, у нашых асобнiках прывiлей не захаваўся.

У 1600 г. (у лiпенi i ў жнiўнi) Мамонiчы ў чарговы раз выдалi Евангелле напрастольнае, да якога былi зроблены копii з гравюр Пятра Мсцiслаўца. У калекцыі бібліятэкі знаходзiцца жнiвеньскае, так званае Евангелле з сiгнатурамi. Напрыканцы iснавання друкарнi, ўжо пры Лявону Мамонiчу, былi надрукаваны Трыёдзь каляровая i Трыёдзь посная 1609 г., якiя прызначалiся на продаж у Маскву. Два экзэмпляры Трыёдзi поснай захоўваюцца ў бiблiятэцы ЦНБ НАН Беларусі. Гэта перадрук маскоўскай Трыёдзi 1589 г., аднак у iм адсутнiчаюць “Жыцiе Марыi Егiпецкай” i “Аповесць аб нашэсцi персаў на Царград”. У адным з экзэмпляраў нейкi “Константин Кирьяков” (вiдавочна, стараабрадзец) не згадзiўся з такiм няпоўным варыянтам i ўласнаручна ўпiсаў важкiя для яго раздзелы, аздобiўшы тэкст сваiмi немудрагелiстымi застаўкамi i канцоўкамi.

Да апошняга перыяду дзейнасці друкарнi адносiцца i польскамоўнае перавыданне Статута1619 г. З другой паловы 20-х гадоў XVII стагоддзя друкарня пераходзiць да базыльян.

Узгаданыя кнiгi дайшлi да нас у пераплётах больш позняга часу, бо нумарацыя i ранейшыя рукапiсныя запiсы на iх часткова зрэзаныя. Каштоўную iнфармацыю паведамляюць рукапiсныя запiсы, пакiнутыя на кніжных старонках. Яны захавалi iмёны былых уладальнiкаў i чытачоў, якiя жылi ў XVII — XIX стст. Некаторыя кнiгi пераходзiлi ад аднаго ўладальнiка да другога i падпiсвалiся некалькi разоў. Самая вялiкая колькасць запiсаў зроблена на Апостале.

Старадрукi перадавалi дзецям у якасцi бацькоўскага блаславення: “Отеческое благословение Агапита Бусуркина книгою, книга Триоть постная принадлежит Ефиму Бусуркину. 1864”. Кнiгi ўкладалi ў царкву для адпушчэння грахоў i памiнання, такiм чынам уладальнiкi кнiг клапацiлiся пра сваю душу: “Слезно вас, братия моя возлюбленная, прошу... помянуть... раба божия Михаила”. На іх старонках указвалi даты нараджэння i смерцi сваякоў: “Переставилась раба божая Наталья Кондратьевна месеца марта во 2-рыи день 1845 года”. Пра кошт выданняў паведамляюць наступныя запiсы: “Сея книга стоит 26 руб”; ”Сия книга... куплена за золотых десять...”.

Нарэшце, пра вялiкую духоўную каштоўнасць кнiгi i вялiкай значнасцi чытання Свяшчэннага пiсання сведчыць заключны наказ ва ўкладным запісе канца XVI— пачатку XVII ст.: “А Евангелие сие прочитай со страхом и с трепетом, и с великим брежением, як пред самым Христом и Богом предстоиш».

17 красавіка ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстаўка “Надрукавана ў доме Мамонічаў”, дзе дэманструюцца кнігі з фондаў дзвюх буйнейшых бібліятэк дзяржавы — НББ і ЦНБ НАН Беларусі. Экзэмпляры акадэмічнай бібліятэкі можна пабачыць і на віртуальнай выстаўцы “К 440-летию типографии Мамоничей”, прадстаўленай на сайце бібліятэкі: libarts.basnet.by.

Алена ЦІТАВЕЦ

Ілюстрацыя: Евангелле напрастольнае. Вільня, 1575 г.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Месца для працавітых і смелых.

Грамадства

Знізіць аварыйнасць і траўматызм

Знізіць аварыйнасць і траўматызм

Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?